Слова Караткевіча бы камертон для мастака

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Перамогу Міхаіла Басалыгі, які на сёлетнім Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” быў названы найлепшым ілюстратарам за афармленне кнігі Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, можна лічыць прадказальнай. Вядомы графік ужо не ўпершыню звярнуўся да творчасці знакамітага пісьменніка. Не будзе памылкай сказаць, што захапленне талентам Караткевіча было для мастака чымсьці накшталт першага кахання, якое звычайна застаецца на ўсё жыццё своеасаблівым камертонам. У творах пісьменніка Міхаіл Басалыга знайшоў сваю Беларусь — рамантычную і трагічную, велічную і пяшчотную. Кніжная аздоба — не адзіная іпастась творчасці мэтра. Справе папулярызацыі гісторыі і культуры Беларусі служаць і ягоныя станковыя аркушы, і выхаванне мастацкай моладзі. Павіншаваць спадара Міхаіла з узнагародай наведаліся ў ягоную майстэрню журналісты “К”.

/i/content/pi/cult/682/15009/1.jpg

Чамусьці ў майстэрні на вока адразу трапілі дзіцячыя малюнкі. “Гэта майго ўнука”, — патлумачыў Міхаіл Самойлавіч. І само сабою ўзнікла першае пытанне:

— Ці не бачыце свайго ўнука ў будучыні мастаком?

— Гэта як жыццё складзецца. Ён толькі ў першы клас пайшоў. У такім узросце ўсе малююць. Ды і хопіць мо ўжо ў мастацтве Басалыгаў! Я, мой брат, мой сын з нявесткаю… Дачка пра мастацтва артыкулы піша. У нас уся сям’я такая. Маці мая была выдатнай ткачыхай. Калі ў мастацтва і ўнукаў пацягне, дык перашкаджаць не стану, але і гвалтам пхаць у той бок не буду. Такі выбар чалавек робіць свядома, уяўляючы, чым гэта абернецца.

— А чым яно можа абярнуцца?

— Мастацтва — гэта добраахвотная катарга. Мне так калісьці Міхаіл Андрэевіч Савіцкі казаў. І так яно і ёсць. У мяне ў жыцці ніколі не было ні выхадных дзён, ні адпачынку. Пры тым, што я чалавек свабодны, і ніхто мяне ні да чаго не прымушае. Зрэшты, я разумею тых, хто не хоча асабліва “замарочвацца”. Напісаў за два дні нацюрморт, аднёс у салон — і маеш сякую-такую капейчыну. А я шматфігурную батальную кампазіцыю малюю год. Калі маю працу над вобразамі Караткевіча прасачыць у часе ад задумы да рэалізацыі, дык атрымаюцца дзесяцігоддзі! Падобна на тое, што такія, як я, хутка вымруць бы тыя маманты!

/i/content/pi/cult/682/15009/2.JPG— На сур’ёзнае мастацтва попыту няма?

— Ёсць. Але яно не цэніцца так, як мае быць. Спашлюся, да прыкладу, на творчасць Віктара Сташчанюка. Ён маляваў помнікі дойлідства, рабіў навукова дакладныя гістарычныя рэканструкцыі. Цяпер, калі яго ўжо з намі няма, ягоныя творы друкуюць часцей за чые іншыя. А пры жыцці ён за гэта нічога не меў.

— А чаму вы ўзяліся за ілюстраванне Караткевіча?

— Гэта было нейкае пакліканне. “Дзікае паляванне караля Стаха” я рабіў, не маючы замовы. Але была ўпэўненасць, што гэта патрэбна, што гэта ў любым выпадку не прападзе. У той час якраз была вялікая пературбацыя ў выдавецкай справе. Ніяк не маглі вызначыць, хто на чым мусіць засяродзіцца — на якой тэматыцы, хто які чытацкі асяродак павінен абслугоўваць. У адным выдавецтве мой “Стах” паўгода ляжаў, потым у другім… Пры тым, што ўсе білі сябе ў грудзі,
абяцалі надрукаваць. Маўляў, гэта якраз тое, што патрэбна чытачу. А выйшла кніга ўжо ў трэцім выдавецтве. У “Беларусі”. Ім я прапанаваў выдаць і кнігу “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, за аздобу якой узяўся пасля “Стаха”.

