Словы пра жывапісца Анатоля Бараноўскага

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Чарговы нарыс Адама Глобуса прысвечаны яго настаўніку — народнаму мастаку Беларусі, які болей за сорак гадоў выкладаў жывапіс у тэатральна-мастацкім інстытуце (а потым у акадэміі), выхаваўшы цэлую плеяду знакамітых сёння творцаў.

/i/content/pi/cult/684/15063/26.JPGАпантанасць

Анатоль Бараноўскі быў захоплены жывапісам. Ён быў апантаным мастаком. Жывапіс і больш нічога. Так можна казаць пра жыццё Бараноўскага. Іншыя справы, вядома, былі, але ён іх лічыў другаснымі.

Анатоль Бараноўскі ад жывапісу п’янеў, не раўнуючы, як віпівоха хмялее ад віна. Бараноўскі пісаў і не мог напісацца. Толькі ад п’яніц у Бараноўскага мелася кардынальнае адрозненне — ягонае захапленне прыносіла прыбытак, якога хапала на прыстойнае жыццё. Са сваёй апантанасці, са сваёй страсці, са свайго недахопу Анатоль Бараноўскі змог зрабіць сваю асноўную жыццёвую вартасць.

Праўда, пра Бараноўскага нельга сказаць, што ён жывапісец і больш ніхто. Ён любіў займацца жывапісам у кампаніі. Ёсць людзі, якія не любяць піць і працаваць на адзіноце. Анатоль Бараноўскі з такіх. Яму падабалася пісаць з вучнямі і студэнтамі, ён любіў працаваць з паслядоўнікамі. Вакол Анатоля Бараноўскага збіраліся такія ж апантаныя мастакі, як і ён сам.

Жывапісная мова

Карціны Бараноўскага пазнавальныя, бо ён здолеў стварыць адметную жывапісную мову. Палітра трымалася на бялілах. У кожную фарбу на палітры Бараноўскі дадаваў шмат бяліл. Таму ягоныя карціны маюць светла-перламутравае адценне. Другім прыёмам Бараноўскага было дадаванне. Ён лічыў, што карціна мусіць насычацца рознымі каляровымі падрабязнасцямі. “Трэба дадаваць, а не адымаць!” — заклікаў мастак.

Дадаванне ператварала паверхню палатна ў каралы, вылепленыя з густой фарбы. Шмат хто з мастакоў выкарыстоўвае фактуры. Рэмбрант рабіў рэльефным святло і гладкімі цені. Руо з дапамогай пастознага жывапісу прымушаў карціну свяціцца на ўзор гатычных вітражоў. Выкарыстоўвалі фактуры і беларускія жывапісцы. Найбольш фактурныя палотны Нэлі Шчаснай і Барыса Аракчэева, але і ў Шчаснай, і ў Аракчэева фактуры выглядаюць не рукатворнымі, як у Анатоля Бараноўскага, а механічнымі.

Трэці прынцып — шматпланавасць. Бараноўскі выбудоўваў на карцінах паветраную перспектыву. Сваім вучням ён заўжды паказваў на работах кантрасты, якіх не павінна быць на аддаленых планах.

Анатоль Бараноўскі нікому не навязваў сваю жывапісную мову. Хочаш працаваць інакш? Працуй, але працуй у межах, дазволеных інстытуцкімі канонамі. Калі нехта са студэнтаў перасякаў іх, Бараноўскі пачынаў рабіць заўвагі. З-за гэтага нават да сваркі магло дайсці.

Так атрымалася і ў мяне, калі я вырашыў напісаць натуршчыцу ў стылі Рэмбранта. Нічога добрага з гатага намеру ў мяне не атрымлівалася. Натуршчыца — чачэнка Іра Камілава — зусім не адпавядала рэмбрантаўскім тыпажам. Анатоль Бараноўскі тактоўна параіў напісаць пастаноўку без адсылак да вялікага галандца. Настрой у мяне быў кепскі і без ласкавых
заўваг выкладчыка. Я пачаў агрызацца: “Вы хочаце, каб я напісаў пастаноўку пад Бараноўскага ці пад Вашчанку? Вы думаеце, што вывучэнне Рэмбранта — марная справа? Вы так мне і скажыце — пішы, як усе навокал, пад Вашчанку, і не будзе ў цябе, хлопец, праблем!”

