Местачковы “палп фікшн” пад духавы аркестр

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

У створаным мною падчас падарожжаў па краіне рэйтынгу самых адкрытых суразмоўцаў кіраўнікі ўстаноў культуры Наваельні i тыя жыхары (а асабліва жыхаркі), якія маюць да яе шчыльнае дачыненне, з гэтага часу займаюць вядучыя пазіцыі. Адкрытых — не ў сэнсе крытыканства, а з пункту гледжання “хварэння” за сваю справу і захопленасці ёю. Мяркуйце самі.

/i/content/pi/cult/681/15004/18.JPG“Небяспечная” праца

Чым мяне адразу купіла Наваельнянская гарпасялковая бібліятэка-цэнтр зносін і інфармацыі — філіял Дзятлаўскай раённай — дык гэта падшыўкай нашай газеты. Глядзіцца яна там самавіта — як, зрэшты, і сама ўстанова, што ўражвае не толькі сваёй саліднай плошчай, але і не абы-якой наведвальнасцю — звыш 1350 чалавек у месяц. А таксама і дзіцячым кутком, у якім малыя могуць боўтацца ў мяккіх крэслах, чакаючы, пакуль іх бацькі падбяруць сабе што-небудзь па гусце.

Падчас майго наведвання бібліятэкі тат і мам ў ёй было — пералічыць па пальцах адной рукі. Загадчыца Лаура Кунюцiце патлумачыла, што ў будні днём сюды прыходзяць перш за ўсё пенсіянеры. А школьнікі заскокваюць за праграмнымі творамі пасля заняткаў.

— Падлеткі не раз мне скардзіліся, калі я ім рэкамендавала тую ці іншую мастацкую літаратуру не са школьнай праграмы. Маўляў, ім столькі ўсяго задаюць, што на чытанне для сябе проста часу няма, — кажа Лаура Яўгенаўна. — Рэдка яны бяруць кнігі “проста так”. А калі бяруць, то пераважна нешта з жанраў забаўляльных.

І дарослыя аддаюць перавагу лёгкаму чытву — хаця ў наборы павышанага попыту часам трапляецца і “цяжкае”, для развагаў і роздуму. Сярод беларускіх аўтараў у лідарах выдачы Аляксандр Афяроўскi і Яўген Хвалей.

На пасадзе загадчыцы спадарыня Кунюцiце працуе два гады. Не раз задумвалася пра тое, каб змяніць сферу дзейнасці, бо жыве яна ў Дзятлаве, і дарога туды-сюды яе трохі стамляе ды і па кішэні б’е. У ацяпляльны сезон у бібліятэцы... холадна, што аптымізму таксама не дадае. І гэта нягледзячы на тое, што тры гады таму яна пераехала ў новае памяшканне (праўда, арандаванае), дзе, здавалася б, з абагрэвам павінна быць усё ў парадку…

— Не зважаючы на гэтыя бытавыя нязручнасці, мне падабаецца мая прафесія, — кажа загадчыца. — Падабаецца прыдумляць розныя праекты, якія ахопліваюць усе ўзроставыя групы наведвальнікаў і накіраваныя на прыцягненне новых чытачоў. Такія, скажам, як “Кніжны дэсант”, калі я прыходжу ў наш дзіцячы садок і чытаю казкі, потым задаю па іх пытанні, гутару з дзятвой пра тое, якія кніжкі яна любіць. Або відэапрэзентацыі, звязаныя з вывучэннем алфавіту, мовы.

Асаблівае месца ў жыцці бібліятэкі адводзіцца працы з дзецьмі з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Яны ў абавязковым парадку прыцягваюцца да мерапрыемстваў, што праходзяць ва ўстанове — і ў якасці іх гасцей, і як удзельнікі. І, натуральна, з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі. Больш за тое, іх у гэтым сэнсе кантралююць і накіроўваюць: адсочваюць, як часта яны бяруць літаратуру, што менавіта бяруць, раяць кнігі для чытання.

З кастрычніка па канец лістапада бібліятэка папоўнілася паўсотняй новых карыстальнікаў.

— А калі б прыросту не было? — задаў я наіўнае пытанне.

— Гэта адбілася б на прэміяльных, — прызналася Лаура Яўгенаўна.

“Дзіўна, — падумаў я, — калі адзін і той самы падыход, хай і выяўлены ў пэўных прапорцыях, ужываецца і для сталіцы, чыё насельніцтва ўсё расце і расце, і для глыбінкі, дзе, на жаль, тэндэнцыі назіраюцца адваротныя. Ну вось пазапісваюць усе амаль тры тысячы жыхароў у Наваельні ў чытачы (а здарыцца гэта, як мы бачым з такімі тэмпамі, даволі хутка). І дзе потым наступныя пяцьдзясят шукаць?”

