Як можна навучыць Памяці

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

75-я гадавіна трагедыі ў Хатыні стала нагодай для цэлага шэрагу мемарыяльных падзей. У іх ліку — кінапаказы, канцэрт-рэквіем у Белдзяржфілармоніі, прэзентацыя кнігі дырэктара Мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артура Зельскага. Але асаблівую ўвагу, на маю думку, варта звярнуць на міжнародны форум “Чалавечнасць у гады бесчалавечнасці. Захаванне памяці пра ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны ў савецкі і постсавецкі час: гістарычны, адукацыйны і сацыяльна-культурны кантэкст”, арганізаваны Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” супольна з Мемарыяльным комплексам “Хатынь” пры падтрымцы германскага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня” і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. І справа не столькі ў маштабах мерапрыемства, удзел у якім узялі прадстаўнікі шасці краін. Справа найперш у яго надзвычайнай актуальнасці для грамадства — сённяшняга і будучага.

/i/content/pi/cult/685/15077/17.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

“Адчыніць для іх дзверы”

Пры наяўнасці патрэбнага фінансавання заўжды можна правесці вялікую навуковую імпрэзу “на тэму” з запрошанымі VIP-гасцямі. Але ў Міжнародным грамадскім аб’яднанні “Узаемапаразуменне” вырашылі зрабіць інакш і арганізаваць адукацыйную праграму з разлікам на канкрэтныя вынікі.

— Пампезныя навуковыя форумы вымагаюць шмат грошай, але не заўсёды прыносяць плён.   Наша арганізацыя працуе з ахвярамі нацызму, з былымі вязнямі канцэнтрацыйных лагераў, і мы прыйшлі да высновы, што вельмі важны складнік іх жыцця — гэта ўключанасць у сацыяльныя працэсы, — падкрэсліла старшыня праўлення аб’яднання Анжаліка Аношка. — Наша справа — стварыць для гэтага ўмовы.

Як адзначае спадарыня Анжаліка, гэта робіцца праз праграмы арганізацыі, адна з якіх — “Месца сустрэчы: дыялог”. Цягам некалькіх гадоў праводзіліся інтэрв’ю з былымі вязнямі канцлагераў з мэтай перадачы іх досведу маладым людзям.

— Тыя ўрокі мужнасці, якія цяпер праходзяць у школах, фактычна не змяніліся з тых часоў, калі ў школе навучалася і я сама, — мяркуе суразмоўца. — На жаль, вельмі часта такія ўрокі мала чаго даюць. Калі дзеці бачаць, што настаўнік толькі адбывае “павіннасць”, то які інтарэс у іх можа ўзнікнуць? Яны сядзяць і сумуюць.

Як паказвае практыка, нават не кожны ветэран здатны без адмысловай падрыхтоўкі данесці дзецям свае веды і ўспрыняццё вайны — ды яшчэ так, каб зачапіць іх сваім расповедам за жывое. Зразумела, гэта можа і далёка не кожны настаўнік — часта сам учарашні вучань. Таму патрэбныя новыя адукацыйныя праграмы і методыкі.

/i/content/pi/cult/685/15077/18.JPG— Мне падаецца, што вельмі важна мяняць фармат размовы з маладымі людзьмі, — кажа Анжаліка Аношка.

У той самы час, суразмоўца зусім не сумняваецца ў эфектыўнасці традыцыйных сустрэч з ветэранамі. Але дадае, што маладая аўдыторыя павінна быць падрыхтаванай да такой размовы. Па яе словах, цікавіцца лёсамі сталых людзей трэба не тады, калі наступае адпаведная дата, а тады, калі ў іх з маладымі людзьмі з’явяцца агульныя каштоўнасці.

Таму неабходна выбудоўваць агульную платформу ў працы з гістарычнай памяццю ў маладых і больш сталых людзей. Як адзначыла спадарыня Анжаліка, памылка існай сістэмы работы з гістарычнай памяццю ў тым, што маладых людзей спрабуюць “уцягваць” у яе, навучаць іх чамусьці, неяк на іх уздзейнічаць. Але гэта — прынцыпова няправільны падыход. Наадварот, трэба адчыніць для моладзі дзверы — і яна сама навучыцца.

Патлумачыць, “нашто гэта трэба”

Шэраг секцый форума быў прысвечаны менавіта рабоце з дзецьмі. І гэта невыпадкова, бо праблема гістарычнай памяці найбольш востра праяўляецца праз брак яе трансляцыі маладой генерацыі. Як адзначыла выкладчыца з Віцебска Ганна Жукава, школьнікі часта не зусім разумеюць, навошта гэта патрэбна — памятаць пра нястачы вайны, Халакост, цяжкасці партызанскага змагання, забойствы ні ў чым не вінаватых людзей і спаленні цэлых вёсак. Маўляў, чаму б проста не жыць сённяшнім днём?