Бараноўскі пачырванеў. Ён заўсёды чырванеў, калі злаваўся. Ён відавочна злаваўся, але не казаў мне зняважлівых слоў і не крычаў. Сказаў, што не прымушае мяне пісаць пад Вашчанку і пад Бараноўскага, але раіць улічыць патрабаванні інстытуцкай праграмы.

Натуршчыца

Студэнты прывозілі з жывапісных практык краявіды. Трапляліся і партрэты. Іх было значна меней. Зазвычай выкладчыкі ўгаворвалі папазіраваць зусім старэнькіх бабуль і дзядкоў. Жыла-была вёска, а ў той вёсцы жылі-былі дзед і баба. Так адным сказам можна апісаць вынікі пленэрных практык за сто пяцьдзясят гадоў.

Анатоль Бараноўскі быў наватарам. Ён выбраў не простую вёску, ён выбраў Слабодку на Браслаўшчыне. Велічныя груды і шырокія азёры пад бязмежным небам. Белы неагатычны касцёл над нізенькімі дамкамі. Сосны. Ядлаўцовыя кусты. Яблыневыя сады. Псіхіятрычная лякарня. Хворыя, стрыжаныя пад нуль людзі ў шэрых пыльных халатах. Ахоўнікі ў фуфайках. Уся Браслаўшчына эпічная і манументальная.

Жывапісныя практыкі з Бараноўскім былі выразныя, адметныя і запамінальныя. Была ў іх яшчэ адна надзвычайная рэч — натуршчыца. Бараноўскі прывозіў у Слабодку прафесійную натуршчыцу, якая пазіравала на свежым паветры. Акрамя Бараноўскага, я не ведаю выкладчыкаў, што прывозілі б на практыку прыгожую натуршчыцу, у якую мастак мог нават закахацца.

/i/content/pi/cult/684/15063/27.JPGПаветра

У тыя моманты, калі размова набывала для Анатоля Бараноўскага небяспечны характар, ён набіраў поўныя грудзі паветра. Такі сабе паветраны Бараноўскі наліваўся сарамлівай ружовасцю і цяжка ўздыхаў. Ён уздыхаў так змрочна і красамоўна, што ні ў каго і думкі не ўзнікала пра раўнадушша. Усе прысутныя былі перакананыя ў тым, што мастак Анатоль Бараноўскі страшэнна чулы і моцна пераймаецца за сутнасць вострай гутаркі.

Насамрэч за цяжкімі ўздыхамі Бараноўскі проста хаваўся. Так ён адмоўчваўся. Так ён сыходзіў ад удзелу ў баявой палеміцы. Не помню, каб Бараноўскі некага бараніў ці нешта адстойваў. Ён заўжды пагаджаўся з начальствам, а ў крытычныя хвіліны напампоўваў сябе паветрам, каб уздыхнуць так цяжка, нібыта мы ўсе прысутнічаем на пахаванні.

Застоллі

У застоллях вельмі важна, хто з кім сядзіць за адным сталом. Не дай ты бог, калі ворагі трапяць на крэслы, што стаяць побач. Яны могуць і пасля першай чаркі сварку з бойкай учыніць. Таму арганізатары банкетаў старанна складаюць спісы запрошаных і па некалькі разоў правяраюць і пераправяраюць — хто з нас з кім патрапіць у застольныя суседзі.

Зрэшты, ёсць людзі, з якімі ў застоллях утульна. Яны шмат не гавораць. Яны ўсміхаюцца. Яны не лезуць да цябе са сваімі праблемнымі размовамі. Такім быў і жывапісец Анатоль Бараноўскі. З ім добра балявалася, з ім прыемна сядзелася за святочным сталом, з ім лёгка пілося і смачна елася. Пра такіх, як Бараноўскі, зазвычай кажуць — дай яму Бог здароўя, добраму чалавеку.

Паслядоўнікі

Анатоль Бараноўскі выкладаў першакурснікам жывапіс на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Але сам ён да манументальнага мастацтва дачынення не меў. Бараноўскі не пісаў фрэсак і сценапісаў, не рабіў вітражы і мазаікі. Бараноўскі ўсё жыццё празаймаўся станковым пейзажным жывапісам. Ён захапляўся беларускімі краявідамі, маляваў з натуры Браслаўшчыну з яе пагоркамі, азёрамі і духмянымі травамі. Да манументалістаў Бараноўскі патрапіў праз сваё сяброўства з загадчыкам кафедры Вашчанкам.

