Раскадроўка мараў пра рэжысуру

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Гэтая вясна для некаторых з нас асаблівая. Я маю на ўвазе тых, хто замест рамантычных вершаў піша рэпетыцыйныя тэсты, узважвае свае здольнасці і магчымасці ды робіць рашучы крок у кірунку будучай прафесіі. Наш артыкул, напэўна, для самых-самых рашучых. Або для тых, у каго ёсць Мара. І яны дакладна ведаюць яе імя — стаць кінарэжысёрам. У звязку з асаблівай увагай да “найважнейшага з мастацтваў” з боку дзяржавы і яе насельнікаў такое памкненне з’яўляецца ў многіх. Але самі ведаеце: шмат пакліканых, а мала выбраных.

/i/content/pi/cult/684/15050/Academiya-S.jpgРэжысёр — гэта…

…лідар, які здольны кіраваць вялікай колькасцю людзей адначасова і валодае вялізным творчым патэнцыялам. Начытаны, артыстычны і інтэлектуальна развіты. Чалавек, у руках якога моцныя сродкі ўздзеяння на свядомасць людзей.

Па якім адрасе трэба звяртацца, калі ты хочаш стаць рэжысёрам, ведае бадай кожны. Так, у той прыгожы будынак на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Кафедра рэжысуры кіно і тэлебачання БДАМ рыхтуе і ігравікоў, і дакументалістаў, і аніматараў. І тэлевізійшчыкаў. Адно што адбор на гэтыя курсы здараецца далёка не кожны год. Таму каб патрапіць у патрэбную плынь, магчыма, давядзецца пачакаць.

Зрэшты, мо ў такой адтэрміноўцы няма нічога страшнага. Нездарма раней прафесію рэжысёра можна было атрымаць толькі на базе першай вышэйшай адукацыі, а для хлопцаў — яшчэ і пасля службы ў войску. Трэба было крыху пасталець, павучыцца, ды і проста пажыць.

Сёння сітуацыя іншая. Дацэнт кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Артур Ільіных дзеліцца шматгадовымі назіраннямі: маладым людзям лягчэй паступіць у ВНУ, калі яны не спыняюць вучобу і не думаюць да часу пра заробак. Перашкаджаць ім у гэтым ніхто не мае права. Таму выкладчыкі ад пачатку рыхтуюцца да таго, што група будзе разнароднай паводле ўзросту і таго самага жыццёвага досведу.

Як адзначыў Артур Ільіных, сёння агульная колькасць абітурыентаў, якія толькі скончылі школу, 90 працэнтаў. А гэта значыць, што большасці з іх — усяго 17 гадоў. Звычайна менавіта ў такім веку людзі перажываюць усведамленне сябе ў грамадстве — працэс складаны і непазбежны. Дапамагчы ў гэтым — задача педагагічная, а не вучэбная. Аднак праграма навучання ўсё ж яе ўлічвае. У тых жа, каму ўжо за 20, — іншыя памкненні.

Далейшая ўзроставая катэгорыя — тыя, каму ўжо за 30. На падобных спецыяльнасцях такія вучні — не рэдкасць. Прыкладам, сёння на гукарэжысуры нават ёсць студэнт, якому 52. У сваёй справе ён даўно прафесіянал, аднак атрымаць дакументальнае пацвярджэнне таму вырашыў толькі цяпер.

/i/content/pi/cult/684/15050/7.jpgНе дзіва, што ў межах аднаго курса могуць здарацца і ўзроставыя канфлікты, адзін з магчымых выхадаў з якіх — перавесціся на завочнае аддзяленне. Дарэчы, завочнае навучанне кінарэжысуры — гэта не тое аддзяленне, на якое глядзяць паблажліва. Паводле назірання Артура Ільіных, менавіта яно — самае прадуктыўнае, адтуль часцей выходзяць прафесіяналы. Прычын некалькі: ізноў жа, больш сталы ўзрост, паралельная праца па спецыяльнасці, а галоўнае — сфарміраваная жыццёвая пазіцыя. І гэтыя людзі дакладна ведаюць, навошта ім адукацыя.

Курс на заказ

Сёлета набору на курс рэжысёраў мастацкага кіно няма. Але для ажыццяўлення мары чакаць давядзецца нядоўга — усяго год. У Акадэміі да наступнага наплыву юных талентаў ужо рыхтуюцца. Балазе, атрыманы і запыт ад нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Трэба ж камусьці выкарыстоўваць новыя плошчы і магчымасці!