— Вас вынік задаволіў?

— Працытую вядомы выраз: “Хацелі як лепей, атрымалася як заўжды”. Пачнём з таго, што ў “Дзікае паляванне…” не ўключылі галоўную ілюстрацыю — выяву самога палявання.

— Чаму?

— Забыліся. Я тады прыхварэў і не мог гэтую справу пракантраляваць. Кнігу пабачыў гатовай. Я разумею, што мастаку цяжка дагадзіць. Але ілюстрацыі і да першай, і да другой кнігі Караткевіча я рабіў, арыентуючыся на большы фармат. Каб потым пры друкаванні іх трошачку зменшыць. Максімум на чвэрць. А іх амаль на палову зменшылі. Так твары персанажаў рассыпаліся як гарох.

/i/content/pi/cult/682/15009/3.JPG— А калі вы ўпершыню даведаліся, што ёсць у Беларусі такі пісьменнік — Караткевіч?

— У 1960-я. Мы з братам тады ў выдавецтве паштоўкі рабілі. Я неяк разгаварыўся з загадчыкам аддзела пра жыццё, пра літаратуру. А ён і кажа: я табе дам кнігу на два дні. Кніга наўпрост з друкарні, непераплеценая. Вокладкі няма, першых старонак — таксама. Вось тады я ўпершыню пачуў, што ёсць такі магутны пісьменнік. “Дзікае паляванне караля Стаха” прачытаў на адным дыханні і вярнуў ужо назаўтра. Такой літаратуры на беларускай мове дагэтуль не было. Тады ж я паспрабаваў нешта на тэму “Дзікага палявання…” намаляваць, але па тым часе ў мяне яшчэ не было належнага майстэрства ці досведу. Аднак я сказаў сабе, што рана ці позна да гэтай кнігі вярнуся.

— Караткевіч бачыў вашы ілюстрацыі да ягоных твораў?

— Тыя першыя сціплыя малюнкі я яму не паказваў. Са свайго досведу ведаю, што пісьменніку трэба паказваць толькі гатовую работу. А да выхаду ў свет “Дзікага палявання…” з маімі ілюстрацыямі ён не дажыў. А ўвогуле ў яго былі клопаты больш сур’ёзныя, чым аздоба сваіх кніг. Ад дасведчаных людзей чуў, што Караткевіч рукапісы дома не трымаў, хаваў у знаёмых. Так бы мовіць, на ўсялякі выпадак.

/i/content/pi/cult/682/15009/4.JPG— Вы праілюстравалі дзве кнігі Караткевіча. Каб мелі магчымасць, якая стала б трэцяй?

— “Каласы пад сярпом тваім”. Але баюся, сёння я такую маштабную працу проста фізічна не пацягну. Ведаеце, калі справа скончана, у маім выпадку — калі кніга выйшла з друку, праходзіць час — і ўжо бачыш усё іншымі вачыма. Сёе-тое сёння зрабіў бы інакш. Калі можна было б, я зноў вярнуўся б да “Дзікага палявання...”, зрабіў бы некалькі дзясяткаў новых ілюстрацый у дадатак да існых. Гэты твор настолькі вобразна насычаны, што ілюстраваць у ім можна літаральна кожную старонку.

— Бывае, што ілюстратары потым робяць станковыя работы паводле аздобы кніг. Так, Арлен Кашкурэвіч пасля працы над творамі Быкава стварыў серыю цудоўных станковых аркушаў. Вам не прыходзіла думка вярнуцца да вобразаў Караткевіча ў новым фармаце?

— У мяне ёсць аркуш “Ладдзя роспачы”, у якім адбіліся мае развагі пра ХХ стагоддзе. Натхніў мяне менавіта Караткевіч, але ягонага рамантызму ў гэтым творы няма. Я думаю, з часам мы будзем знаходзіць у яго творах шмат такога, што не сказана наўпрост, але прысутнічае ў падтэксце. Чытаць і перачытваць іх можна бясконца.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"