Сам сабе Манэ

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

На афішы гэтай выставы — тры вялізныя “Я” побач з імёнамі сусветнавядомых мастакоў. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў ці не ўпершыню адчыніў свае дзверы для ўсіх ахвотных — выставіцца, а не толькі паглядзець. Прымалі ўсё. Бадай адзіная ўмова — каб работы змяшчаліся ў тыя самыя дзверы.

Без сумневу, час для яе даўно прыспеў. А на фоне папулярных у народзе тэлевізійных шоу яна нават і затрымалася: прайшло ўжо дзесяцігоддзе з таго моманту, як першая хатняя гаспадыня скарыла ўвесь свет сваім голасам. Відавочна, што маляваць людзі любяць не меней, чым спяваць. І як толькі ідэя з’явілася ў нашым мінскім паветры, яна хутка знайшла для сябе патрэбную форму.

Мастацтвазнаўца і куратар Вольга Кліп, якая ладзіць праект “Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч” ужо ў другі раз (пачаўся ён у прыватнай галерэі “Дом карцін”), не ставіць на мэце паказаць работы менавіта непрафесійных мастакоў, хоць і не адмаўляе ім у такой магчымасці. Яна проста запрасіла да ўдзелу ўсіх ахвочых — хто мае што паказаць і адчувае такую патрэбу.

З тых паўтары тысячы творцаў, якіх аб’ядноўвае Беларускі саюз мастакоў, больш-менш рэгулярна выстаўляюцца хіба сотні, калі не дзясяткі. Адпаведна, патрэба ў кантакце з публікай ёсць і ў гэтых колах. Аднак у сваёй большасці прафесійныя мастакі сустрэлі праект вельмі негатыўна. З такім меркаваннем, што ў ім губляецца адна з галоўных місій мастацтва — выхаваўчая. І што нельга дэманстраваць дрэнны густ. Меншасць у праекце ўдзел прыняла. Работы Зоі Луцэвіч, Настассі Бурко-Дземідзюк, Сяргея Плотнікава і іншых нядрэнна падмацоўваюць гэтую выставу.

Удзельнікі з акадэмічнай школай суседнічаюць тут з салоннымі аўтарамі, школьнікі — з пенсіянерамі. Адметнасць гэтай выставы — менавіта ў яе вялікай разнастайнасці, нават какафоніі, якая, па словах куратара, у выніку ператвараецца ў цэласнасць самога праекта. Часам яна дэманструе няўмеласць, а часам — стараннасць ды імкненне да самавыяўлення і пошуку нечага значнага праз мастацтва. І ў гэтым яе галоўная вартасць.

З іншага боку, на прыкладзе мінулага года можна прагназаваць камерцыйны поспех выставы. Летась за месяц было прададзена каля 30-ці работ. Попытам карысталіся зусім не ўзоры сучаснага мастацтва, але добры салонны жывапіс — як прафесійных аўтараў, так і самавукаў. Не дзіва, што менавіта гледачы абяруць найлепшую з прадстаўленых на выставе 323 карцін. А ўпадабаны мастак атрымае права зрабіць персаналку.

Ужо сёння можна сцвярджаць што праект, безумоўна, прагучаў. Ён прывёў у сцены Цэнтра сучаснага мастацтва тых людзей, якія туды раней ніколі нават не зазіралі. І хто ведае, якая колькасць з іх потым пойдзе і на “сур’ёзныя” выставы?

Яшчэ адзін момант, які безумоўна выклікае цікавасць, — шырокая прастора для сацыялагічных і культуралагічных разважанняў. Выстава выяўляе мары, думкі і захапленні тых людзей, з якімі мы кожны дзень сустракаемся ў жыцці. Тое, з чаго складаецца іх уласнае “я”. А назва праекта, якая ўзнікла спантанна, прызначаная не толькі прыцягнуць да яго ўвагу гучнымі імёнамі мастакоў, але і дапамагчы “простым смяротным” атаясаміць сябе з вялікімі творцамі — або, магчыма, з часам працягнуць іх шэраг.