Натура сыходзіць і... застаецца

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры — чарговая прэм’ера: “Сыходзячая натура”. Курс на абнаўленне рэпертуару вытрымліваецца на ўсе сто. Але мэтавая аўдыторыя, падобна на тое, застаецца нязменнай — не зусім, мякка кажучы, маладзёжнай.

Здавалася б, вытрыманы ўсе складнікі, скіраваныя на моладзь. П’еса сучасная — “Двор як сыходзячая натура” Алены Ісаевай з Расіі. Сярод герояў — шмат падлеткаў. Адпаведна, у “густанаселеным” дзеянні занята многа маладых артыстаў, уключаючы нядаўніх выпускнікоў Акадэміі мастацтваў. Але агульны настрой спектакля, пастаўленага Таццянай Аксёнкінай і жанрава азначанага меладрамай, можна акрэсліць як настальжы.

Можа, справа ў самім матэрыяле? Як ні круці, сапраўдны сітком. Двое сяброў згадваюць сваё дзяцінства пачатку 1980-х, пярэстая мазаіка ўспамінаў напаўняецца яркімі характарамі (праўда, не ўсіх персанажаў). Ды ўсё ж п’еса пабудавана на кантрастах. У ёй неаднойчы згадваюцца трагічныя моманты — некалькі самазабойстваў. Дый некаторыя будзённыя эпізоды звыклай рэальнасці насамрэч зусім не бязвоблачныя: дарослыя п’юць, здраджваюць, падлеткі ходзяць біцца “сценка на сценку”, пагражаюць ножыкам, калечаць адно аднаго. Спектакль жа максімальна згладжвае вострыя вуглы: жарсці парадыруюцца ці мадулююць у рэчышча жартоўнага “трылера” — накшталт дзіцячага чорнага гумару, укладзенага ў вусны дзіўнаватай бабулі. А нядаўні самазабойца, бы нічога не здарылася, працягвае ўдзельнічаць у мізансцэнах, пранікнёна спявае, акампаніруючы сабе на гітары. Ідылія, дый годзе! Нядзіўна, што смех у зале не змаўкае. Публіка (пераважна за 40) з радасцю пазнае сябе, суседзяў, сваю мінуўшчыну. Чым не тэатральная версія тэлевізійных “Сватоў”, як заўважыў адзін з дасведчаных гледачоў?

Відавочна, што спектакль будзе карыстацца неверагодным попытам: лёгкі, просты, з добрым тэмпарытмам, удалымі акцёрскімі працамі. Нават за сюжэтам сачыць неабавязкова: асобныя сцэнкі можна складаць у агульную карцінку, а можна пры жаданні ўключацца і выключацца — як у серыялах. Магутнае засохлае дрэва пасярод сцэны, калі і настройвае спачатку на некаторую філасофію, дык надалей застаецца толькі знешнім антуражам, ніяк не задзейнічаным у далейшым разгорце падзей. Паваротнае кола, што дазваляе хутка змяняць месца дзеяння і персанажаў, асацыюецца хіба з запаволенай каруселлю.

Падвешаныя над сцэнай мікрафоны дазваляюць артыстам (і асабліва моладзі, не “зацыкленай” пакуль на залішняй патэтыцы) захоўваць натуральнасць у маўленні, чыстых і выразных спевах, ігры на акустычнай гітары, а добра пастаўленыя сцэнічныя бойкі — вытрымліваць такую ж натуральнасць у рухах. Усё без падману! Хіба з глянцам, што ўласцівы забаўляльным казкам для дарослых — улюбёнаму жанру сярэднестатыстычнага гледача, на якога звычайна і ўскладаюць надзеі, каб “зрабіць касу”. Так што гэта місія тэатра (а менавіта па ёй пераважна і ацэньваюць сёння яго дзейнасць) — выканана.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"