Другое жыццё “Ідзі і глядзі”

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

19 сакавіка ў сталічным Доме кіно адбыўся паказ шэдэўра сусветнага кінамастацтва — “Ідзі і глядзі” Элема Клімава. Публіцы прадставілі адрэстаўраваную версію славутай карціны. Летась на 74-м Венецыянскім кінафестывалі яе прызналі найлепшай сярод тых фільмаў, што набылі другое жыццё. Сумесная акцыя кінастудыі “Беларусьфільм”, кінаканцэрна “Масфільм” і Беларускага саюза кінематаграфістаў была прымеркаваная да 75-годдзя трагедыі Хатыні. Дата знамянальная. Але, на жаль, той знакавы паказ адбыўся пасярод рабочага дня — у 16.00, калі патэнцыйная аўдыторыя стужкі была занятая на працы.

/i/content/pi/cult/684/15049/42571_opt.jpegКінасупольнасць, школьнікі, студэнты і пэўная колькасць гледачоў. Прадстаўнікоў здымачнай групы легендарнай карціны сустракала такая аўдыторыя. А тым, хто прапусціў паказ, ёсць пра што шкадаваць.

Рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў сваімі словамі вымалёўваў перад намі вобраз Элема Клімава падчас працы над стужкай. Яўген Крыжаноўскі, які ўдзельнічаў у тым фільме ў ролі партызана-грузіна, распавёў, што нечакана для сябе самога дапамог майстру абраць інтанацыю здымак адной з галоўных сцэн карціны. Пра ваеннае мінулае — сваё ды рэжысёра — казаў архітэктар Юрый Градаў, адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Бадай, самыя сенсацыйныя прызнанні прагучалі ад другога рэжысёра карціны Уладзіміра Паначэўнага і гукарэжысёра Віктара Морса. Дзеля таго, каб стварыць гул страшэннага ляманту людзей падчас здымак сцэны спальвання жыхароў вёскі ў свіране, здымачная група пайшла на нечаканы ход. Акрамя галашэнняў акцёраў, выкарысталі запісы крыкаў пацыентаў мясцовага апёкавага цэнтра на перавязках, зробленыя са згоды кіраўніка ўстановы.

Віктар Морс распавёў, што арыгінальны гукавы шэраг да славутай карціны пры невядомых абставінах быў згублены. Спецыяліст вымушана звяртаўся да ўладальнікаў копій стужкі, каб перапісаць зробленую ў свой час фанаграму. “Але тое, што вы сёння ўбачыце, вас не павінна расчараваць”, — падкрэсліў гукарэжысёр.

Не забыліся выступоўцы і на імя Алеся Адамовіча, проза якога стала асновай сцэнарыя карціны. Менавіта ў матэрыяле беларускага класіка — “Хатынскай аповесці”, рамане “Партызаны”, прытчы “Карацелі”, кнізе “Я — з вогненнай вёскі...” — Элем Клімаў знайшоў тое, што, на яго погляд, адпавядала “праўдзе” аб вайне. Першапачаткова фільм меў назву “Забіце Гітлера” — маючы на ўвазе знішчэнне зла ў тым ліку ў сабе, але потым яна была заменена на “Ідзі і глядзі” — радок з біблейскага “Апакаліпсіса”. Уладзімір Паначэўны прынёс на паказ сцэнарый з працоўнай назвай “Забіце Гітлера”, які яму падарыў Элем Клімаў.

На шчасце, адрэстаўраваная версія стужкі не пераўтварылася ў атракцыён. Гэта акуратная адаптацыя да сучасных фарматаў, і прапанаваная Віктарам Морсам гукавая палітра наноў выяўляе геній рэжысёра, які зрабіў стужку бязлітаснай да гледача. Ад “Ідзі і глядзі” немагчыма схавацца, і невыпадкова галоўнае ўражанне ад прагляду карціны — гэта агаломшанне і спусташэнне. Элем Клімаў не дазволіў сабе “разбавіць” дзеянне вольным і выпадковым “уздыхам” камеры. Кожны кадр злучаецца ў сугестыўную плынь, якая вядзе да немінучай катастрофы.

/i/content/pi/cult/684/15049/5.JPGПадчас прагляду ўразіла першая частка фільма, якая ў класічным фармаце дзвюхсерыйнай карціны аформлена ў асобную серыю. Сцэна размовы галоўнага героя Флёры і дзяўчыны Глашы ў лесе. Дзіўныя дыялогі і прадчуванне навалы, якое ствараецца з дапамогай гуку і буйных планаў герояў. Многія рэжысёры нават у самых трагічных фільмах пакідаюць сваім характарам “палёгку” цяперашняга часу — калі персанажы не ведаюць, што здарыцца далей, і атрымоўваюць асалоду ад гэтага моманту. Элем Клімаў сваім героям такой радасці не дае. Нават калі Глаша пасля
дажджу танцуе на чамадане, выяўляючы Любоў Арлову, глядач не можа пазбавіцца адчування набліжэння бяды. Элем Клімаў загадзя пагружае сваіх герояў у прастору мінулага, адчужанага часу — і дасягае гэтага менавіта праз выкарыстанне гуку, які стварае адчуванне прысутнасці і адсутнасці ў дзеі адначасова.

Неверагодная па сваім уздзеянні і сцэна ў роднай хаце Флёры, калі гул мух не прадказвае анічога добрага, ствараючы асацыятыўны шэраг са смерцю. Хоць глядач на пачатку і не бачыць забітых людзей.

Дзіўная рэч, але створаная Элемам Клімавым атмасфера страху і вар’яцтва атрымоўвае “лагічнае” вырашэнне ў сцэне спалення вёскі. Глядзець яе цяжка, але зло атрымлівае тут свой відавочны воблік — увасабляецца ў дзеяннях карнікаў. Забойства мае не абстрактнае — самалёт у небе, выпадковыя стрэлы, расстрэл, які здзейсніў хтосьці, — а канкрэтнае аблічча. Калі бачым карнікаў, мы тым больш не ў сілах вытрымаць і асэнсаваць злачынства — бо яго робяць звычайныя людзі.

“Якое страшнае кіно, давай сыдзем”, — падчас прагляду мне давялося чуць ад юных суседзяў розныя водгукі. Хтосьці не мог утрымацца на месцы, хтосьці — плакаў, а хтосьці напрыканцы фільма разышоўся і пачаў смяшыць аднакласнікаў. “Па шчырасці, я ўжо не магу ўспрымаць фільмы пра вайну, я іх пераглядзела”, — сказала адна дзяўчынка пасля сеанса.

На жаль, Дом кіно і мінскі “Кінавідэапракат” пагадзіліся толькі на дзённы паказ адной з найлепшых савецкіх карцін, зробленых на нашай кінастудыі. Толькі ў маім атачэнні знайшлося чалавек дваццаць, што шчыра перажывалі з-за немагчымасці патрапіць на сеанс. Мусіць, усё ж трэба было зладзіць не адзін паказ? Прычым, у якімсьці цэнтральным кінатэатры.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"