Можна тут не пасаромецца і сказаць, што жывапісны і вытанчаны свет Бараноўскага быў далёкі ад брутальнай і графічнай мовы манументальных пано. Сярод студэнтаў-манументалістаў у Бараноўскага не было прыхільнікаў і тым больш паслядоўнікаў. Яны ў яго былі на іншых кафедрах. Паслядоўнікі Анатоля Бараноўскага вучыліся на жывапісцаў. Самыя вядомыя з іх — Сулкоўскі і Ткачэнка. Эцюды Бараноўскага, Сулкоўскага і Ткачэнкі былі такімі падобнымі, што нават дасведчаны ў іх творчасці чалавек мог лёгка заблытацца і не пазнаць, дзе чый твор.

Паслядоўнікі ў мастацтве — натуральная з’ява. Зазвычай шмат паслядоўнікаў у тых мастакоў, хто займае пасады і размяркоўвае замовы на мастацкія вырабы. Такі меркантыльны падыход зразумелы. Вучні дапамагаюць свайму куміру і настаўніку зарабляць на хлеб.

У выпадку з Бараноўскім было інакш: паслядоўнікі захапляліся ягонай тэхнікай і ягоным светаглядам проста з-за любові да чыстага мастацтва. Школу Бараноўскага мастакі жартам называлі “Барбізонцы”. Была такая групоўка жывапісцаў у Францыі, якія яшчэ да імпрэсіяністаў ездзілі ў мястэчка Барбізон пісаць краявіды на паветры. Яны пісалі ў Барбізоне, а нашы “Барбізонцы” старанна пісалі Браслаўшчыну пад кіраўніцтвам Анатоля Бараноўскага.

Фокусы

У прафесійным асяродку можна мець і вельмі спецыфічную славу. У Анатоля Бараноўскага была вядомасць майстра, які мог спакойна адкруціць самы прысохлы корак на бутэлечцы з лакам. Калі такая бутэлечка трапляла ў рукі да Бараноўскага, яна рабілася паслухмянай. Пстрык: корак у правай руцэ, а бутэлька ў левай. Як у фокусніка. Як у чараўніка. Неверагодна. Тое самае і з каўпачкамі на цюбіках. Здаецца — без абцугоў не абысціся. Можна замест абцугоў выкарыстаць зубы, але выкладчык жывапісу Анатоль Бараноўскі страшэнна не любіў, калі нехта з ягоных студэнтаў зубамі адкручваў каўпачкі на цюбіках. “Дай сюды!” — казаў Анатоль і забіраў непаслухмяны цюбік. Шчоўк: цюбік адкрыты, і можна выціскаць фарбу на палітру, і можна казаць выкладчыку “дзякуй”, і можна пачынаць працаваць.

Матэрыялы

Не бачыў Анатоля Бараноўскага з алоўкам, як не бачыў, каб ён пісаў акварэлі ці гуашы. Звычайна мастакі выкарыстоўваюць самыя розныя тэхнікі. Шукаюць матэрыялы адпаведныя сабе і вобразам, якія трэба ўвасобіць. Таму ў большасці альбомаў, прысвечаных пэўнаму жывапісцу, заўсёды знаходзіцца месца для малюнкаў алоўкам і тушшу, для акварэляў і гуашаў. Не кажучы ўжо пра больш складаныя тэхнікі графікі — афорт і лінарыт — ці манументальныя тэхнікі — мазаіка, сграфіта, вітраж. Нават жывапіс на палатне можна выканаць тэмперай, акварэллю, акрылам.

Жывапісец Бараноўскі быў верны традыцыйнаму алейнаму жывапісу на льняным палатне. Ён так любіў алейныя фарбы, што кожны квадратны сантыметр на ягоных карцінах быў нагружаны гэтымі фарбамі напоўніцу. Таму і ў альбомах па беларускім мастацтве Анатоль Бараноўскі паказаны адно карцінамі, напісанымі алеем.

Вялікі паэт Басё казаў сваім вучням, якія спрабавалі навучыцца пісаць лірыку: “Хоку, і ніякіх іншых думак!” Нешта падобнае і ў Бараноўскага — алейныя фарбы на палатне, і ніякіх іншых тэхнік.

Адам ГЛОБУС,
мастак і літаратар