А выніковасць краязнаўства?

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Уздзеншчына: ад піраміды да дыямента, ад Крапівы да Ёдкі
Бог ведае, як нараджаецца ідэя для канкрэтнай камандзіроўкі. Падстава для гэтай, да прыкладу, узнікла так. У сталічнай букіністыцы набыў за капейкі кнігу “Міншчына”. Разгарнуў наўздагад і прачытаў: капліца роду Завішаў збудавана ў XIX стагоддзі ў выглядзе… егіпецкай піраміды. З таго моманту не было на душы спакою, пакуль не прыдбаў білет да Узды. Пазнаёміўся з мясцовым краязнаўцам і пісьменнікам Дзмітрыем Вінаградавым і вырашыў, што пісаць буду пра краязнаўства, але пра краязнаўства дзейснае, практычнае, выніковае.

Краязнаўства, як клубна-біблітэчная навука даследавання малой радзімы, павінна быць, па маім меркаванні, менавіта такім. Выніковым! У адваротным выпадку справа спыніцца на агульным сшытку ці альбомчыку, што запаўняецца ад рукі і ўтрымлівае пажоўклыя фотаздымкі сядзіб, маёнткаў ды помнікаў. Прынамсі, менавіта такія краязнаўчыя “дапаможнікі” даводзіцца бачыць і па сёння ў сельскіх бібліятэках і клубіках, чые супрацоўнікі дбайна вывучаюць мінулае малой радзімы. У лепшым выпадку, звесткі гэтыя пераведзены на электронныя носьбіты. А спытаешся ў мясцовых маладзёнаў, хто такі Касцюшка ці Каліноўскі, дык нічога асэнсаванага ў адказ і не пачуеш. Дык каму патрэбна краязнаўства дзеля краязнаўства?

Увасабленне ідэй

Больш чым перакананы, што сёння патрэбны выхад зусім на іншы ўзровень. І алгарытм тут павінен быць такім: колькі ёсць цікавых аб’ектаў ці асоб у раёне, столькі і творчых праектаў (і не толькі турмаршрутаў) мае з’явіцца ў планах мясцовых устаноў культуры. Да слова, з такой пастаноўкай краязнаўчай справы цалкам пагаджаецца і ўздзенскі краязнаўца ды літаратар Дзмітрый Вінаградаў.

— Чаму жыхары таго ці іншага раёна не ведаюць гісторыю свайго краю? — пытаецца ён і сам дае адказ. — Ды таму, што любы помнік-аб’ект ці знакамітая асоба становіцца часткай знаёмага з дзяцінства краявіду — бы кавалак неба ці ўскраек лесу. Вось вока і замульваецца. А з аб’ектамі і асобамі працаваць трэба сістэмна.

Чым не эпіграф для майго артыкула?

Бульвар Крапівы

/i/content/pi/cult/683/15042/20.JPGПапярэджваю: нікога не жадаю абвінаваціць у творчай пасіўнасці. Проста разабрацца хачу, чаму для асобных з нас турэцкі бераг больш мілы і знаёмы, чым родны нёманскі пясочак? І які канкрэтна цяжар адказнасці кладзецца пры гэтым на рэгіянальныя ўстановы культуры? Уздзеншчына з гэтай нагоды абрана зусім невыпадкова. Адзін з самых насычаных раёнаў Міншчыны на гістарычныя, архітэктурныя, сакральныя, прыродныя цікавосткі, на выбітных асоб, што яскрава даводзяць: гісторыя нашай краіны пачалася далёка не з 1917 года. Дый напрацоўкі ў культурным плане поруч з неблагой матэрыяльнай базай дадаюць надзеі ўсё ж разблытаць праблемны клубочак.

Пачнём з асобаў. Хрэстаматыйны факт. У вёсцы Нізок нарадзіліся Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Лідзія Арабей. Хоць і розныя, аднак не абы-якія пісьменнікі. Ды плюс акадэмік, прафесар, доктар і восем кандыдатаў навук! А вёска гібее. Але нават і калі падмуркі ад хат там травою зарастуць, Нізок заўжды будзе вабіць да сябе аматараў прыгожага беларускага слова. Вельмі хочацца прыгледзецца да тамтэйшых краявідаў, каб зразумець, чаму ўздзенская зямля так шчодра родзіць творцаў. Якія-такія крыніцы там б’юць ды якія-такія навальніцы не даюць думцы супакойвацца?

