Прынцэсы і зубры Алесі Зінькевіч

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Няпросты лёс наступніцы Алены Кіш з Койданаўшчыны
Тую ролю, якую наіўнае мастацтва адыграла ў развіцці беларускай культуры, мы ўсвядомілі толькі параўнальна нядаўна. Маляваныя дываны Язэпа Драздовіча і Алены Кіш трывала ўвайшлі ў яе залаты фонд. І таму варта звярнуць належную ўвагу на сучасных наступнікаў славутых майстроў.

/i/content/pi/cult/685/15074/15.jpgМаладая мастачка Алеся Зінькевіч з вёскі Дуброва Дзяржынскага раёна, якая раптоўна пайшла з жыцця на пачатку сакавіка, дываноў не малявала, а пісала на дошцы. Аднак вобразная сістэма яе твораў, іх дэкаратыўнасць і каларыстыка сугучныя традыцыям інсітнага мастацтва. Здавалася б, у наш высокатэхналагічны час не засталося таго асяродку, які б сілкаваў падобныя практыкі. Але, як гэта было заўсёды, наіўных мастакоў нібы аберагае сам Бог, і нават уздзеянне цывілізацыйных чыннікаў не ў стане парушыць іх непаўторны ўнутраны свет.

Навучанне мастацтву праз назіранне за небам

Алеся нарадзілася ў 1984 годзе. З дзяцінства захоплена і шмат малявала. Паступіла на мастацкае аддзяленне Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў, але з прычыны слабога здароўя — хварэла з малога ўзросту на цукровы дыябет — здолела правучыцца толькі няпоўны год. Затое, у гэтай даволі вядомай навучальнай установе дзяўчыне пашчасціла сустрэць свайго настаўніка і сябра па жыцці Наталлю Ермаловіч, якая цяпер працуе кіраўніком Вялікасельскага дома народнай творчасці. Наталля Мікалаеўна доўгі час займалася з таленавітай вучаніцай — на грамадскіх пачатках і па асаблівай індывідуальнай праграме.

— Я адразу зразумела, што гэтую дзяўчынку ні ў якім разе нельга вучыць так, як звычайна вучаць у нас у мастацкай школе, — кажа пра сваё знаёмства з інсітнай мастачкай яе настаўніца. — Яна прыйшла да нас ужо са сваім адметным унутраным светам, і яго нельга было ламаць.

З гэтай прычыны Наталля Ермаловіч не імкнулася прышчапіць дзяўчыне навыкі акадэмічнага малявання. Як жа адбывалася выкладанне па той індывідуальнай методыцы? Паколькі Алеся расла замкнёным чалавекам, настаўніца перадусім шмат гутарыла з ёй на самыя розныя тэмы. У плане тэхнікі давала простыя парады: напрыклад, як карыстацца фарбай.

Доўгі час Алеся не рашалася змешваць колеры. Каб растлумачыць вучаніцы сутнасць гэтага прыёму, Наталля Мікалаеўна прапанавала ёй паназіраць за небам на працягу сутак. Тады настаўніца нават не здагадвалася, што з гэтага атрымаецца. У выніку тых назіранняў дзяўчына стварыла цыкл накідаў “Партрэты неба”, дзе зафіксавала колеравыя змены на небасхіле ў розны час дня і ночы.

Гледзячы на светланосныя працы Алесі Зінькевіч, ніколі не здагадаешся, якія цяжкія высілкі стаялі за іх напісаннем. З-за хранічнага захворвання, што паступова разбурае арганізм знутры, аўтарка была вымушана пісаць самым малым пэндзлем (1 мм) і дэтальна прамалёўваць кожны ўчастак твора. Цяжка ўявіць, колькі месяцаў заняло ў яе стварэнне больш чым двухмятровага па шырыні пейзажа “Раніца”, які ўпрыгожвае сёння інтэр’еры Дома культуры ў Станькава. Затое ў насычанай фактуры жывапісу Алесі адчуваецца пульсуючая энергія жыцця.

Адзінства ўсяго жывога

/i/content/pi/cult/685/15074/14.jpgВажнай рысай творчасці многіх інсітных мастакоў з’яўляецца ярка выяўленае пачуццё адзінства ўсяго жывога на зямлі. Гэта прасочваецца як у сюжэтна-вобразным рашэнні — скажам, на адной выяве могуць мірна суіснаваць свойскія і драпежныя жывёлы, так і ў фармальных асаблівасцях, — напрыклад, цэласнасці колеравай і кампазіцыйнай пабудовы.

