Далягляды і “Гарызонты” Альгерда Ліёзнава

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У 1969 годзе на базе Мінскага радыёзавода было створана новае вытворчае аб’яднанне. Паўстала пытанне, як яго назваць. Прапановы былі розныя. Агучыў сваю ідэю і малады загадчык аддзела мастацкага канструявання СКБ завода Альгерд Ліёзнаў. І менавіта яго варыянт стаў вядомым кожнаму беларусу брэндам — “Гарызонт”! Насамрэч, сакрэт яго з’яўлення просты і празаічны. Малады інтэлігент любіў глядзець ленінградскую тэлепраграму з такой самай назвай — цяпер ужо, пэўна, забытую. Да таго ж, на беларускай мове слова “гарызонт” мае сінонім “далягляд” — погляд у далечыню, у будучыню. Аднак той чалавек, дзякуючы каму “Гарызонт” стаў “Гарызонтам” (не толькі па назве, а шмат у чым і па сутнасці), заўсёды заставаўся ў цені сваіх твораў.

Кіруючая роля дызайну

Альгерд Ліёзнаў у 1962 годзе скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Тры гады папрацаваў па спецыяльнасці ў Мінскім аблвыканкаме. А потым рушыў у наватарскую на той час сферу — дызайн.

Калі было створана вытворчае аб’яднанне “Гарызонт”, Ліёзнаў стаў загадчыкам сектара мастацкага канструявання. На гэтым прадпрыемстве ён адпрацаваў больш за тры дзесяцігоддзі. Разам з супрацоўнікамі сектара, у які ўваходзілі такія выдатныя дызайнеры, як Юрый Базнікін, Ігар Старавойтаў, Аляксандр Дзегцяроў, Барыс Банькоўскі, Валерый Савінскі.

На “Гарызонце” да дызайнераў не проста прыслухоўваліся — пры стварэнні новых вырабаў іх роля была кіруючай! Менавіта яны пачыналі распрацоўку і задавалі кампаноўку аб’екта, а ўжо пасля за работу браліся канструктары, падпарадкоўваючы тэхнічную начынку апаратаў дызайнерскаму рашэнню. Балазе, у адрозненне ад іншых аб’ектаў дызайну, радыёэлектроннай апаратуры ўласцівая вялікая гнуткасць кампановачных схем і магчымасць выканання аўтаномных пультаў кіравання і функцыянальных вузлоў.

Асяроддзе, у якім эксплуатуецца радыёэлектронная апаратура — зазвычай жылыя інтэр’еры. Зразумела, дызайнер павінен гэта ўлічваць падчас праектавання — у выбары формы, каларыстычнага рашэння матэрыялаў аздобы, стылявых элементаў. Ліёзнаву такая задача аказалася па плячы. Мадэлі тэхнікі, у стварэнні якіх ён удзельнічаў, у нашых кватэрах прыжыліся. Згадаем тут толькі самыя значныя з іх. Цікава, колькі чытачоў зараз з настальгіяй усклікне: “Вой, а ў мяне ж быў такі!” Распавядзем мы тут і пра тыя праекты, што незаслужана не пайшлі ў масавую вытворчасць.

/i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov_opt.jpeg“Беларусь-103Л”

Адна з першых удалых распрацовак Ліёзнава, створаная ў суаўтарстве з Леанідам Канцлерам. Выпускалася з 1968 года. У гэтай мадэлі радыёлы была выкарыстана асіметрычная кампазіцыя, якая стваралася за кошт пераносу прайгравальнай прылады на левы бок. Шкала з рэгулюючымі сістэмамі і сродкамі індыкацыі рабіла кампазіцыю інфармацыйна насычанай.

Пэўна, у кагосьці такія “музычныя шафы” і дасюль стаяць дома. Раней гэта быў фактар прэстыжу, а цяпер — антыкварыят. Але пры ўсім пры тым радыёла, якая змяшчалася на высокія стройныя ножкі, была і застаецца прыемнай воку дэталлю інтэр’ера.

“Мікрон”/i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov-2_opt.jpeg

100-годдзе з дня нараджэння правадыра сусветнага пралетарыяту адзначалася ў Савецкім Саюзе па-рознаму — у тым ліку, і праз выпуск новых вырабаў, часта ўнікальных. У 1969 годзе Ліёзнаў распрацаваў да юбілею Леніна мініяцюрны транзістарны радыёпрыёмнік “Мікрон” — адзін з самых маленькіх прымачоў, што выпускаліся тады ў СССР. Яго габарыты складалі ўсяго 55х39х12 мм, вага — 38 г. Прыблізна як у сучасных дывайсаў!

Праслухоўваць перадачы можна было праз кампактны навушнік, які мацаваўся да вуха з дапамогай спецыяльнага прыстасавання. Корпус прыёмніка меў гарманічную форму з невялікім скругленнем вуглоў, дэкаратыўная апрацоўка шагрэнню ўчасткаў верхняй накрыўкі з металічнай пласцінай спрыялі цэласнасці кампазіцыі. Зразумела, не абышлося ў дызайне і без ідэалагічнага складніка. На пярэдняй паверхні прыбора было зроблена стылізаванае адлюстраванне партрэта Уладзіміра Ільіча Леніна.

“Гарызонт УНТ-59”

Але найперш “Гарызонт” быў вядомы жыхарам СССР, канешне ж, сваімі тэлевізарамі. Актыўна займаўся іх распрацоўкай і Ліёзнаў. Гэты аб’ект характарызаваўся вельмі прадуманай кампаноўкай: у ім не было ніводнай лішняй кампазіцыйна-тэхнічнай дэталі. Дзякуючы мастацкай апрацоўцы, канструктыўна неабходныя элементы адначасова выступалі і як дэкаратыўныя. Франтальная паверхня будавалася на супрацьпастаўленні вертыкальна пастаўленай рашоткі гарызантальнай форме экрана. Насычаная пластыка правай часткі кампенсуецца больш спакойнай левай. Гарызанталі і вертыкалі добра ўзаемадзейнічаюць з крывымі лініямі панелі экрана.

