Прастора мястэчка бы люстэрка вечнасці

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

“Гісторыя аднаго мястэчка” — такая назва праекта, які прадстаўлены ў Віцебскім мастацкім музеі па выніках 29-га пленэру, праведзенага Культурна-асветніцкім Цэнтрам імя Язэпа Драздовіча. Назва ў чымсьці сумная, і ўжо дакладна лірычная, бо асацыюецца з задуменнай рэтраспекцыяй, з журбой страты чагосьці важнага, карэннага. Нястрыманы бег часу аддаляе ад нас нешта сутнаснае. І творцы спрабавалі зразумець, чаму так здараецца. Усвядоміць антыпрыроду тых з’яў, якія разбураюць сакральную прастору культуры.

/i/content/pi/cult/685/15072/11.JPGКанкрэтным мястэчкам, якое апынулася ў цэнтры ўвагі мастакоў, сталі Лужкі Шаркаўшчынскага раёна, дзе і праходзіць пленэр. На паверку — звычайны пасёлак. Але калі капнуць трохі глыбей, разумееш, што насамрэч ён спрэс поўніцца патаемнымі сэнсамі. Лужкі звязаны з імёнамі такіх розных дзеячаў, як граф Віктар Зіберг-Плятэр, Язэп Драздовіч, Эліэзэр Бэн-Ягуда. Усе яны — кожны па-свойму — былі стваральнікамі культурных каштоўнасцей, будаўнікамі ўсвядомленага і гарманічнага жыцця.

На выставе мы маглі ўбачыць творы, якія адлюстроўваюць — быццам у люстэрку вечнасці — непарыўнасць культурнага ландшафту, дзе натуральнае прыроднае асяроддзе зладжана суіснуе з засеянымі палямі, вясковымі хатамі, і, зразумела, храмамі розных канфесій. Выкананыя ў рэалістычнай манеры пейзажы такіх аўтараў, як Святлана Урублеўская, Алесь Шыёнак, Віктар Крук, Наталля Каржыцкая, выпраменьваюць упэўнены спакой і стан нязменнай прыгажосці свету.

Побач з гэтымі творамі — сведчанні невычарпальнага разбуральнага патэнцыялу чалавечай прыроды. Мастакі не маглі абмінуць такую балючую для ўсіх беларускіх мястэчак — і для Лужкоў, у прыватнасці — тэму як Халакост. У ліпені 1942 года амаль усе лужкоўскія яўрэі — а яны складалі больш за палову насельніцтва — былі расстраляныя нацыстамі. Стэла ў памяць аб генацыдзе адлюстраваная на карціне Алеся Саўчанкі. Твор вырашаны вельмі вобразна і алегарычна. Каля канкрэтнага помніка ахвярам той трагедыі, які ўсталяваны ў мястэчку, падчас змяркання сабраўся людскі натоўп. Постаці адбіваюцца на празрыстай паверхні стэлы, якая нібы пераўтвараецца ў пастку альбо чорны партал бясконцасці, куды сыходзяць душы людзей.

/i/content/pi/cult/685/15072/12.jpgНасычаныя медытатыўным алегарызмам карціны Алега Скавародкі, персанажамі якіх з'ўляюцца і анёлы, і “сабакі апраметнай”, і дэперсаніфікаваныя вязні, дэманструюць, наколькі лёгка можна скасаваць знешні культурны пласт і пабудаваць грамадскія адносіны па прынцыпах бесчалавечнасці. Работа Вячаслава Шамшура “Віцебск 1943-га” з зачыненымі варотамі гета, пісалася летам у Лужках, але ж думкамі мастак быў менавіта ў Віцебску, і гэта выразнае сведчанне аб паўсюднасці трагедыі Халакосту.

Але ж цёмным ураганам гісторыі, якія ставяць народы перад выпрабаваннямі, не дадзена было зніштожыць духоўную прастору беларускага мястэчка. Канешне, перш за ўсё дзякуючы людзям. Услед за падзвіжнікамі мінулага, прыходзяць новыя героі. Такія, як Ада Райчонак — стваральніца некалькіх музеяў, кіраўнік Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, арганізатар тых самых Драздовіцкіх пленэраў. Яна з таго тыпу грамадскіх дзеячаў, якія працуюць не “насуперак” камусьці альбо чамусьці, а толькі дзеля сцвярджэння. І задзіночваюць вакол сябе такіх самых адданых жа непрамінальным культурным каштоўнасцям людзей.

Карціна Віктара Крука “Адкрыццё пленэру ў Лужках” акунае нас у залаты жнівеньскі дзень, у кола аднадумцаў, што сабраліся з нагоды культурнага свята. Нягледзячы, здавалася б, на рэалістычнасць твора, мастак выходзіць за межы апісальніцтва і выражае стан сучаснага культурнага раю, дзе твары прасветленыя, а еднасць памкненняў не абмяжоўвае асабістую прастору кожнага. Так пачуццё вечнага вяртаецца да людзей — насуперак усім трывогам сучаснасці і катаклізмам мінулага.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