Дзевятнаццаць лакацый для хору

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася прэм’ера “Вясновага канцэрту” Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы. Любоў і мацярынства, вясна і абуджэнне прыроды, духоўны пошук і запал — такія музычныя вобразы жанчыны прадставіў знакаміты хор у сваёй першай праграме пад кіраўніцтвам новага галоўнага дырыжора Вольгі Янум. Канцэрт быў падрыхтаваны ўсяго за два месяцы ў творчым партнёрстве з дырыжорам Дзмітрыем Хлявічам і канцэртмайстрам Кацярынай Петрыкавай.

/i/content/pi/cult/685/15073/13.jpgЯшчэ ў эпоху Антычнасці хор быў неад’емнай часткай тэатра і важнай дзейнай асобай спектакля. Акцёр і рэжысёр Ігар Пятроў адкрыў у вакалістаў харавой капэлы патэнцыял існавання па законах музычна-драматычнага тэатра — прычым не толькі падчас аўстрыйскіх оперных гастроляў калектыву, але і на роднай для яго сцэне Белдзяржфілармоніі. У малой яе зале рэжысёр прадставіў у апошнія канцэртныя сезоны цэлы шэраг яркіх праектаў. “Вясновы канцэрт” — яшчэ адна яго паспяховая сцэнічная праца.

Пралогам стаў гімн Da pacem Domine Арва Пярта — прысвячэнне народнай артыстцы Беларусі Людміле Яфімавай (1937 — 2018), якая на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў узначальвала капэлу. Падзенне “жалезнай заслоны”, гастролі за мяжой і сусветнае прызнанне калектыву, вяртанне ў рэпертуар духоўнай харавой музыкі, адраджэнне нацыянальных традыцый — усё гэта выпала на “эру Яфімавай”.

Рэгент Святочнага хору храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых радасць”, да нядаўняга часу выкладчык вакальных дысцыплін і дырыжыравання, кіраўнік хору Мінскай духоўнай вучэльні Вольга Янум — творца, надзвычай блізкі да праваслаўнай музычнай культуры. У канцэрце Ігар Пятроў дамагаецца ад хору адзінства існавання і невытлумачальнай эмацыйнай стыхійнасці. Адчуваючы музычную канцэпцыю дырыжора, ён прапануе хору дзевятнаццаць змен лакацыі ў канцэртнай зале. Падчас выканання пралогу вакалісты спускаюцца ў партэр, тым самым забяспечваючы праніклівае, эфектнае гучанне, блізкае да традыцый царкоўных спеваў.

Канцэртныя блокі разбіваюцца элегантным музыказнаўчым каментарам Наталлі Ганул, становячыся асобнымі эпізодамі-навэламі. “Калыханка” Пятра Чайкоўскага на верш Апалона Майкава ля імклівых кроснаў (сола Наталлі Цыганковай) і беларуская народная “Спі, сыночак міленькі” (сола Вікторыі Ляшкевіч) аб’ядноўваюць некалькі пакаленняў шчаслівага мацярынства і бацькоўства, дзякуючы вобразу кранальнай калыскі, што перадаецца з рук у рукі. Рамантычную гісторыю чакання светлага кахання дорыць раманс “Ля майго акна” Сяргея Рахманінава на верш Галіны Галінай (сола Юліі Стахоўскай). Крос-сімвалам канцэрта становіцца бясконцае белае шаўковае палатно — як дарога жыцця і часу, злучальная нітка пакаленняў.

Гарэзлівасць і смех, паганства і цьмяны бок чалавечай душы выяўляюць рускія народныя “Таня-Танюша”, “Ванечка”, і асабліва “Прыпеўкі Варвары” з оперы “Не толькі каханне” Радзівона Шчадрына на лібрэта Васіля Катаняна. У салісткі Алены Камянецкай экспрэсіі не менш, чым у трагічных гераінь Дастаеўскага. Гэты напружаны і самадастатковы нумар праграмы нечакана пераходзіць у блокаўскія “Вербачкі” з музыкай Георгія Свірыдава (сола Вольгі Карпей), якія напаўняюць свет суцяшэннем, матчынай ласкай, чысцінёй і прысутнасцю Бога.

Зваротам да народных вытокаў становяцца ў выкананні капэлы беларускія народныя песні “Туман ярам”, “Дубравушка”, а таксама “Вяснянка” Андрэя Мдзівані на верш Янкі Купалы. Малітвай, што імкнецца да зорак — і шматкроп’ем у фінале “Вясновага канцэрту” — уяўляецца Stars сучаснага латвійскага кампазітара Эрыкса Эшэнвальдса на словы Сары Тэсдале. Палатно, якое фiгуруе ў прадметным свеце сцэны, увасабляе тут Млечны шлях, што хавае гірлянды лямпачак-зорак (візуальнае вырашэнне спектакля-канцэрта належыць самому рэжысёру).

З павагай да вытокаў і традыцый, з удзячнасцю да былых дзесяцігоддзяў лідарства Людмілы Яфімавай, сучасная капэла імя Рыгора Шырмы пад дырыжорскай рукой Вольгі Янум знаходзіць новы тон і манеру ўзаемадзеяння са слухачом і гледачом, па-вясноваму абнаўляючыся і знаходзячы “другое дыханне” для новага творчага этапу.

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНКІ, тэатразнаўца