Перабраць рукамі тысячы аскепкаў

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

2 сакавіка 2018 года на 91-м годзе жыцця адышоў у лепшы свет доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Штыхаў. Легендарнаму археолагу, дзякуючы якому мы спасцігнулі многія таямніцы сярэднявечных Менеска, Віцебска, Полацка, давялося пажыць у розныя гістарычныя эпохі. Больш за тое — ён і сам стаў цэлай эпохай у беларускай навуцы. Але мала хто ведае, якім цярністым быў пачатак яго жыццёвага шляху. І ўжо зусім здзівіць многіх наступны факт: у Беларусь малады Штыхаў вярнуўся, бо… зняверыўся ў магчымасці пабудовы камунізму!

/i/content/pi/cult/683/15046/27.JPG“Шкадую болей, чым сябе”

Калі ён з’явіўся на свет (14 ліпеня 1927 года), яго родная вёска Старая Беліца толькі-толькі зноў увайшла ў склад БССР: з 1919 і па снежань 1926 года Гомельшчына з’яўлялася часткай Расійскай Федэрацыі. Гэта быў час, калі гучалі першыя званкі аб згортванні НЭПа, ужо адчувалася тармажэнне палітыкі беларусізацыі, рэзка ўзмацнілася разбежка паміж афіцыйна дэклараванай федэратыўнасцю Краіны Саветаў і рэальным унітарызмам, завяршалася фарміраванне рэжыму асабістай улады Сталіна. Прасцей кажучы, прасочваліся зародкі тых рэалій, якія неўзабаве закрануць сям’ю Штыхавых.

Яе галава Васіль Лявонцьевіч яшчэ з часоў царскай Расіі сеяў разумнае, добрае і вечнае, будучы школьным настаўнікам. Рабіў гэта аддана ды прафесійна — спачатку ў царкоўна-прыхадскіх школах, а потым у савецкіх. Да 1932 года працаваў у Старой Беліцы, затым перабраўся ў вёску Жмуроўка Рэчыцкага раёна. Вядома, няпроста было з маленькім настаўніцкім заробкам забяспечваць жонку, траіх дзяцей. Але Васіль Лявонцьевіч не журыўся і шчыра верыў у светлую будучыню.

Красавік 1933 года зніштожыў гэтую веру. Васіль Лявонцьевіч папоўніў шэрагі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Георгій Штыхаў пазней успамінаў у гутарцы з вядомым ізраільскім навукоўцам Леанідам Смілавіцкім: “Прыйшлі ноччу і павялі. Мне было пяць гадоў. Устаю раніцай — мама ў слязах. Што такое? Распавядае, якое няшчасце здарылася. Ніхто не разумеў, чаму: бацька быў не проста лаяльным чалавекам да савецкай улады, ён быў амаль актывістам, любое яе мерапрыемства, нават тое, да якога не ляжала душа, праводзіў у жыццё, лічыў неабходным. І раптам такое”.

Ні ў чым не вінаватага чалавека на пяць гадоў выслалі ў Заходні Казахстан. А праз чатыры гады асудзілі яшчэ на дзесяць гадоў лагераў.

Арышт адбіўся і на яго сям’і — яна ледзь зводзіла канцы з канцамі. Для ўладаў гэта была сям’я ворага народа. Але Васіль Лявонцьевіч не паў духам і ў сваіх лістах настройваў жонку і дзяцей на пазітыўны лад: “Добры дзень, мой мілы сыночак Жора! Слаўны ты хлопчык, што дапамагаеш маме: ходзіш у чаргу па хлеб, разграбаеш снег. Выканай маю бацькаву просьбу. Не палі, не бяры нават у рот гэтае паскудства, не бажыся, не лайся ні на каго, не мацюкайся, не крадзі нічога ні ў каго, у якой бы ты сам ні быў патрэбе... Я люблю цябе і шкадую болей, чым сябе самога, таму нічога ад мяне не хавай”.

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны лісты больш не прыходзілі. Выйсці з Архіпелага ГУЛАГ Васілю Лявонцьевічу так і не было наканавана. Даведацца пра лёс бацькі Георгій Васільевіч здолеў толькі пасля краху ДКНС (Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы), калі ён атрымаў доступ да закрытых архіваў. Невыпадкова навукоўца стаў адным з заснавальнікаў фонду “Памяць ахвяраў сталінізму Беларусі”, а ў 1992 — 1994 гадах быў старшынёй Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.