Што ж, пара даць першае слова эксперту па культуры Наваельні — Таццяне Васільевай, якая працуе ў мясцовай Рэспубліканскай сухотнай бальніцы гардэробшчыцай. Паводле некалі атрыманай ёй спецыяльнасці яна — кухар. Захапіўшыся ў дзяцінстве вышыўкай гладдзю, ужо доўгія гады рыхтуе “стравы”, вышываючы крыжам. А апошнія яе прыхільнасці — вышыўка бісерам, бiсера- і паперапляценне, алмазная мазаіка. На ейных карцінах можна ўбачыць жывёл, пейзажы, выявы святых. Да ўсяго, майстрыха вырабляе ўпрыгажэнні для нявест, вазачкі і многае іншае.

Пра тое, каб паставіць уласную ручную працу на рэйкі камерцыйныя, Таццяна Антонаўна ўсур’ёз не задумвалася, абмяжоўваючыся дэманстрацыяй сваіх твораў на звычайных выставах — у тым жа Дзятлаве (за што дзякуй райвыканкаму), а не на выставах-продажах. А ўвагі з боку мецэнатаў і СМІ, якія могуць спрыяць раскрутцы яе творчасці, спадарыня Васільева да гэтага часу не дачакалася.

Каментарый Таццяны ВАСІЛЬЕВАЙ:

— Так ужо выйшла, што ў бібліятэку я перастала хадзіць, калі зменшылася колькасць навiнак, якія туды паступаюць. Сучаснай літаратурай яна папаўняецца, але, падаецца, — не так часта, як хацелася б. Наколькі я разумею, тымі выданнямі, якія на слыху ў дадзены момант, камплектуецца ў першую чаргу Дзятлаўская раённая бібліятэка — і гэта, вядома, правільна. Але дрэнна, калі нашай з таго асартыменту дастаюцца адно парэшткі. Нешта, вядома, набываецца за пазабюджэтныя сродкі і трапляе ў камерцыйны фонд, але гэта не так многа. Паколькі я чытаць люблю, то лепш заплачу за “свежыя” кнігі, замовіўшы іх праз інтэрнэт.

“Аркестр наш духавы...”

Тутэйшы Дом культуры знаходзіцца на рамонце другі год. Прычым дадзеная акалічнасць не адмяніла выкананне плана платных паслуг у поўным аб’ёме — летась ён складаў амаль 11 тысяч рублёў. Выратоўвалі білетныя мерапрыемствы, канцэрты на мясцовым стадыёне.

Загадчыца Дома культуры Галіна Сушко патлумачыла, што, нягледзячы на “форс-мажор”, аб’яднанні ўстановы дзейнічаць не перасталі і ў сітуацыі, якая склалася, дыслакацыю сваю перанеслі ў школу. Асноўная частка гурткоў арыентавана на дзяцей, а самы знакаміты з іх — зводны духавы аркестр, які пачаў сваю гісторыю яшчэ за польскім часам — у 1938 годзе. Яго малодшымі “братамі” з’яўляюцца яшчэ два аркестры — эстрадны і дзіцячы, якiя чамусьці лiчацца дзятлаўскімі, хаця базуюцца ў Наваельні.

— Усяго аб’яднанні наведваюць 138 чалавек, — інфармуе Галіна Васільеўна. — Можа, лічба і невялікая, але мы плануем адкрыць яшчэ некалькі клубных фарміраванняў. А наогул, насельніцтва ахвотна прыходзіць на нашы імпрэзы, асабліва на тыя, што праходзяць на вуліцах. Яны і школа — нашы сённяшнія пляцоўкі.

З запускам Дома культуры спадарыня Сушко звязвае і ажыццяўленне новых праектаў, пра якія з прычыны забабонаў казаць адмаўляецца. Пакуль яны ляжаць, што называецца, пад сукном і чакаюць часіны, калі з папяровага апісання пачнуць ператварацца ў што-небудзь рэальнае. “Паверце, і задумкі ёсць цікавыя, і сродкі на іх знойдуцца”, — інтрыгуе загадчыца. Веру.

Каментарый Таццяны ВАСІЛЬЕВАЙ:

— Я неяк выстаўлялася ў Доме культуры з беларускай гладдзю, распавядала пра яе. Людзі з цікавасцю глядзелі мае работы, слухалі мяне. Мне, можа, і хацелася б весці там свой гурток, хаця б на чвэрць стаўкі, але і штатны расклад ДК, хутчэй за ўсё, гэтага не дазволіць, ды і лішніх грошай у яго, напэўна, няма. Але супрацоўнікам установы я ўдзячная, яны пра мяне не забываюцца нават цяпер. А для жыхароў Наваельні ДК заўсёды быў гэткім аазісам культуры. Усе з нецярплівасцю чакаюць, калі той будынак нарэшце адрамантуюць. Бо без яго жывецца нам сумнавата.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"