А ў дадатак — скандал?

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У кінатэатры ідзе адзін з найвыбітных фільмаў сусветнага кінематографа. Частка гледачоў уважліва ўзіраецца ў экран, баючыся згубіць сэнсавую нітку і парушыць эмацыйную сувязь з тым, што адбываецца на экране. Другая частка аўдыторыі — гамоніць ды нават смяецца, перашкаджаючы іншым засяродзіцца на фільме.

Мяркую, кожны з нас бываў у падобнай сітуацыі. Спадзяюся, менавіта ў якасці тых, хто пакутуе ад шумных суседзяў. Мне давялося сутыкнуцца з ёю на нядаўнім паказе адрэстаўраванай версіі “Ідзі і глядзі” Элема Клімава, якая дэманстравалася ў сталічным Доме кіно. Цудоўная ініцыятыва, на маю думку, была сапсаваная фарматам знаёмага ўсім культпаходу.

На значную кінападзею запрасілі школьнікаў. Менавіта іх паводзіны і зрабілі сеанс у пэўным сэнсе запамінальным. Хтосьці збег пасля першых кадраў, камусьці было цяжка глядзець фільм, сёй-той нават смяяўся падчас сцэн, якія прадугледжвалі, здаецца, зусім іншую рэакцыю. Дзеля справядлівасці адзначу, што сярод падлеткаў, юнакоў і дзяўчат былі і тыя, хто ўразіўся ўбачаным ды нават заплакаў. Магчыма, дзеля гэтых нямногіх і варта было ладзіць культпаход на такі паказ. Але… па шчырасці, я так не думаю.

Мне здаецца, фармат “культпахода ў (кіна)тэатр” даўно састарэў. І праблема тут — менавіта ў абязалаўцы. Хочаш ці не хочаш, падабаецца карціна ці не падабаецца, — усе ідуць і ты ідзеш. А ў выніку — згублены час, грошы і страчаныя нервы тваіх суседзяў па зале. Тых, хто прыйшоў свядома. Прычым збоі “культпаход” усё часцей дае на паказах тых стужак, якія вымагаюць ад настаўніка падрыхтоўкі аўдыторыі і ўвогуле ўсведамлення таго, на які фільм ён вядзе клас ці групу.

Так, у 2016 годзе ў кінатэатры “Піянер” быў сарваны сеанс фестывальнай карціны “Брамнік” бельгійскага рэжысёра Гіёма Сенеса ў рамках конкурсу фільмаў для дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі “Лістападзік”. Узроставае абмежаванне 14+ было не заўважана педагогамі, і ў выніку стужка, якая закранае праблему ранняй цяжарнасці, ужо непасрэдна ў кіназале падалася ім занадта амаральнай. І сапраўды, на той сеанс прывялі гурбой… пяцікласнікаў! Паказ быў спынены і супрацоўнікаў кінатэатра прымусілі запусціць мультфільм, які ў той час ішоў у пракаце.

Якое кіно? Які спектакль? На жаль, гэтыя істотныя рэчы ў фармаце планавага культмерапрыемства ўсё часцей адыходзяць на другі план перад выключна арганізацыйнымі момантамі. У выніку, на той жа “Лістападзік” зацікаўленыя бацькі не могуць набыць квіткі, бо яны размеркаваныя і разабраныя школамі. А шкаляры, якіх масава вядуць на сеанс, часам нават не разумеюць, на што патрапілі. Пасля некалькіх хвілін “незразумелага” кіно, яны без ваганняў “утыркаюцца” ў свае мабільныя тэлефоны.

І што маем у выніку? Намаганні арганізатараў імпрэзаў, якія біліся за ўнікальны паказ ці нацыянальную прэм’еру — знівіліраваныя. Задавальнне ад прагляду выбітнай карціны — сапсаванае. Усведамленне школьнікамі ўбачанай карціны — сумнеўнае. Ні сабе, як гаворыцца, ні людзям. Ды яшчэ раз-пораз і скандал у дадатак.

Дык якое ж выйсце? Уважлівая праца з дзецьмі. Іх падрытоўка да складанай, але важнай карціны. Пасля паказу — сумеснае абмеркаванне з дарослымі. Я памятую, якімі каштоўнымі для мяне былі размовы з бацькамі пра ўбачаныя спектаклі і кінастужкі. Менавіта сумесны выбар кіно ці тэатральнай пастаноўкі заахвочвае дзяцей быць актыўнымі гледачамі. І калі падтрымаць іх цікавасць і развіць крытычнае мысленне — напэўна, такім чынам і нараджаецца той чулы глядач, аб якім марыць кожны творца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"