Усё вышэй сказанае цалкам справядліва і ў дачыненні да творчасці Алесі Зінькевіч. Выкарыстоўваючы знаёмыя вобразы — найперш роднай прыроды — мастачка стварае свой гарманічны, поўны любові і дабрыні свет. Варта звярнуць увагу на тых жывёл, што насяляюць гэтае першатворнае райскае асяроддзе. Найперш тут вылучаюцца львы, чые выявы нясуць абарончую функцыю і сустракаюцца ў творчасці Ніка Пірасмані, Алены Кіш ды многіх іншых наіўных мастакоў. Што характэрна, у Алесі Зінькевіч, апроч ільва, падобную ролю выконвае і вобраз магутнага зубра — уладара беларускіх лясоў.

Пры ўсёй апрычонасці ўнутранага свету мастачкі і яе прасякнутасці роднай прыродай, нельга сказаць, што творчасць Алесі Зінькевіч зусім не зведала ўплыву масавай культуры. Так, на яе працах сустракаюцца выявы казачных прынцэс, блізкія да гераінь сучаснай анімацыі. Але гэта, хутчэй, аўтарская інтэрпрэтацыя вядомых вобразаў. І, дзякуючы таму выразнаму аўтарскаму пачатку, яны арганічна ўпісваюцца ў палотны.

З творчасцю іншых інсітных творцаў Алесю звязвае не толькі падобнае асацыятыўна-вобразнае мысленне, але і блізкасць традыцыям народнага мастацтва. Напрыклад, яна мела схільнасць да дэкаратыўнага роспісу рам, у якія аформлены яе творы. Апроч малявання, займалася і вязаннем кручком.

Каб не скончыліся фарбы

Першая персанальная выстава Алесі адбылася ў 2000 годзе. Праз два гады мастачка атрымала стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2016 годзе яе выставай “Мой сон” адкрылася галерэя ў Станькаўскім доме культуры. Тым не меней, яе не абмінулі тыя праблемы, якія воляй-няволяй даводзіцца вырашаць многім талентам з народу.

Адным з тых, хто высока ацаніў здольнасць дзяўчыны, з’яўляецца мэтр неафіцыйнага беларускага мастацтва, а таксама і дасведчаны педагог Віталь Чарнабрысаў. Ён дакладна ведае, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца самародкі нават для таго, каб забяспечыць сябе неабходнымі для творчасці матэрыяламі.

— Раней, у савецкія часы, творчасць наіўных мастакоў маглі сяк-так падтрымаць хаця б тыя ж прафсаюзы. А сёння такія творцы засталіся ўвогуле без сістэмнай падтрымкі, — засмучана кажа Віталь Феадосьевіч.

Але і ў наш час з’яўляюцца мецэнаты. У выпадку з Алесяй Зінькевіч такім дабрадзеем быў Чырвоны Крыж. Яго замежныя валанцёры, якія наведвалі Беларусь у 2016 годзе, падарылі дзяўчыне фарбы і матэрыялы для творчасці, а Алеся перадала ў дар гэтай дабрачыннай інстытуцыі цыкл жывапісных прац “Дванаццаць месяцаў”. Цяпер гэтыя творы можна пабачыць у вучэбным цэнтры Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Таленавітая мастачка пакінула гэты свет на трыццаць чацвёртым годзе жыцця. Спрычыніліся хвароба, нястачы, недасканалы стан медыцынскага абслугоўвання ў правінцыі. Але дзяўчына ўпарта змагалася за жыццё. Няздольная ўжо працаваць пэндзлем, яна да апошняга не выпускала з рук алоўка.

Зрэшты, калі ты глядзіш на самабытныя творы мастачкі Алесі Зінькевіч, дык не думаеш пра праблемы ды цяжкасці. Выкананыя ў лепшых традыцыях інсітнага мастацтва, гэтыя карціны поўняцца шчырасцю, хараством і дабрынёй. Нягледзячы на цяжкую хваробу, аўтарка несла сваёй творчасцю святло і любоў да навакольнага свету. І гэта не можа не ўражваць.

Алесь СУХАДОЛАЎ