Уздзенская бібліятэка носіць імя Паўлюка Труса. А як увекавечана слава знакамітага байкапісца і драматурга Крапівы? Намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анжэла Федчанка і начальнік мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Спірына паказалі мне кавалак вуліцы ад райвыканкама да раённага дома культуры. Тут павінен узнікнуць пешаходны бульвар Крапівы, упрыгожаны помнікам пісьменніку і скульптурнымі выявамі герояў ягоных баек. Праект знаходзіцца ў стадыі абмеркавання і ўзгаднення на абласным узроўні. Дай Бог, каб усё зраслося! Бульвар мае стаць чарговым брэндам краю. І я цудоўна разумею імпэт дырэктара Уздзенскай ЦРБ імя Паўлюка Труса Аксаны Драчан, якая называе Узду літаратурным горадам. Мясцовы край даў Беларусі 23 паэта і празаіка. Літаратурная гасцёўня пры райбібліятэцы — адна з самых актыўных у краіне.

Адзіная толькі заўвага. І бібліятэка, і РДК займелі ва Уздзе цудоўны будынак-дыямент, вельмі падобны да Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Форме і змест павінен адпавядаць. Калі клубную сцэну “дыямента” палюбіў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг (тут пастаянна ладзіцца абласное свята мастацтваў “Мелодыі ўдзенскай восені”), дык бібліятэчнай прасторы ўсё ж не стае яркіх іміджавых праектаў, тэатралізацый ды анімацый. Бульвар Крапівы абяцае быць шыкоўным. Якой дзеяй запаўняць яго ўлетку?

Я калісьці, прызнаюся, не надта разумеў, навошта Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы і Брагінскаму гістарычнаму музею з карціннай галерэяй тэатральныя калектывы. Цяпер разумею цудоўна. Любы краязнаўчы набытак у названых установах мае сцэнічна-тэатралізаванае перастварэнне. А мабільныя спектаклі ў антуражы старых муроў дадаюць установам гнуткасці і публіцыстычнасці ў дыялогу з чытачом і наведвальнікам.

Сорам перамагчы

Выніковае краязнаўства — як археалогія. Адшуканы артэфакт становіцца набыткам грамадства. Цудоўны прыклад таму — асоба Якуба Наркевіча-Ёдкі. Гэтае імя з нябыту вярнуў краязнаўца Уладзімір Кісялёў, а яго ініцыятыву падхапілі вядомыя навукоўцы на чале з членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі прафесарам Віктарам Грыбкоўскім. Дзякуючы ім мы даведаліся, што сядзіба Наднёман была адным з першых навуковых цэнтраў на Беларусі, дзе ў XIX стагоддзі Наркевіч-Ёдка праводзіў неверагодныя вопыты на стыку фізікі, метэаралогіі, медыцыны і псіхалогіі, дзе ён стварыў санаторый, у якім лячылі кумысам, музыкай і электрычнасцю.

Пра ўсё гэта мне распавёў па электроннай пошце фізік Уладзімір Самуйлаў, які ў Белдзяржуніверсітэце вучыўся ў Грыбкоўскага, а цяпер жыве і выкладае ў Амерыцы. Менавіта ён вырашыў адрадзіць руіны Наднёмана. Атрымаў на гэта дазвол нашага Міністэрства культуры, стварыў міжнародны дабрачынны фонд “Навука Вакол Нас”, згуртаваў валанцёраў-энтузіястаў, архітэктараў “Белрэстаўрацыі”. На сёння ўзноўлены “твар” сядзібы — уязная брама. Пад кіраўніцтвам прафесара Анатоля Федарука — знанага спецыяліста ў садова-паркавай гаспадарцы — ачышчаны руіны і парк. Летась у Наднёмане прайшоў Міжнародны навукова-гістарычны семінар “Навуковая спадчына прафесара Наркевіча-Ёдкі”.

Цудоўна, што райвыканкам ва ўсім падтрымлівае Уладзіміра Самуйлава. Арганізацыя і правядзенне ўзнаўленчых работ ажыццяўляецца мясцовым дабрачынным фондам імя Наркевіча-Ёдкі пры матэрыяльнай падтрымцы фонду “Навука Вакол Нас”.

Дык што тут будзе праз час? Па словах Уладзіміра Самуйлава, музей-лабараторыя (калекцыя прыкладнога абсталявання таго часу ўжо сабраная і падрыхтаваная), сама сядзіба з навуковым цэнтрам, метэаралагічнай станцыяй, канферэнц-залай. Пры гэтым, захаваецца аграрная накіраванасць маёнтка і батанічная разнастайнасць парка. Словам, рыхтуецца ўнікальны навучальна-адукацыйны цэнтр з інтэрактыўным музеем.

Усё быццам бы добра, а мне сорамна. Бо постаць беларускага вынаходніка радыё ў нашых падручніках фізікі павінна з’явіцца поруч з імёнамі Тэслы і Рэнтгена, а яго пакручастае жыццё — стаць сюжэтнай асновай для раманаў і серыялаў ды запальваць даследчыцкі імпэт у маладых навукоўцаў. Мо тады і грошы ў нас знойдуцца для адраджэння нацыянальных святыняў? Без гэтага не будзе выніковасці практычнага краязнаўства.