У тым, што маладыя спецыялісты адразу па атрыманні дыплома ідэальна ўпішуцца ў вытворчы працэс, у Акадэміі не сумняваюцца. Ужо з другога курса ў студэнтаў пачынаюцца вытворчыя практыкі непасрэдна на кінастудыі, падчас якіх студэнтаў “прымацоўваюць” да канкрэтных праектаў. Ды і рэжысёры тэлебачання такім самым чынам укараняюцца ў працу на цэнтральных каналах.

Падрыхтоўка курса спецыялістаў з арыентацыяй на прыватныя прадпрыемствы таксама магчыма. Па словах Артура
Ільіных, заяўку фарміруе канчатковы спажывец.

— Калі нейкая прыватная структура звернецца да нас з прапановай падрыхтаваць для сябе дзесяць рэжысёраў — напрыклад, каб потым яны маглі асвятляць дзейнасць гэтага прадпрыемства — то мы зробім для яго такі курс. Яго будзе курыраваць іх прадстаўнік, ён можа прысутнічаць на кожным экзамене і рабіць высновы, ці падыходзіць ім той ці іншы студэнт.

Працэнт адсеву

Лішне нават казаць, што далёка не кожны дыпламаваны рэжысёр становіцца рэжысёрам сапраўдным. Такі працэнт адсеву (паводле самых розных фактараў — як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных) ёсць у кожнай творчай прафесіі. Паводле шматгадовага назірання Артура Ільіных, ён складае прыблізна “фіфці-фіфці”.

— Калі мы бяром на курс 20 чалавек, дзесяць з іх дакладна стануць рэжысёрамі, а пяць з іх — рэжысёрамі вельмі добрымі, — кажа ён. — Гэта сусветная практыка ва ўсіх творчых прафесіях. Тэлебачанне звычайна набірае шэсць бюджэтнікаў і чатырох платнікаў. І тады можна спадзявацца, што пяць з іх дакладна стануць рэжысёрамі. Зрэшты, астатнія, хутчэй за ўсё, таксама застануцца ў гэтай сферы, але абяруць іншую спецыяльнасць.

Але рынак усё роўна насычаецца. За апошнія 10 гадоў Акадэмія выпусціла пад сотню рэжысёраў толькі для тэлебачання. На кінарэжысуру ў свой час набіралі яшчэ Віктар Тураў, Вячаслаў Нікіфараў, Аляксандр Яфрэмаў. Нядаўні выпуск — у Рэнаты Грыцковай. А паміж курсамі мастацкага кіно былі наборы на дакументальнае, дзіцячае, анімацыйнае.

Адпаведна, абітурыентам не трэба пакідаць па-за ўвагай і натуральную канкурэнцыю. Тым больш, што за гады навучання сітуацыя можа змяніцца. Напрыклад, сёлета “Беларусьфільм” з сямі выпускнікоў Акадэміі ўзяў толькі чатырох. Таму студэнту яшчэ падчас навучання варта працаваць не толькі на залікоўку, але і на партфоліа.

Па словах Артура Ільіных, так яно звычайна і здараецца. Недзе на трэцім курсе студэнты пачынаюць здымаць уласныя мікрабюджэтныя стужкі і змагацца за дыпломы і гран-пры розных конкурсаў і фестываляў. Гэта ўсё патрэбна для напампоўвання іх партфоліа, ад якога залежыць далейшае працаўладкаванне. Менавіта ў гэты час на курсе і выяўляюцца лідары. Урэшце, студэнты пачынаюць разумець, што гэта за прафесія такая — рэжысёр. У адрозненне ад абітурыентаў, якія, па назіранні мэтраў, часам маюць пра яе даволі няпэўныя ўяўленні.

/i/content/pi/cult/684/15050/8.jpgА каб сёе-тое усё ж усвядоміць, будучыя абітурыенты запісваюцца на падрыхтоўчыя курсы. Ёсць яны і ў Акадэміі мастацтваў. Там распавядуць пра ўсе патрабаванні, дадуць хуткую тэарэтычную і практычную базу, дапамогуць зразумець сутнасць іспытаў. Зрэшты, рыхтавацца да паступлення, безумоўна, можна і самастойна.

На іспытах вас папросяць напісаць сцэнарый фільма. Потым давядзецца прадэманстраваць акцёрскія здольнасці, паколькі гэта важны складнік рэжысёрскай прафесіі. А падчас сумоўя вы павінны паказаць высокі інтэлектуальны ўзровень, шырокі кругагляд, здольнасць мысліць і фармуляваць свае думкі.

А ўжо пасля таго, калі вы з годнасцю пройдзеце ўсе іспыты, будзьце гатовыя да таго, што абраная прафесія прынясе сюрпрызы і нечаканасці.