“Камунізм мы не пабудуем”

Нягледзячы на статус “сям’і ворага народа”, дзеці Васіля здолелі атрымаць вышэйшую адукацыю. Старэйшы брат Георгія Яўген загінуў падчас вайны. Характэрна яго матывацыя сыходу на фронт. Леанід Смілавіцкі прыводзіць такі дыялог: “Маці сказала Яўгену: “Ідзі абараняй Сталіна, бо ён цябе вучыў!” На што той адказаў: “Пайду абараняць, але не Сталіна, а Ленінград!” Тады яны жылі ў гэтым горадзе.

Шлях Георгія да дыплома быў доўгім: яму давялося вучыцца ў дзвюх розных ВНУ. Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт ён так і не скончыў. Тамтэйшы філасофскі факультэт давялося пакінуць з-за светапогляду: вучоба адбывалася ў тыя гады, калі выразна адчувалася агонія сталінскага рэжыму.

— На ўроках гісторыі СССР нам тлумачылі, што ў найстаражытныя часы не было класаў, людзі жылі супольнасцю, без прыватнай уласнасці, як казалі ў пару майго школьніцтва, пры “першабытным камунізме”, — распавядаў потым Георгій Васільевіч у інтэрв’ю газеце “СБ. Беларусь сегодня”. — І гісторыя, маўляў, у рэшце рэшт, павінна была прывесці нас зноў да таго самага камунізму. Як хутка — тады мне гэтая думка не давала спакою. З ёй я і паступіў на філасофскі факультэт. Марыў вывучаць Гегеля, Платона, але замест гэтага даводзілася штудзіраваць “геніяльныя працы” зусім іншага мысляра, таму на трэцім годзе вучобы я вярнуўся ў Беларусь. Затое зразумеў, што камунізм мы не пабудуем. Галоўны лозунг той эпохі “Ад кожнага па здольнасцях — кожнаму паводле патрэбаў” быў неажыццяўляльны. Задаволіць усе патрэбы людзей у прынцыпе немагчыма: запатрабаванні абганяюць магчымасці, а магчымасці заўсёды абмежаваныя.

Георгій працягнуў навучанне на гістфаку Белдзяржуніверсітэта. Дыплом атрымаў у 1956 годзе — у самы разгар хрушчоўскай адлігі. Гістарычная навука ачышчалася ад многіх догмаў. Рэабілітавалі бацьку. З’явілася магчымасць больш разняволена праводзіць урокі. Георгію Васільевічу было з чым параўноўваць: ён настаўнічаў з 1950 па 1959 гады ў Гродзенскай і Гомельскай абласцях.

Настаўнік Штыхаў з гадамі стаў разумець, што здольны на большае. Таму і паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. Пытанне аб тым, па якой спецыяльнасці навучацца, нават не стаяла. Яшчэ ў студэнцкую пару Георгій Васільевіч з захапленнем слухаў бліскучыя лекцыі археолага Аляксея Мітрафанава. Менавіта пад яго ўплывам Штыхаў вырашыў і сам стаць археолагам.

Калі ў далейшым яму задавалі пытанне пра людзей, чые ідэі, справы і ўчынкі больш за ўсё паўплывалі на ягоны светапогляд, патрыярх беларускай археалогіі называў тры прозвішчы: Усевалад Ігнатоўскі, Аляксей Мітрафанаў і Леанід Аляксееў. Першага ён ведаў толькі па працах. З двума іншымі часта перасякаўся падчас раскопак.

Да і пасля яго

Тэмай дысертацыйнага даследавання быў абраны старажытны Полацк IX — XIII стагоддзяў. Абараніўся малады навуковец паспяхова, і ўжо неўзабаве ўліўся ў калектыў Інстытута гісторыі, дзе працаваў усе наступныя 56 гадоў свайго жыцця. Абараніў доктарскую дысертацыю “Гарады Полацкай зямлі IX — XIII стст.”, стаў прафесарам. Сем гадоў узначальваў аддзел археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі. Даследчыкі аднадушныя ў тым, што ніхто не зрабіў для разгадак таямніц гарадзішчаў і курганных могільнікаў гэтай калыскі нашай дзяржаўнасці столькі, колькі зрабіў Штыхаў.