Застаецца выказаць словы ўдзячнасці Уладзіміру Самуйлаву за ягоны неўтаймоўны патрыятызм. Шаноўны Уладзімір Аляксандравіч, шчыры дзякуй, вы — чалавек неабыякавы! І я вельмі спадзяюся, што гэта не апошні артыкул пра вашу дзейнасць. Таму не развітваюся.

У пошуках скарбаў масонаў

А што піраміда? Выглядае таямніча, велічна і знаходзіцца на гарадскіх могілках. Аказваецца, Завішы, як і іншая беларуская шляхта, падтрымлівалі Напалеона падчас яго паходу ў Егіпет (1798). І тэма “пірамід ды фараонаў” стала па тым часе надзвычай моднай. Адсюль такі магільны экзерсіс. Унізе — склеп, дзе нават і трэскі ад трун не засталося. Уверсе — адтуліна, праз якую бачны сакрэтны пакой, дзе, як кажуць, мясцовыя масоны збіраліся. Быць “вольным муляром” таксама было модна. Тым больш, мясцовыя масоны займаліся дабрачыннасцю, падтрымлівалі культуру і адукацыю…

Час не пашкадаваў піраміду яшчэ і па прычыне “чалавечага фактару”. Хтосьці рэгулярна шукае тут нейкі скарб. Таму ад склепа засталася толькі мураваная абалонка. Той выпадак, калі гаворку трэба весці пра безвыніковае краязнаўства. Штосьці падобнае адбываецца кожную снежную зіму і на маім праспекце Любімава, дзе дзятва аблюбавала могілкавы курган для катання на санках. Дык ці з’явіцца ў нас калі-небудзь гонар за сваю мінуўшчыну?

І зноў — няма грошай

Яшчэ адзін цуд Уздзеншчыны — Кальвінскі збор у цяперашнім пасёлку Першамайскі. Знаходзіцца ён на тэрыторыі (а таму — і на балансе) мясцовага ліцэя. Стан помніка — па-ранейшаму вельмі несамавіты. На рамонт унікальнага пратэстанцкага храма абарончага тыпу XVI стагоддзя вось ужо каторае дзесяцігоддзе няма грошай. Тлумачэнне гэтае хрэстаматыйным стала. Пра збор у чарговы раз прыгадалі адносна нядаўна — у звязку з перапахаваннем парэштак слыннай Магдалены Радзівіл, чый лёс быў звязаны з гэтым знакавым для Беларусі месцам. Але нейкіх істотных зрухаў да лепшага я не заўважыў.

Ліцэй знаходзіцца на тэрыторыі колішняй сядзібы Кухцічы, якая прыналежала ўжо вядомым нам Завішам. Захаваліся флігелі і гаспадарчыя пабудовы — што праўда, у такім самым занядбаным стане, як і збор. Праглядаюцца і велічныя паркавыя алеі. Там, дзе цяпер знаходзіцца летняя альтанка, сцвярджаюць краязнаўцы, было пахаванне ўлюбёнага панскага сабакі. Інакш кажучы, па меркаванні Дзмітрыя Вінаградава, гэта чарговы пункт будучага маштабнага турыстычнага маршрута.

А ёсць жа яшчэ фрагменты сядзібна-паркавага ансамбля ў Талкачэвічах, гарадзішча ў Цеплені, курганны могільнік у Валяр’янах…

Гаспадарчым спосабам

Цяпер — пра прыемнае. На сяле і ў раённым цэнтры я пабачыў нямала ўстаноў культуры, адрамантаваных гаспадарчым спосабам: музей, школу мастацтваў, шэраг СДК, у тым ліку ў Хатлянах. Вельмі прыстойная якасць работ. На Міншчыне раён займае трэцяе месца па выкананні работ менавіта гаспадарчым спосабам. Гэта — запеўка. Сама ж песня — пра Хатлянскі СДК, дзе я знайшоў процьму пацверджанняў, што выніковае краязнаўства — жыве і перамагае. З гэтай нагоды, я б занёс гэты клуб у спіс цудаў Уздзеншчыны.

Па-першае, тут — тры народныя фарміраванні: фальклорны гурт “Крынічанька”, дзіцячая студыя ткацтва “Скарбніца”, гурток саломкапляцення “Саламяны цуд”. Па-другое, кожнае гэтае фарміраванне ўзнікла ў выніку краязнаўчых даследаванняў, экспедыцый, сустрэч з непасрэднымі носьбітамі традыцый. Так былі створаны рэпертуар “Крынічанькі”, праграма практычнага дзеяння студыі і гуртка. Кожныя слова, нота і рух сталі не мёртвым архіўным грузам, а жывым набыткам для сучасных творчых праяў. Мая б воля, уключаў бы ў раённыя турмаршруты і гэты клубік, дзе ёсць і майстэрня-выставачная зала, і два музейныя этнапакоі. Але асноўны скарб установы — яе кіраўнік Галіна Баранюк.