Першы метр

Нэла Васілеўская, якая летась атрымала дыплом рэжысёра мастацкага кіно, прызнаецца, што рашэнне паступаць у Акадэмію мастацтваў прыйшло да яе спантанна. Хаця на той час яна ўжо была дыпламаваным рэжысёрам — праўда, не кіно, а абрадаў і святаў, чаму вучаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Сёння яна ўпэўнена, што мала хто з абітурыентаў усведамляе, што гэта на самай справе за прафесія — рэжысёр кіно.

— Ля вытокаў было рамантычнае памкненне здымаць фільмы, — кажа яна. — Але толькі потым ты разумееш, які гэта складаны працэс. Акцёры працуюць па розных сістэмах, і таму некага трэба правакаваць, з кімсьці размаўляць шчыра. Потым мастацкі бок — колеразнаўства, кампазіцыя… Рэжысёр усё гэта павінен ведаць і ўлічваць.

Згадваючы свае першыя няўмелыя крокі ў прафесіі, Нэла прызнаецца, што напачатку яна нават не разумела, з чаго складаецца кадр і як ён рыхтуецца:

— Калі я напісала сцэнарый і планавала здымаць першы фільм, мне сказалі: “Добра, а зараз рабі раскадроўку”. Для мяне гэта быў шок — такая колькасць паслядоўных малюнкаў, свая выява на кожны кадр. Але з цягам часу ўсё становіцца на свае рэйкі. Раскадроўка дапамагае зразумець, як рэжысёр бачыць фільм і якім чынам яго трэба здымаць. Спярша ты проста разумееш, што так трэба, а пасля нават пачынаеш атрымліваць асалоду ад працэсу. Гэта ж твая справа! І ты рухаешся далей.

Курс, на якім давялося вучыцца Нэле, выдаўся традыцыйна разнародным і рознаўзроставым. Таму навучанне пачалося са знаёмства:

— Важна было зразумець, што мы ўмеем. Некага трэба было літаральна за руку вадзіць, а нехта ўжо наздымаў кучу кліпаў і фільмаў. Так паступова рухаліся ад эцюдаў і кароткаметражак да больш вялікіх фарматаў. У канцы першага курса я ўжо зрабіла стужку на 30 хвілін. У якасці акцёраў у ім былі дзеці і жывёлы. Мяне папярэджвалі, што здымаць дзяцей і жывёл — самае складанае. Але я вырашыла, што трэба ўсё паспрабаваць, каб далей было лягчэй.

На думку суразмоўцы, сістэму навучання трэба абнаўляць свежай крывёю і не пужацца эксперыментаў. Важна таксама ісці ў нагу з прагрэсам:

— Вытворцы кожны месяц анансуюць новую кінакамеру і прылады. З’яўляюцца і новыя сістэмы акцёрскага майстэрства. Сёння выкарыстоўваюцца сістэмы Канстанціна Станіслаўскага і Міхаіла Чэхава, але ёсць, напрыклад, і Івана Чабак. Гэта самы знакаміты трэнер па акцёрскім майстэрстве ў Галівудзе, якая працуе з такім зоркамі як Брэд Піт і Шарліз Тэрон. І гэта таксама трэба ведаць. З кожным новым наборам нешта ўжо змянілася ў свеце кіно. Студэнту спатрэбіліся б і асновы камп’ютарнай графікі, веды, як працаваць з храмакеем — тэхналогіяй сумяшчэння дзвюх і болей выяваў, з дапамогай якой можна ствараць іншыя сусветы. Зразумела, што ўсё можна знайсці і прачытаць у інтэрнэце. Але на занятках адбываецца такі абмен вопытам, які больш нідзе не атрымаеш. І выдатна, што ёсць педагогі, у якіх “гараць вочы”, яны гатовыя дзяліцца сваімі ведамі.

З Акадэміі Нэла выйшла з вялікім багажом адзнятага матэрыялу. Якасць яго рэжысёрка сёння ацэньвае па-рознаму, але галоўнае, на яе думку, — не губляць час ды атрымліваць досвед:

— Калі носам у пілавінне падаеш, гэта лепш, чым хадзіць вакол, абнюхваць ды аглядаць.

Цяжка ў навучанні — лёгка ў працы. Ужо на пятым курсе яна пайшла працаваць другім рэжысёрам у тэлесерыял. Дыплом на той час быў гатовы, і Нэла вырашыла паглядзець, як усё адбываецца на здымачнай пляцоўцы.

