Аўтограф і сакрэт Шамякіна

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

У чэрвені 1980 г. у раённым Палацы культуры адбыўся перадвыбарчы сход прадстаўнікоў працоўных калектываў Гарадоцкага раёна, прысвечаны сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты ў Савет нацыянальнасцей Вярхоўнага Савета СССР па Полацкай выбарчай акрузе № 83, народным пісьменнікам Беларусі, першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Іванам Шамякіным.

Мы ведалі Шамякіна як выдатнага творцу. Яго раманы і аповесці і зараз карыстаюцца папулярнасцю. Кнігі пісьменніка чытаюцца на адным дыханні. Яны даступныя і зразумелыя для людзей розных узростаў і прафесій, бо прыцягваюць шчырасцю, глыбокім веданнем жыцця, душэўнасцю, накіраванасцю ў будучыню...
У Палацы тады сабралася шмат народу: запоўнены зала, балконы, людзі стаялі ў адчыненых дзвярах— усе тыя, хто любіў кнігі Шамякіна. Я пільна ўглядалася ў аблічча чалавека, чые творы чытала з маленства. На трыбуне стаяў мужчына, чые ясныя выразныя вочы ўглядаліся ў нашы твары, прыемна ўсміхаліся з лёгкім прымружваннем.
Яго словы грукалі ў нашы душы, каб не замкнуліся яны для дабра і літасці. Чарадзейнаю гутаркай лекаваў нашы душы пісьменнік. Ён настолькі захапіўся прамовай, што выйшаў з-за трыбуны, шырока расставіўшы ногі, але быў усё ж стрыманым у жэстах.
Я, настаўніца, усё канспектавала, каб выкарыстаць сёе-тое на ўроку, дзе раскажу пра гэтую сустрэчу. Потым пісьменнік адказваў на пытанні гарадчанаў. Цікаўныя хацелі ведаць, у чым сакрэт яго папулярнасці. Гэта, я лічыла, было няпростае пытанне, але Шамякін з усёй сур’ёзнасцю адказаў: “Я, грэшны, каюся, — стараюся працаваць на чытача... Мой прыезд на паўночна-ўсходні край Беларусі — таксама праца, і не толькі грамадская. Вядома, каб стварыць штосьці вартае ўвагі чытача, пісьменніку трэба жыць жыццём гэтых чытачоў — сваіх сучаснікаў...”
Адзін з прысутных пастараўся выказаць сваё ўражанне ад раманаў празаіка: “Яно незвычайна чыстае, светлае; тое, аб чым расказвае пісьменнік, супадае з маімі думкамі і назіраннямі. Я, напрыклад, думаў, што Іван Пятровіч сам быў партызанам, таму змог так хораша, пераканаўча намаляваць карціну народнай барацьбы. А вось зараз вы сказалі, што ваявалі зусім у іншых мясцінах... Гэта здорава!.. Які трэба мець талент, каб так напісаць!..” Было яшчэ шмат пытанняў і выказванняў. На заканчэнне пісьменнік падзякаваў за давер і добрыя словы пра яго працу:
— Бачу, што вы людзі шчырыя, чулыя, сардэчныя. Вашы словы натхняюць мяне на цвёрды намер: пісаць, прадаўжаць пісаць. Ствараць вобразы аднолькава блізкія, зразумелыя, аднолькава хвалюючыя для любога чытача: селяніна і пісьменніка, рабочага і вучонага, школьніка і старога. Мой сакрэт, як заўсёды, — у адкрыцці новага. Прыехаўшы дамоў, сапраўды з добрай энергіяй зноў вазьмуся за працу...
Знакаміты госць сышоў з трыбуны ў залу, і мы ўсе стараліся, як кажуць, дакрануцца да такога таленавітага чалавека. Я, ведаючы загадзя пра сустрэчу, прыхапіла з хатняй бібліятэкі сваю любімую кнігу “Атланты і карыятыды”. Ён з чароўнай усмешкай, хаця заўважнай была яго стомленасць, даў аўтограф і паціснуў руку са словамі падзякі...
Мінулае — гэта не факты і не падзеі, а толькі тое, што застаецца ад іх у нашым сэрцы... 

Аліна БАСТАВА
Гарадок