Ён быў фанатыкам археалогіі. Гэта агульнавядома. Працаголік, якіх вельмі рэдка сустрэнеш. “Некаторыя думаюць, што жыццё археолага — суцэльная рамантыка, — казаў Штыхаў. — Але гэта больш фізічная, цяжкая праца рыдлёўкай, пакуль дабярэшся да чарговай каштоўнай знаходкі. Затое адразу адчуваеш палёгку на сэрцы, калі думаеш пра тое, якія цябе чакаюць адкрыцці!”

Кіраўнік археалагічнай экспедыцыі — асоба поліфункцыянальная, на сваіх плячах нясе вялізны груз адказнасці. Геаграфія месцаў, у якіх працаваў навуковец, папраўдзе ўражвае: Мінск, Віцебск, Полацк, Барысаў, Заслаўе, Лагойск, Лукомль, Копысь... Адных толькі курганоў ім было раскапана каля 400! І ўсюды ён спрацоўваў на выдатна, падзяляючы гісторыю даследавання аб’екта на два перыяды: да Штыхава і пасля. Што мы ведалі да Штыхава пра пасады Віцебска, Заслаўя, Лукомля? Нічога. Пасля Штыхава яны перасталі быць terra incognita.

Вынікі яго раскопак дазволілі ўдакладніць многія гістарычныя звесткі. Моцны аргумент у дыскусіі аб узнікненні Мінска з’явіўся ў прафесара пасля раскопак паселішча на рацэ Менцы. Менавіта Штыхаў закрыў пытанне аб вызначэнні гарадзішча старажытнага Барысава. Менавіта ён зрабіў выснову, што фарміраванне заходняй галіны крывічоў адбывалася на Падзвінні ў другой палове першага тысячагоддзя.

Прынцыпова важна адзначыць, як гэты навуковец пазіцыянаваў сябе ў навуковай супольнасці, імкнучыся праводзіць міждысцыплінарныя даследаванні. Мэтр археалагічнага цэха заяўляў: “Каб разважаць пра мінулае, мала займацца раскопкамі, трэба працаваць і з летапісамі, услухоўвацца ў народныя паданні. Таму я сябе лічу гісторыкам-медыявістам, спецыялістам па Сярэднявеччы”.

Маштаб страты, якую панесла беларуская гістарычная навука, папраўдзе цяжка пераацаніць. Але Георгій Васільевіч не сышоў бясследна. Ён пакінуў багатую спадчыну.

Вынікі навуковых пошукаў прафесара выкладзены ў сотнях публікацый — ад навуковых артыкулаў да папулярных дзіцячых выданняў. Ён быў адным з аўтараў папраўдзе прарыўнога падручніка па гісторыі Беларусі для сярэдняй школы. У яго актыве — 12 манаграфій, больш за 350 работ па археалогіі беларускіх гарадоў IX — XIII стагоддзяў і 420 артыкулаў у энцыклапедыях.

Пры ўсёй сваёй занятасці ён шмат і ахвотна займаўся рэдагаваннем навуковых прац іншых даследчыкаў. Заўсёды адгукаўся на просьбы напісаць рэцэнзію.

Як выкладчык Штыхаў дасягнуў не меншых поспехаў, чым як даследчык. Можна адназначна сцвярджаць, што ён здолеў сфарміраваць сваю навуковую школу. Георгій Васільевіч выступаў навуковым кіраўніком двух дактароў і 19 кандыдатаў гістарычных навук. Падрыхтаваць такую колькасць кваліфікаваных археолагаў мог толькі таленавіты педагог. На працягу многіх гадоў Штыхаў па сумяшчальніцтве выкладаў археалогію ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Моладзі, якая збіраецца ісці ў навуку, карысна задумацца над наступнымі словамі мэтра: “Каб археолагу зрабіць выснову, які посуд бытаваў у тым ці іншым стагоддзі, трэба перабраць рукамі тысячы чарапкоў — аскепкаў гаршкоў. Часам надакучвае, хочацца ўсё кінуць. Але стрымліваюся, сумленна завяршаю пачатае — і тады душа радуецца. Сам сябе падманеш — сказіш гісторыю”.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар

/i/content/pi/cult/683/15046/28.JPG