Культпаход у добрым сэнсе слова

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Матэрыялы гэтага развароту так ці іначай тычацца тэмы адказнасці тых, хто займаецца выхаваннем моладзі. Прычым адказнасці не толькі чыста прафесійнай (у службовых абавязках жа многае не прапішаш!), а і грамадзянскай ды і проста чалавечай. І тут мы абавязкова павінны закрануць паняцце, якое ўжо даўно выклікае самыя ажыўленыя дыскусіі — “культпаход”.

/i/content/pi/cult/685/15076/4-11_opt.jpegНа маю думку, культпаход — гэта з’ява патрэбная і карысная. Не толькі для напаўняльнасці залаў і павышэння самага злабадзённага сёння для ўстаноў культуры паказчыка — платных паслуг. Найперш яна карысная для саміх “ахвяраў”, даючы ім магчымасць воляй-няволяй спрычыніцца да… прынамсі, не горшых праяў культуры. Такі фактар, як прымус (у тым ліку, і сама-), у сферы адукацыі і выхавання папросту непазбежны. Справа толькі, канешне, у характары гэтага прымусу, яго разумнасці — і, так бы мовіць, “градусе”.

Болей за тое — лічу, сёння культпаход проста неабходны! Бо хоцькі-няхоцькі школа часцяком вымушана выконваць тую частку працы па сацыялізацыі асобы, якая раней была замацаваная за сям’ёй.

Тут нехта скажа пра права вольнага выбару. Лічу, культпаход — у добрым сэнсе слова — акурат і павінен яго забяспечыць. Зразумела, што, калі бацькі самі не ходзяць у музеі ды тэатры (а такіх, прызнаемся, большасць), іх дзеці нават не маюць шансаў даведацца, па якім адрасе тыя агмені культуры знаходзяцца. І я ўжо нават не кажу тут пра “складаныя” сем’і.

Таму школьнаму настаўніку нічога не застаецца, як адвесці малых у музей альбо тэатр за ручку — што будзе карысна хаця б нават у плане агульнага развіцця. Іншая справа, як гэты фармат культпаходу ў нас увасабляецца. Бо д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях.

Вельмі часта культпаход — гэта не арганічны складнік навучальнага або выхаваўчага працэсу. Гэта — “абавязалаўка”, з усімі выняткамі такога падыходу. Нейкі мясцовы чыноўнік “абавязвае забяспечыць” дырэктара школы, той — настаўнікаў, а яны са скрыгатам зубоўным (сам чуў!) цягнуць вучняў.

Выбіраць, куды ісці, не даводзіцца. Таму ніхто асабліва нават не цікавіцца, а што там, уласна, будуць паказваць. Ніхто, вядома, не будзе рыхтаваць дзяцей да ўбачанага — хаця ў некаторых выпадках гэта рабіць трэба абавязкова. Ніхто не будзе пытаць потым пра іх уражанні для асэнсавання і замацавання атрыманага досведу. Дый што там! Часам, як сведчыць практыка, не бярэцца да ўвагі нават узроставая катэгорыя! Адбыць павіннасць — і справе канец.

На маю думку, культпаход — гэта выдатная форма супрацоўніцтва сфер культуры і адукацыі, у роднаснасці якіх ніхто нават не сумняваецца. Перакананы, што на гэтай ніве могуць вырасці цікавыя творчыя плады — вядома, калі адысці ад звыклых схем “уцюхвання білецікаў”. Я маю на ўвазе, скажам, музейныя і канцэртныя праграмы — дый нават цэлыя спектаклі! — шчыльна інтэграваныя ў навучальны працэс. І калі пакорпацца ў рэгіянальнай практыцы, там можна знайсці не адну сотню станоўчых прыкладаў такога супрацоўніцтва.

Аднак для гэтага патрэбна планавасць — ізноў жа, у добрым сэнсе слова. Пакуль жа ў нас часцяком усё адбываецца спарадычна. Па волі… не ведаю чаго, але дакладна не розуму.

Мае дзеці вучацца ў беларускамоўнай гімназіі, старэйшы — ужо ў пятым класе. Напярэдадні канікул іх зазвычай возяць на экскурсіі — то на кандытарскую фабрыку, то на камбінат, дзе робяць глазураваныя сыркі. А вось, скажам, у музей народнай архітэктуры і побыту іх класы за ўвесь час не вазілі ні разу! Хаця ўпэўнены, што літаральна кожны шкаляр Беларусі павінен хаця б раз у жыцці пабываць у тым музеі, які ў пэўны спосаб адлюстроўвае наш нацыянальны код. Пажадана і некалькі разоў: спярша ў пачатковых класах, а потым у старэйшых.

Пабываць — і ні ў якім разе не расчаравацца, атрымаўшы ад музейшчыкаў менавіта тое, чаго патрабуе іх юная душа на дадзеным этапе жыцця. Ні каліва не сумняюся, што такое магчыма! Але гэта ўжо адказная і творчая задача для музейшчыкаў.