Шлях да суверэннай Беларусі

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Напярэдадні ўгодкаў у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці”, а Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрасіў на вернісаж свайго праекта “Мы ёсць народам!”

/i/content/pi/cult/684/15052/12.jpgАб значнасці той ці іншай падзеі можа сведчыць спіс прысутных на прэзентацыі. На адкрыцці выставы ў Нацыянальным гістарычным прысутнічалі дэпутаты Нацыянальнага сходу, кіраўнікі навуковых устаноў, людзі культуры. Ужо ў першыя дні работы экспазіцыя выклікала цікавасць гледачоў і розгалас у сродках масавай інфармацыі. Інакш кажучы, стала падзеяй.

Экспазіцыя прываблівае найперш каштоўнасцю прадстаўленых артэфактаў — у тым ліку і тых дакументаў, якія раней бачыла на свае вочы хіба купка спецыялістаў. Тут прадстаўлены прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, прыватных збораў і з іншых калекцый. Асаблівую ўвагу прыцягваюць такія легендарныя артэфакты як ІІІ Устаўная грамата, дакументы Народнага Сакратарыяту і Савета Народных Міністраў БНР, пячаткі і асабістыя рэчы людзей, чые жыццяпісы сталі здабыткам гісторыі. Гэтыя артэфакты, дакументы, фотаздымкі даюць магчымасць адчуць эмацыянальны фон лёсавызначальных для краіны падзей стагадовай даўніны. Пабудова экспазіцыі канцэптуальна падмацоўвае ідэю, паводле якой БНР з’яўляецца пяпярэдніцай Беларускай ССР — якая, у сваю чаргу, трансфармавалася ў незалежную Рэспубліку Беларусь.

У залах Музея літаратуры адлюстроўваецца хроніка падзей 1917 — 1919 гадоў, калі закладаліся асновы адраджэння беларускай дзяржаўнасці, а таксама пачатку 1990-х — таго перыяду, калі нацыянальны суверэнітэт стаў палітычнай рэчаіснасцю. Прадстаўленыя ў экспазіцыі дакументы і фотаматэрыялы дазваляюць прасачыць эвалюцыю грамадскай думкі ў лёсавызначальныя часіны.

Другая частка выставы прысвечаная героям і рупліўцам нацыянальнага будаўніцтва і складаецца з карцін Алеся Цыркунова. Нацыянальна-гістарычная тэматыка — стрыжань ягонай творчасці. Партрэты выкананыя ў характэрнай для жывапісца экспрэсіўнай манеры, якая ў пэўнай меры перадае драматызм эпохі.

Адкрыццё выставы прайшло ў фармаце літаратурна-мастацкай вечарыны. Перад грамадою пра свой творчы і грамадзянскі шлях да суверэннай Беларусі распавялі пісьменнікі Анатоль Вярцінскі і Генрых Далідовіч, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца ды іншыя. Хай сабе і рознымі словамі, але ўсе яны гаварылі пра адно. Пра тое, што незалежнасць — гэта найперш стан душы, складнік менталітэту, а ужо потым — спраўджаная рэчаіснасць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"