Сакральная геаграфія роднай прасторы

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Выстава пейзажнага жывапісу “Пад блакітам нябёсаў” у Віцебскім мастацкім музеі прысвечаная найперш любові — як да малой радзімы, так і да ўсёй Беларусі. Сэнсавыя алюзіі на “Горад залаты” Уладзіміра Вавілава і Анры Валхонскага тут з’яўляюцца самі сабою: мастак выяўляе “зямны рай” і сакральную геаграфію роднай прасторы. Жывапісец, выкладчык, навуковец Вячаслаў Шамшур на працягу ўсяго жыцця раскрывае сваім поглядам непаўторную прыгажосць нацыянальнага космасу.

/i/content/pi/cult/681/15002/16.JPGУ дзень адкрыцця выставы прагучала шмат вершаў, прычым усе яны былі аўтарскімі і прысвячаліся мастаку. Чыталі і беларускі паэт Уладзімір Папковіч, і дачка жывапісца, і нават нікому не вядомы чалавек, які прыбыў у гэты дзень з Мёршчыны — радзімы Вячаслава Шамшура. Гэта невыпадкова, бо ўся творчасць мастака сама з’яўляецца паэзіяй.

Прырода паэтычнай творчасці — у глыбокім суб’ектыўным поглядзе аўтара. Без гэтай падкрэсленай суб’ектнасці, якая знаходзіць водгук у людзей на ўзроўні пачуццёвай інтуіцыі, паэзія ніякай каштоўнасці не мае. Не дзіва, што духоўныя азарэнні са старажытных часоў выказваліся менавіта ў паэтычнай форме. Вось і творы Вячаслава Шамшура з’яўляюцца сведчаннямі аб духоўным святле, разлітым у прасторы.

Сапраўды, з аднаго боку, мы можам убачыць на выставе нешта на ўзроўні жывапіснага краязнаўства — пейзажы Віцебшчыны. З іншага боку, гэта зусім не тое краязнаўства, якое часцяком абвінавачваюць у ненавуковасці — праз адсутнасць у ім сур’ёзнай метадалагічнай базы выяўлення законаў быцця і соцыуму. Жывапіс Вячаслава Шамшура акурат гэтымі ўласцівасцямі валодае, выяўляючы патаемны змест беларускага асяроддзя. Па змесце ён нагадвае творчасць іншага мастака з захаду Віцебшчыны — Валерыя Шчаснага з Верхнядзвінска. Праўда, калі яго карціны характарызуюцца спалучэннем авангарду і сімвалізму, то палотны жывапісца родам з Мёршчыны можна прызнаць рэалістычнымі. Толькі адрозніваюцца яны падкрэслена індывідуальнай аўтарскай стылізацыяй, якая нагадвае прынцып канону ў сакральным мастацтве.

Алейныя і пастэльныя карціны Вячаслава Шамшура па сваім каларыце і пабудове аб’ектаў выклікаюць пэўныя асацыяцыі з мазаікай са смальты, што падкрэслівала “непразрыстасць” гэтага свету для прамых духоўных уплываў, намякаючы на існаванне іншых, вышэйшых вымярэнняў рэальнасці, якія тояцца за вобразамі наяўнай рэчаіснасці.

Паказальна, што многія будынкі выяўляюцца на палотнах з неўласцівай для іх скрыўленасцю вугла або з дзівацтвамі формаў. Менш значныя аб’екты — напрыклад, тэлеграфныя слупы — могуць выглядаць неапраўдана пахіленымі з рэалістычнага пункту гледжання. Усё гэта павінна ствараць адчуванне хісткасці свету — пры несумненнай яго “матэрыяльнасці”. І практычна кожная карціна суадносіцца з тэмай беларускай сакральнасці: на першы план выходзяць храмы, творы раскрываюць вобразы малой радзімы, “царскай сялянскай працы”, натуральнага асяроддзя, горада як касмізаванай прасторы.

Адчуванне ўкаранёнасці навакольнай рэчаіснасці ў нейкай іншай, невядомай звычайнаму погляду прасторы паглыбляецца самымі нечаканымі кампазіцыйнымі ракурсамі. Асабліва гэта тычыцца гарадскога пейзажу. Назва адной з карцін — “Невядомы Віцебск. Хмель” — цалкам паказальная: мастак можа выявіць, здавалася б, знаёмую рэальнасць зусім нечакана, змяніўшы і яе ўсведамленне гледачом. У карціне “Боская раніца” мы бачым з правага боку знаёмы пейзаж цэнтральнай часткі Віцебска, злёгку прыкрыты дрэвамі. З левага ж боку, на другім беразе Дзвіны, у амаль лясным пейзажы можна разглядзець падарожніка, які самотна брыдзе ўдалечыні — наглядная праява канцэпцыі ірацыянальнага і інтуітыўнага “левабаковага ўсведамлення”.

Вячаславу Шамшуру даступнае выяўленне любых пор і настрояў года, як і рознага часу сутак: ад світанку да глыбокай ночы. Адна з карцін серыі “Царква святой Барбары”, напісаная ў 2016 годзе, вельмі чуйна і атмасферна дэманструе містыку ночы месяцовай поўні як часу зносін з Богам. Вылучым таксама адну з найбольш праграмных рэлігійна-містычных карцін “Усяночная ў Чарэсах”. Увечары каля царквы святога Мікалая Цудатворцы сабралася мноства народу. Храм размяшчаецца ў жывапісным месцы, на пагорку паміж азёрамі Чарэс і Грэцкае. Людзі выяўленыя на агульным плане ўдалечыні, і мы не можам іх разглядзець. Аднак сапраўднасць іх веры не выклікае сумненняў, сведчаннем чаго з’яўляецца высокі слуп духоўнай энергіі, які накіроўваецца ў нябёсы. Паветраная прастора, адказаўшы на духоўны пасыл, раптам расквітнела інкрустацыямі атмасфернай мазаікі, а асобныя разводы на воднай роўнядзі толькі падкрэсліваюць па кантрасце агульны духоўны супакой.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