Стылістыка сталага аркуша

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіла выстава памяці мастака Анатоля Александровіча “Паміж словам і вобразам”. Ён нарадзіўся ў 1953 годзе. Вучыўся ў мінскім тэатральна-мастацкім. Надзвычай плённа працаваў у кніжнай і станковай графіцы, аздабляў перыядычны друк. Пайшоў з жыцця летась.

/i/content/pi/cult/684/15054/15.jpgВідаць, пра кожнага творцу можна сказаць, што сваю найлепшую карціну (кнігу, песню…) ён напісаць не паспеў. Бо няма мяжы дасканаласці. Але і тое, што зрабіў Анатоль Александровіч, гарантуе яму годнае месца ў нацыянальным мастацтве. Сярод мастакоў ягонага пакалення таленавітых шмат, але, аддаючы ім належнае, я вылучаю Александровіча як асобу, чыя творчасць заўжды была па-за кантэкстам плыняў, кірункаў і школ. Нікому з мэтраў беларускай графікі ён не даводзіцца паслядоўнікам. У мастакоўскіх суполках, што ладзяць групавыя выставы дзеля сцвярджэння тых ці іншых ідэй і канцэпцый, таксама не быў заўважаным. У творчасці Анатоль Александровіч быў, наколькі гэта ўвогуле магчыма, самадастатковаю асобай, прынцыповым індывідуалістам. Ішоў сваім шляхам, не азіраючыся па баках.

А паколькі найлепшым чынам свой час увасабляюць творцы, абыякавыя як да хуткаплыннай моды, так і да ўстойлівых стэрэатыпаў, мастацтва Александровіча запатрабаванае не толькі сёння, але, відавочна, і ў аддаленай перспектыве. На маю думку, нават ягоныя аркушы, зробленыя на мяжы 1970-х — 1980-х, калі малады мастак яшчэ толькі шукаў уласныя стыль і канцэптуальны лад, больш адпавядаюць эстэтычным запытам сённяшняй аўдыторыі, чым гледачоў тае пары. Для тагачаснай грамады, выхаванай на стэрэатыпах савецкай ідэалогіі, ахвочых зазірнуць у глыб стагоддзяў, у гістарычную даўніну было няшмат. Ды і справай гэта лічылася рызыкоўнай... Можна згадаць, з якой насцярожанасцю прымаліся і ўладаю, і грамадою выдатныя творы Уладзіміра Караткевіча, у якіх праз беларускую шляхетнасць сцвярджалася нацыянальная годнасць.

У згаданы час, лічы, вышэйшай праявай беларускасці быў так званы этнаграфізм, які вырас на глебе суровага стылю і ператварыўся ў самастойную з’яву. Адзначу, што этнаграфізм — з’ява хоць і станоўчая, але сутнасна кансерватыўная, бо належныя да яго творцы зыходна засяроджваліся на знікаючых пад уплывам урбанізацыі этнаграфічных рэаліях. І толькі потым выйшлі на больш амбіцыйныя задачы. Анатоль жа на самым пачатку творчасці шукаў натхнення не ў вясковым побыце і этнаграфіі, але ў вытанчаным мастацтве памежжа ХІХ і ХХ стагоддзяў (мадэрн, сецэсія, югендстыль…). У ягонай манеры выразна прачытвалася шляхетнасць, якая, як мне падаецца, была вызначальным чыннікам натуры самога Анатоля. Гэта выяўлялася нават у дробязях. Я бачыў яго армейскія фатаграфіі, дык на іх салдацкі шынэль на ім сядзіць так, што адразу згадваецца творчасць Булгакава.

Ад тых, хто памятае Анатоля студэнтам, я чуў, што ўжо ў ягоных вучэбных работах было нешта манументальна-містычнае, штосьці падобнае да стылістыкі Рэнесансу. Потым гэтыя якасці выразна выявіліся ў дыпломнай рабоце — ілюстрацыях да паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы” (дарэчы, яны былі на выставе). Здавалася б, сам лад паэмы правакаваў паэта скарыстоўваць этнаграфічныя матывы. Аднак, у графічнай версіі Анатоля Александровіча дзея ў беларускай вёсцы пазбаўлена часовай і геаграфічнай акрэсленасці і ўспрымаецца біблейскай прыпавесцю.

Такі ж падыход і візуальную інтэрпрэтацыю тэкстаў бачым мы ў аздобе кніг, а таксама ў станковых кампазіцыях паводле літаратурных твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Паўлюка Труса. Калі ж мастак звяртаўся да аўтараў, блізкіх нам па часе, побытавая і гістарычная канкрэтыка ўсё ж прысутнічала, але ў эстэтычна выверанай прапорцыі.

У 1970 — 1980-я графікі, бадай, усяго Савецкага Саюза захапляліся творчасцю Стасіса Красаўскаса, ягонай белай лініяй на чорным тле. Былі прыхільнікі стылю літоўскага мастака і ў Беларусі. Мяркую, не пазбегнуў ягонага ўплыву і Анатоль. Але здолеў пры гэтым застацца самім сабою, стварыць уласны почырк. Белымі штрыхамі рознай напругі мастак мадэляваў форму і ствараў ілюзію прасторы. Гэта, адзначу, у адрозненне ад літоўскага майстра, для якога ў сталай творчасці і форма, і прастора былі ўмоўнымі. Праўда, і зыходзілі майстры з розных канцэпцый, бо розныя задачы вырашалі. Александровіч арыентаваўся на рэальныя формы рэальнага свету, Красаўскас жа стаяў на грунце адцягнутага сімвалізму і абстрактнай метафары.

Стылістыка сталага Александровіча, на маю думку, дасягае найвышэйшай выразнасці ў серыі станковых аркушаў, прысвечаных Мінску. Сярод іх я вылучыў два: той, што апавядае пра першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, і на якім сабраны вобразы гісторыі Нямігі — ад бітвы, згаданай у “Слове аб палку Ігаравым”, да нашых дзён.

Асобная старонка ў творчасці Анатоля Александровіча — аздоба перыядычных выданняў. Часопісны разварот ці паласу ён рабіў нібы карціну маляваў. Нават калі стылістыка і вобразнасць не зусім адпавядалі тэксту, можна было спадзявацца, што тэкст прачытаюць, пабачыўшы арыгінальную ілюстрацыю. Спрацоўваў “стоп-эфект”. І тут, як і ў згаданых станковых аркушах, вабілі вока эстэцкая вытанчанасць і часта — рамантызм.

Увогуле ж для сталай творчасці Александровіча характэрны канструктыўны падыход да пабудовы аркуша і непрыхаванае эстэцтва. Часам гэта не столькі звыклая станковая графіка, а хутчэй графічны дызайн. Але чым далей, тым болей у ягоных работах прабіваецца цеплыня і пачуццёвасць. Асабліва, калі ён малюе блізкіх яму людзей ці ілюструе дзіцячыя кнігі. Тыя, хто блізка ведаў спадара Анатоля, кажуць, што ў апошнія гады жыцця мастак, глыбока асэнсаваўшы зробленае ім дагэтуль, быў на творчым раздарожжы, імкнуўся выпрацаваць новы почырк, меў вялікія планы, якія, на жаль, не давялося здзейсніць.