“Гарызонт-105” і “Гарызонт-107”

Гэтыя телепрыёмнікі з дыяганаллю экрана 67 сантыметраў, распрацаваныя Ліознавым у суаўтарстве з Ігарам Старавойтавым у першай палове 1970-х гадоў, спазналі ўсеагульнае прызнанне спажыўцоў. Як па тэхнічных, так і па эстэтычных якасцях яны ішлі ў авангардзе айчыннага тэлебудавання таго часу. Як ні як, адзіныя тады савецкія тэлевізары першага класа!

У кампаноўцы кампазіцыйных элементаў вельмі арыгінальным стала рашэнне акустычнай сістэмы, выкананай у выглядзе століка пад тэлепрыёмнік. Прычым гэта была менавіта прапанова дызайнераў! Цудоўна выглядала і аздабленне корпуса, які абліцоўваўся каштоўнымі пародамі дрэва с глянцавым пакрыццем./i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov-3-1_opt.jpeg

“Гарызонт-215”

У сярэдзіне 1970-х Альгерд разам са сваім калегам Юрыем Базнікіным стварае вопытны пераносны радыёпрыёмнік другога класа. Яго габарыты — 360х250х120 мм, маса — 4,2 кг. То бок, у прынцыпе, такі, па сучаснаму кажучы, “бумбокс” можна было ўзяць з сабою, скажам, на пікнік. Тым болей, для пераноскі была прадугледжана выгодная ручка.

/i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov-3_opt.jpegПрымач меў раздзельную рэгуліроўку тэмбру па высокіх і нізкіх частотах, індыкатар настройкі і сілкавання. Па знешняй форме прыбор атрымаўся прывабным, хоць і вырашаным у дастаткова строгім стылі. Шкала настройкі радыёстанцый была вельмі ўдала скампанаваная, шрыфт на ёй добра чытаўся. На жаль, па нейкіх прычынах радыёпрыёмнік “Гарызонт-215” у серыю не пайшоў. А так, без сумневу, ён стаў бы не меншым спажывецкім хітом за легендарны “Акіян”!

“Гарызонт Ц-355”

/i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov-4_opt.jpegЗатое, адзін за адным з канвеера сыходзілі каляровыя тэлевізары, у распрацоўцы якіх таксама ўдзельнічаў Альгерд Ліёзнаў. Асаблівым попытам у спажыўцоў карыстаўся “355-ы”, які выпускаўся з пачатку 1985 года. Апарат працаваў на паўправадніковай сістэме, што дазваляла значна паменшыць яго памеры і вагу ў параўнанні з лямпавымі тэлепрыёмнікамі. Габарыты “Гарызонта Ц-355” складалі 430х640х460мм пры вазе 27 кг. Корпус абліцоўваўся дэкаратыўнай плёнкай ці шпонам з каштоўных парод дрэва і пакрываўся лакам — што надавала яму вельмі прывабны выгляд.

“Гарызонт 37CTV655i” і “Гарызонт 70CTV690i”

Шэраг цікавых распрацовак Ліёзнаў і яго калегі зрабілі і ў 1990-я гады. Гэта быў ужо зусім новы падыход да формаўтварэння тэлевізараў. “Гарызонт 37CTV655i”, у адрозненне ад сваіх дастаткова строгіх па форме папярэднікаў, меў пластычныя, скульптурныя формы, якія адпавядалі новым эстэтычным уяўленням таго часу. Самі аўтары гэты тэлевізар за яго акругласці пяшчотна называлі “бегемоцікам”. Тэлепрыёмнік “Гарызонт 70CTV690i” характарызаваўся арыгінальнай формай, калі корпус апарата складаў адзінае цэлае з аб’ёмам тумбы-падстаўкі.

/i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov-5_opt.jpeg/i/content/pi/cult/685/15067/Lioznov-6_opt.jpegЗа свае дызайнерскія распрацоўкі Ліёзнаў атрымаў 13 аўтарскіх пасведчанняў і 2 патэнты, неаднойчы ўзнагароджваўся дыпломамі айчынных і замежных выстаў, а таксама атрымаў медаль Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Яго работы дэманстраваліся за мяжой, атрымліваючы пахвалу калег нават у капіталістычных краінах — у Германіі, Бельгіі, Вялікабрытаніі...

Цяпер Альгерд Ліёзнаў ужо на заслужаным адпачынку. Мае двух сыноў, двух унукаў, адну праўнучку. Фізічную форму падтрымлівае хадзьбой на 3 — 5 кіламетраў — праўда, не зусім рэгулярна. Калі папросіш яго даць наказ маладым наступнікам, ён прамовіць:

— Творы дызайну я лічу творамі мастацтва. Сучасны дызайн — гэтаксама, як і добры жывапіс або, скажам, архітэктура — павінен узбагачаць гледача або спажыўца, дарыць яму радасць і прыгажосць. Мэта дызайну — упрыгожыць існаванне чалавека. Дызайнер, як і любы мастак, выяўляе ісціны чалавечага існавання, надаючы формы сутнасцям рэчаў, з’яў, ідэй.

Гэта заўсёды было крэда Альгерда Ліёзнава, да гэтага ён імкнуўся ўсё сваё творчае жыццё.

Якаў ЛЕНСУ,
Анатоль ЦЕХАНОВІЧ,
члены Беларускага саюза
дызайнераў