Каханне па-японску, але з беларускім акцэнтам

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Чарговая тэматычная праграма — гэтым разам, “японская” — якая прайшла ў Беларускім тэатры “Лялька”, заахвоціла задумацца пра самую прыроду такіх імпрэзаў. Тым больш, вядомыя сумныя выпадкі, калі яны маюць выключна камерцыйны характар або імкнуцца задаволіць чыесьці завышаныя асабістыя амбіцыі. На шчасце, у Віцебску тыя часы ўжо сышлі ў мінулае, а “Лялька” сваімі праграмамі ніколі не падводзіла. І нават апошняе, даволі рызыкоўнае мерапрыемства “Каханне пад сакурай”, прымеркаванае да Дня ўсіх закаханых, аб’яднала ў сабе і забавы, і творчасць.

/i/content/pi/cult/682/15021/17.JPGПершае, што выклікала сумневы нават у некаторых прадстаўнікоў СМІ — гэта “японскі” характар праграмы ў беларускім тэатры. Такое недарэчнае ўспрыманне тлумачыцца скажоным уяўленнем аб нацыянальнай культуры як аб з’яве, не здольнай інтэграваць у сабе элементы і магчымасці іншых культур. Бо звернутасць толькі ўнутр сябе кажа аб коснасці, а магчымасць узаемадзеяння сведчыць пра здольнасць да развіцця. Пры гэтым, і сама “Лялька” не канцэнтравалася выключна на сабе, а прыцягнула да супрацоўніцтва Акадэмію Здароўя Юрыя Садоўскага і Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Мы імкнуліся не выявіць аўтэнтыку, але перадаць нашы адчуванні японскай культуры, — растлумачыў мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук. — Ці атрымалася нам стварыць гэтую атмасферу? Прыглушанае святло, спакой, музыка, касцюмы, фрызуры — усё гэта стварала адчуванне іншай прасторы, іншага культурнага свету. Усё было абыграна. Гэта была гульня ў Японію, а не рэальная Японія. Бо тэатр і павінен іграць.

Да таго ж, абраная тэма адпавядала спектаклю “Чароўная зброя Кэндзо”, які паказваўся ў той самы вечар. Між іншым, рэпертуар Беларускага тэатра “Лялька” ўключае дзве п’есы на японскую тэматыку, так што змест праграмы выбраны не выпадкова. І ў гэтым адказ на вырашэнне яшчэ адной магчымай праблемы: акцёрам добра знаёмая атмасфера іншай культуры, у якую ўжо не трэба было спецыяльна ўжывацца. Як распавёў Віктар Клімчук, нягледзячы на дамінуючы элемент гульні, падчас падрыхтоўкі праграмы было шмат прынцыповых творчых спрэчак: што з’яўляецца Японіяй, а што не з’яўляецца.

Над праграмай працавала ўся трупа. Былі гульні, паэтычныя варыяцыі, варажба, арыгамі, тэатр ценяў, дэгустацыя сакэ, запусканне ліхтарыкаў з пажаданнямі ў вечаровае неба — і, вядома, конкурс на найлепшае прызнанне ў каханні. А для тых элементаў праграмы, дзе без “вузкіх спецыялістаў” зусім не абысціся, іх запрасілі.

Першым крокам у японскай гімнастыцы мог навучыць гледачоў акцёр тэатра Сяргей Талкач, які і сам займаецца практыкаваннямі цыгун. А вось чайную цырымонію праводзілі абазнаныя ў гэтым Юрый Садоўскі і Аксана Драздова (Акадэмія Здароўя Юрыя Садоўскага). Затое, самурая збоку запрашаць было не трэба: у выкананні акцёра Яўгена Гусева вобраз воіна атрымаўся пераканаўчым і вычарпальным, уражваючы гледачоў сваёй рашучасцю, катэгарычнасцю і лаканізмам прамоў. А выдатныя актрысы “Лялькі” ўвасобілі чароўныя традыцыйныя вобразы японскіх жанчын.

Зразумела, такога роду праграмы маюць у пэўнай меры камерцыйны характар, аднак яго нельга аддзяліць ад творчага складніку. Бо прыцягненне гледача ў тэатр — гэта не толькі зарабленне грошай, але і паказчык стваральнай актыўнасці і наяўнасці крэатыўных ідэй. Аб дадзенай узаемасувязі гаварыў і Віктар Клімчук:

— Тэатру патрэбны глядач. А калі гледачу не патрэбны тэатр — нічога не атрымаецца, не адбудзецца дыялог. Спектакль — гэта выдатна, аднак… Заўсёды задумваешся, чым бы яшчэ здзівіць гледача.

Беларускі тэатр “Лялька” ўжо зрабіў значны ўнёсак у міфалагему горада, стварыўшы вобразы Белай панны (яна ж — Гаспадыня Замкавай гары) і Чорнай панны, якія трывала ўвайшлі ў разрад “гарадскіх легенд”. Гэтыя персанажы былі паказаны гледачам у ранейшых тэматычных праграмах.

У канцы нашай размовы рэжысёр распавёў пра задуму новай праграмы, у якой беларуская культура будзе раскрывацца не са звыклага “сялянскага” боку, а ў праекцыі шляхецкай. Такі арыстакратычны падыход — зрэшты, ужо традыцыйны для “Лялькі”, што відавочна і са спектакляў, і з іншых імпрэзаў — з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем творчых прыярытэтаў. Наданне нацыянальнай культуры элітарнага вымярэння надае і самому прыемны флёр элітарнасці.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