Знаёмцеся!

“Мне такую “Паскакуху” паказалі!”

У Галіны Іванаўны — голас маладзенькай дзяўчыны-шчабятухі. Я б такую слухаў і слухаў. Прымаўкі, прыказкі, жарты — усё ліецца само па сабе, натуральна і жыццесцвярджальна. Так вясновая ручаінка жвава цурчыць па каменьчыках. Дзесьці я ўжо чуў такі “спеў”. І калі даведваюся, што Баранюк пэўны час працавала на Любаншчыне, разумею: яе настаўнікамі былі такія аўтарытэтныя знаўцы фальклору, як Васіль Каткавец ды Сяргей Выскварка. Вось адкуль тая дасціпнасць.

/i/content/pi/cult/683/15042/21.JPGА нарадзілася Баранюк пад Смалявічамі, у вёсцы Калюга. Я пра гэта згадваю таму, што артыстызм Галіны Іванаўны — яшчэ і ад сям’і. Мама была знаная пявуння, тата — гарманіст, без якога вяселле — не вяселле. А ў сям’і — пяцёра дзяцей. Вось такім складам і спявалі.

Так атрымалася, што скончыла Галіна будаўнічае вучылішча і трапіла па размеркаванні пад Ніжневартаўск. “Грошы? — перапытвае яна. — Не, па грошы ў тайгу толькі дурні ездзяць. Я сабе мужа прывезла!”

На дробязі Галіна Баранюк не разменьваецца. Калі вырашыла стаць клубнікам, паступіла ў Магілёўскае вучылішча культуры. Адначасова з маці паступіла ў медвучылішча і яе дачка Аксана. Такая акалічнасць Галіну Іванаўну ніяк не спыніла. Маўляў, усякае ў жыцці бывае. І самае галоўнае ў ім — рабіць усё па-максімуме. Па такім прынцыпе Баранюк і “Крынічаньку” стварала. Шмат з бабулямі сустракалася, навакольныя вёскі ці не ўсе абышла.

— Аднойчы ў Бары мне кабеты такую “Паскакуху” паказалі! — згадвае яна шчаслівыя моманты жыцця. — Я вачам сваім не паверыла. Полькі, якія раней ведала, і побач не стаялі.

Вы бачылі б у гэты час твар Галіны Іванаўны! З такім імпэтам грыбнік распавядае пра грыбы, а паляўнічы — пра дзічыну. Так і атрымліваецца, што не надта разумныя людзі мараць пра грошы і нястомна шукаюць скарбы, разбураючы пры гэтым усё наўкол. А Галіна Баранюк — сама па сабе скарб. Крыніца стваральнай радасці для іншых.

Уразіла і тое, як дырэктар СДК стаіць за сваіх падначаленых сцяной. Яна сама іх адшуквала і заваблівала. І гатовая расказваць пра іх здольнасці бясконца.

Я казаў, што ва ўстанове рамонт зроблены гаспадарчым спосабам: адноўленых дах, заменены вокны, зала неблагая з’явілася. Але дырэктару гэтага мала. Хоча нейкім чынам рассунуць межы фае, каб стала ў ім святлей. Веру, даб’ецца з часам і гэтага.


Замест заканчэння

Няпросты квэст з цьмянымі перспектывамі

/i/content/pi/cult/683/15042/22.JPGЗавяршэнне не надта радаснае. Галоўны галаўны боль удзенскага начальства — далейшы лёс будынка былога касцёла, дзе раней быў РДК. З аўкцыёну прадаць яго не атрымліваецца, хоць і просяць за намоленыя сцены адну толькі базавую велічыню.

Мясцовая творчая грамада, як я даведаўся, не хоча аддаваць былы касцёл прыватнікам-камерсантам. Дзмітрый Вінаградаў марыць, каб размясціўся тут Цэнтр краязнаўства (натуральна — выніковага), які стаў бы музейным філіялам. Загадчык метадычнага аддзела РДК Алег Каламіец прапаноўвае стварыць цэнтр рамёстваў, якога пакуль няма ні ў горадзе, ні на раёне. А нейкія выпадкова сустрэтыя маладзёны аднагалосна выказаліся за тое, каб зрабіць тут квэст-цэнтр, што таксама падаецца слушным. Зразумела, на ўсё гэта патрэбны грошы, якіх няма.

Так што перспектывы ў будынка — цьмяныя. Стаіць ён цяпер за зачыненымі варотамі, зробленымі за спонсарскія грошы. Ці дачакаецца свайго часу?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"