/i/content/pi/cult/684/15050/9.JPG— Думала, што будзе вельмі складана, — прызнаецца яна. — Але калі мы вучыліся ў Акадэміі, дык рабілі ўсё самі — і за рэжысёра, і за прадзюсара, і за мастака, і за касцюмера. Самі месца здымак шукалі, акцёрам тэлефанавалі. Калі ты навучышся арганізоўваць гэты працэс, потым на пляцоўцы табе будзе лягчэй. А самастойнае жыццё рэжысёра пачнецца тады, калі ён здымае поўны метр. Гэта маё меркаванне. Патрэбны фільм, пра які можна сказаць: гэта зняў я. Цяпер я другі рэжысёр, але і першым станавіцца калісьці трэба. Мае аднагрупнікі таксама ў пошуку сябе. Добра, што ўсе працуюць: нехта здымае кароткаметражку ў новым альманаху, нехта піша сцэнарыі — яшчэ ёсць на гэта запал. Але год-два — і трэба здымаць. Хай сабе і бюджэтненька.

Здымкі як момант ісціны

Аўтару звыш 30-ці дакументальных і некалькіх мастацкіх фільмаў Аляксандру Анісімаву адразу пасля заканчэння атрымання акцёрскай адукацыі пашанцавала патрапіць на першы рэжысёрскі курс Віктара Турава. Усе адабраныя ім дзесяць пачаткоўцаў былі людзьмі сталымі, з першай вышэйшай адукацыяй — хто з юрыдычнай, а хто і з медыцынскай. І курс атрымаўся вельмі моцны. Ніхто потым не згубіўся — нават у складаныя 1990-я. Аляксандр Анісімаў называе гэта сапраўдным педагагічным майстэрствам — спачатку дбайна набраць курс, а потым з кожнага зрабіць рэжысёра:

— Раней прынята было лічыць, нібы педагогі — гэта тыя, з каго не атрымаліся артысты і рэжысёры. Цяпер я разумею, што гэта не так. Быць сапраўдным педагогам — гэта пакліканне. Напрыклад, легендарны дыктар Ілья Львовіч Курган быў і найвялікшым настаўнікам. Сапраўдны зубр сваёй справы, які даказваў гэта кожным выпускам навінаў. І казаць, што ён не здзейсніўся ў прафесіі, ніхто не будзе.

На думку суразмоўцы, Віктару Тураву стаць такім самым выбітным педагогам проста не хапіла часу. Усяго два наборы, з якіх другі ён давёў толькі да трэцяга курса. Хаця патэнцыял быў навідавоку.

— Мы былі першымі і адзінымі, каго ён цалкам выпусціў, — кажа спадар Анісімаў. — Падчас вучобы Тураў запрашаў да нас знаных у той час людзей кіно. Жэня Грыгор’еў, сцэнарыст сусветнага ўзроўню, чытаў нам лекцыі. Яўген Дога прыязджаў ды тлумачыў кампазітарскія нюансы. Дарэчы, у той час Алег Сільвановіч якраз прыехаў з ВГИКа і чытаў нам лекцыі пра сучаснае кіно. І рабіў гэта фантастычна! Прыносіў фільмы, якія былі на той час недасягальнымі. Мы глядзелі “Ззянне” Кубрыка і “Апошняе танга ў Парыжы” Берталучы. Гэта ўсё глыбока запала ў сэрца. Цяпер ты часам здымаеш і думаеш: стоп, гэта ўжо было!

Віктар Тураў вучыў найперш сваім прыкладам і работамі. Напэўна, гэта і ёсць найлепшая методыка. Прынамсі, так лічыць мой суразмоўца.

— Я недзе прачытаў, што вялікі японскі рэжысёр Акіра Курасава сваім студэнтам даваў толькі практыку ды рабіў іх сваімі асістэнтамі. Няважна, якую ўстанову чалавек скончыў, бо папраўдзе навучыць яго можа толькі здымачная пляцоўка. Гэта той момант ісціны, які дазваляе дэталёва і глыбінна праявіць твае вартасці і заганы. Ты не навучышся здымаць, пакуль першы раз не прыйдзеш на здымачную пляцоўку і не возьмеш рупар у рукі. У глыбіні душы ты можаш быць самым вялікім і геніяльным рэжысёрам, але… толькі ў душы.

На думку спадара Анісімава, менавіта практычны досвед дапаможа засвоіць і адзін з найважнейшых навыкаў прафесіі: каардынацыя працы цэлай плоймы розных спецыялістаў і пошук агульнай мовы ў тым вавілонскім стоўпатварэнні, якім зазвычай з’яўляецца здымачная пляцоўка.

