Бы Зямля ў пачатку Дзён

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

У галерэі “Панарама”, што месціцца на 22-м паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адкрылася персанальная выстава вядомага мастака-акварэліста Вячаслава Паўлаўца “Крокі па вадзе”.

/i/content/pi/cult/683/15034/7.jpgЭкспазіцыю складаюць 24 работы, у якіх вада — галоўны і адзіны герой. Вада як снег, дождж, як рачная плынь і вільготнае паветра.

На вернісажы слова бралі сябры і калегі — мастакі. Бадай, усе адзначалі выключную працавітасць творцы і яго здольнасць дасягнуць мінімальнымі сродкамі надзвычайнай выразнасці. На ягоных аркушах — краявіды канкрэтных мясцін, якія ўспрымаюцца бы сімвалічнае ўвасабленне беларускай прыроды, сціплай і велічнай. Скажу болей, Беларусь у выяўленчай версіі Паўлаўца паўстае прыгожай як Зямля да ўзнікнення цывілізацыі. Мне на выставе згадаліся радкі Караткевіча: “Адбітая ў зрэнках бы ў палонцы, / Зямля мая ўстае перада мной, / Высокая і чыстая як сонца, / Чысцейшая, бо плям няма на ёй…”

Трэба ведаць, што тэхніка акварэлі патрабуе ад мастака цвёрдай рукі, засяроджанасці, творчай інтуіцыі і здольнасці кіраваць сваім натхненнем. Не кожны прафесіянал можа пахваліцца такім суквеццем якасцей. А вось у Вячаслава Паўлаўца гэта ёсць. Нездарма ягоныя работы ўпрыгожваюць экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і мноства прыватных калекцый у нашай краіне і замежжы.

Дадам, што своеасаблівы бонус для наведвальнікаў выставы — магчымасць убачыць Мінск з вышыні птушынага палёту, з 22-га паверха “Нацыяналкі”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"