Тое, што не зрэзаць мастыхінам...

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Уладзімір Слабодчыкаў чалавек сціплы. Каб хто яму сказаў, што паводле творчага статусу ён класік, што менавіта ён укараніў у беларускую глебу, адаптаваў да нашых рэалій найноўшы сусветны досвед у галіне пластыкі, скульптар хіба безуважна паціснуў бы плячыма і перавёў размову на іншую тэму. А між тым, гэта праўда. Слабодчыкаў узбагаціў беларускую пластыку новым разуменнем формы, пераканаўча давёў, што скульптуры неабавязкова быць фігуратыўнай. І яшчэ засведчыў на ўласным прыкладзе: творцу для самасцвярджэння няма патрэбы кідацца ў крайнасці. Можна гарманічна спалучаць звыклую глядацкай аўдыторыі выяўленчую мову з новым лексіконам на аснове сусветнай lingua franca.

/i/content/pi/cult/684/15055/16.JPGУладзімір Слабодчыкаў — аўтар шэрагу станковых і манументальных твораў, якія сталі для нашага мастацтва знакавымі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, Ганаровы сябра Расійскай акадэміі мастацтваў і сябра Каралеўскага таварыства брытанскіх скульптараў. Вось ужо амаль дваццаць гадоў — з 1989-га! — узначальвае кафедру скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Выстава Уладзіміра ў Нацыянальным мастацкім музеі мае назву “Сублімацыя формы”. Мудрагеліста, і на Слабодчыкава, якім я яго ведаю, не надта падобна. І ў жыцці, і ў творчасці ён усё ж такі схільны да канкрэтыкі. Але, магчыма, назва — такая ж праява эксперыментатарства, як і шэраг твораў экспазіцыі.

Эксперымент у скульптуры — гэта зусім не тое самае, што ў жывапісе ці малюнку. Тут памылку мастыхінам не зрэжаш, гумкай не сатрэш. Тут любы экспромт мусіць быць добра падрыхтаваным і канструктыўна вывераным. Майстэрства Слабодчыкава, сярод іншага, выяўлена і ў тым, што шэраг ягоных работ на першы погляд
падаюцца хісткімі, няўстойлівымі, але насамрэч яны ў стане дынамічнай раўнавагі. Адносна невялікія паводле памеру станковыя творы за кошт лаканічнай пластыкі і выразнага сілуэту выглядаюць эскізамі скульптур манументальных.

Выстава рэтраспектыўная. Прыхільнікі таленту скульптара, магчыма, хацелі б пабачыць у гэтай экспазіцыі лепшыя творы за ўсё творчае жыццё — а распачалося яно ажно 45 гадоў таму. Але аўтар вырашыў не паглыбляцца далей памежжа 1980 — 1990-х. Таму наведвальнікі не пабачылі выдатную сюжэтную пластыку рэалістычнага характару, але мусілі засяродзіць увагу на творах, дзе выразна выяўлены сённяшнія прыярытэты скульптара ў стылістыцы і тэматыцы.

Мяркую, невыпадкова менавіта на мяжы згаданых дзесяцігоддзяў Слабодчыкаў змяніў пластычную мову. У гэты час беларуская грамада глыбока асэнсоўвала наступствы Чарнобыльскай катастрофы. А мастакі — хто ўсвядомлена, а хто спантанна — шукалі новыя выяўленчыя коды для візуалізацыі духоўнага стану грамады. Стану, у якім пераважалі разгубленасць і роспач. Калі чалавек незадаволены сённяшнім днём і марыць пра лепшае заўтра, дык апірышча ён усё адно знаходзіць у мінулым, якое падаецца больш-менш уцямным.

Уладзімір Слабодчыкаў у гэты час звяртаецца да біблейскіх прыпавесцей, у якіх занатаваны маральна-этычны досвед нашай цывілізацыі. Дарэчы, такі ён не адзін. Міхаіл Савіцкі, Гаўрыла Вашчанка, Аляксандр Кішчанка… Шмат хто тады звяртаўся да сакральных сюжэтаў дзеля асэнсавання рэчаіснасці.

Скульптар знайшоў пластычны лад, які адпавядаў канкрэтнай задачы і пры гэтым меў патэнцыял шырокага разгортвання ў новую творчую канцэпцыю. У гэты ж час майстар звяртаецца да вобразаў антычнай міфалогіі, якія нароўні са Святым Пісаннем глыбока ўкаранёныя ў нашу свядомасць.

Асобна я вылучыў бы цыкл рэльефаў “Малюнкі на пяску”, дзе наш свет паўстае намаляванай Боскай рукой крохкай выявай, якую лёгка можа адправіць у нябыт прыбярэжная хваля, падпарадкаваная аўтару малюнка.

Хачу ўдакладніць, што агульны настрой выставы, пры ўсёй яе філасафічнасці, пазбаўлены песімістычных нот. Мастак распавядае пра даўнюю гісторыю, якая распачалася немаведама калі і вечна доўжыцца ў розных землях і народах. Сюжэты ўсё тыя самыя, хіба што дэкарацыі змяняюцца.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"