/i/content/pi/cult/684/15050/10.jpg— Вам давядзецца шукаць агульную мову не толькі з артыстамі, а і ўсёй кінабрыгадай, — дадае ён. — А гэта чалавек 70. І ад кожнага залежыць канчатковы вынік. Я ўзгадваю, як працаваў над першым сваім ігравым фільмам “Неверагоднае перамяшчэнне”. І як уся група мяне падтрымлівала. Быў такі паказальны эпізод падчас здымак на коле агляду ў парку Горкага. Кола рухаецца тры з паловай хвіліны, і я нічога не магу змяніць. Кабіна набліжаецца — ідуць здымкі. Ад’язджае ўверх — трэба чакаць. Разумею, што не паспяваю ў тэрмін. Паварочваюся да кіроўцаў, выбачаюся: маўляў, затрымліваюся. А яны разам кажуць: працуй-працуй, нам самім цікава, што з гэтага выйдзе. Калі ўкладваешся па-сапраўднаму, то зараджаеш усіх энергіяй, і ўжо ім неабыякава, чым скончыцца сцэна. І не хочацца бегчы дадому па сканчэнні змены.

Графічны аповед мультыплікацыі

Сёлета на рэжысёрскім аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з’явіцца спецыяльнасць “рэжысёр-пастаноўшчык анімацыйнага кіно”. Набіраць курс будуць вядучыя беларускія мультыплікатары Аляксандр Ленкін і Міхаіл Тумеля. Ёсць запыт на шэсць чалавек на бюджэтнае навучанне, якія пойдуць потым па размеркаванні на “Беларусьфільм”.

Патрабаванні да абітурыентаў амаль тыя ж, што і да рэжысёраў наогул. Толькі замест акцёрскіх здольнасцей трэба будзе прадэманстраваць уменне маляваць і выказваць свае думкі графічна.

— Прафесія мультыплікатара складаная, развіваюцца новыя тэхналогіі, але ў аснове застаецца базіс, — гаворыць рэжысёр-аніматар, дацэнт кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Міхаіл Тумеля. — У першую чаргу гэта разуменне выявы і яе існавання ў кадры, незалежна ад таго, намаляваная яна алоўкам ці змадэляваная ў 3D. Калі ў ігравым кіно акцёр і рэжысёр могуць знайсці агульную мову, то ў мультыплікацыі міміку і пластыку трэба перадаць персанажу. Таму на справе авалодваць даводзіцца адразу дзвюма прафесіямі: рэжысёра і мастака-мультыплікатара. Адпаведна, і патрабаванні пры залічэнні студэнтаў мэтазгодна рабіць высокімі. Тым больш, што працаваць ім трэба будзе ў вельмі канкурэнтным асяроддзі.

Па словах рэжысёра, выпускнікі-аніматары распаўзаюцца літаральна па ўсім свеце. Прыкладам, Марыя Матусевіч і Руслан Сянкевіч працавалі на “Саюзмультфільме”. Нехта ідзе ў інтэрнацыянальныя кампаніі, якія робяць камп’ютарныя гульні. Але базай усё адно застаецца “Беларусьфільм”. Практычна ўсе выпускнікі зрабілі там хаця б па адным фільме.

— Я ўпэўнены, што анімацыя — гэта справа маладых, — кажа спадар Тумеля. — Вельмі шмат энергіі трэба патраціць, каб зрабіць некалькі секунд фільма. Высілкаў і часу ідзе значна больш, чым у рэжысёраў ігравога ці дакументальнага кіно. Тэндэнцыю да таго, што анімацыя маладзее, я назіраю на сусветных фестывалях, дзе студэнцкіх работ бывае больш, чым фільмаў сталых майстроў. Да таго ж, і тэхналогіі спрашчаюцца. Раней трэба было мець цэлую студыю, цяпер яе замяняе камп’ютар. Ды, як ні дзіўна, з пашырэннем студэнцкай анімацыі стала менш смешных і легкадумна-гумарыстычных фільмаў. Усе закранаюць сур’ёзныя праблемы, часам вельмі актуальныя, але пры гэтым хочацца нейкай лёгкасці. Большай вітальнасці, я б сказаў.

Абітурыентам, якія наважацца паспрабаваць сябе ў мультыплікацыі, мэтр раіць прынесці на іспыт усе свае экзерсісы ў графіцы і малюнку — акрамя, зразумела, геніяльных думак і сцэнарыяў:

— Анімацыя — гэта візуальная мова, і таму мы будзем аддаваць перавагу тым, хто ўмее мысліць графічна. Тут не патрэбная бліскучая тэхніка, але раскласці сваю задуму і перадаць яе графічна трэба ўмець. Трэба, каб быў сюжэт і рух. І, безумоўна, важная думка. Для ўсіх рэжысёраў наогул.