Як жа дастукацца да іх сэрцаў і розумаў? Настаўнікі-практыкі тут апрабоўваюць розныя спосабы. І самы эфектыўны з іх — праз асабістую ідэнтыфікацыю з удзельнікамі падзей.

/i/content/pi/cult/685/15077/19.JPG— Я заўжды прашу сваіх вучняў у якасці хатняга задання паглядзець мастацкі фільм Клода Бэры “Стары і хлопчык”, які выйшаў у Францыі ў 1967 годзе, скласці партрэт галоўных герояў, апісаць абставіны іх сустрэчы і вызначыць прычыны сяброўства, — распавядае пра сваю ўласную методыку спадарыня Ганна. — Гэта вельмі дапамагае ў навучальным працэсе, бо фільм — амаль аўтабіяграфічны. Герой кінастужкі, дзевяцігадовы яўрэйскі хлопчык, прыносіць шмат клопатаў сваім бацькам. Не жадаючы лічыцца са сваім “асаблівым” становішчам у акупаванай Францыі, ён спрабуе весці жыццё “нармальнага”, неяўрэйскага дзіцяці. Як складваецца яго лёс, як наладжваюцца стасункі з навакольным светам — пра гэта мы і вядзём размову.

— Дзеці не разумеюць, што падзеі сённяшняга дня могуць быць вельмі падобнымі да падзей мінулага, — дадае Анжаліка Аношка. — Таму ім трэба задаваць пытанне “Што трэба зрабіць, каб гэта не паўтарылася?” Чаму адбываюцца войны — і раней, і цяпер? Мы ж часам не шукаем адказаў, а проста агучваем лозунгі. Вельмі важна даць юнай аўдыторыі магчымасць разабрацца самастойна.

Як патлумачыла Ганна Жукава, у канцэпцыі школьнага навучання адной з галоўных задач з’яўляецца развіццё культуры гістарычнай памяці навучэнцаў і арыентаванасць іх на гуманістычныя каштоўнасці. Школьная адукацыя павінна дапамагчы маладому чалавеку сфарміравацца як асоба, падрыхтаваць яго да жыцця ў сучасным грамадстве, выкрышталізаваць выразную маральную пазіцыю. Але пры гэтым шэраг важных тэм у праграме папросту адсутнічае.

— На жаль, тэма Халакосту не выдзелена асобна ў праграмных матэрыялах па гісторыі і грамадазнаўстве ў старэйшых класах, — кажа выкладчыца. — Аднак настаўнік можа разгледзець яе з уласнай ініцыятывы ў кантэксце іншых тэм. Так, падчас разгляду тэмы “Дыялог культур” мы вывучаем тэрміны “этнацэнтрызм” і “ксенафобія”.

Гісторыя — не толькі ў архівах

І сапраўды, як паказаў агучаны падчас адной з секцый досвед работы дакументальнага цэнтра “Парахавая фабрыка ў Лібенаў” у Германіі, менавіта самастойная праца моладзі з культурай памяці дае найбольшы выхаваўчы плён. Кіраўнік праекта Марцін Гузэ і яго ўдзельнікі — нямецкія валанцёры — падзяліліся сваім досведам.

Дзеці з мястэчка Лібенаў — часта са складаным лёсам або з сацыяльна-неабароненых сем’яў — працуюць у штогадовых летніках над узнаўленнем імёнаў загінулых гастарбайтараў, якія ў гады вайны працавалі на тамтэйшай фабрыцы, вышукваюць іх сваякоў. І выяўляецца, што адна справа — працаваць з тэмай нацыянал-сацыялізму ў вялікіх гарадах, дзе кожны — сам па сабе. А зусім іншая — у мястэчках ці вёсках, дзе і сёння жывуць тыя людзі, чые бацькі выкарыстоўвалі працу ваеннапалонных у сваіх гаспадарках. Гэта дае асабісты досвед працы з гісторыяй.

— У Германіі існуе даволі шмат падобных ініцыятыў, — дадае Анжаліка Аношка, — і вопыт іх работы па прыцягненні маладой генерацыі да працы з гістарычнай свядомасцю вельмі карысны для іншых краін. Аднак, на вялікі жаль, нам прынамсі яшчэ не хапае ініцыятыўных людзей на месцах, якія б маглі рэалізоўваць падобныя праекты. Бо сапраўдная гісторыя — яна не ў архівах. Яна — у жыцці.