Ці трэба асучасніваць рэтра?

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Абяцанага, як памятаем, тры гады чакаюць. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр ўклаўся за ўдвая меншы тэрмін. Улетку 2016-га на старонках “К” галоўны рэжысёр Міхаіл Кавальчык агучыў свае мары аб малой сцэне. Напачатку 2018-га яны ажыццявіліся. Публіцы прадставілі эксперыментальную тэатральную майстэрню “Сцэна”. Чакаем навацый?

/i/content/pi/cult/681/15001/15.jpgФота Марыі КАЛЯДЫ

Назва новай пляцоўкі характарызуе месца яе з’яўлення: гледачоў пасадзілі акурат на сцэне тэатра. Прыём, вядома, не новы, але шматабяцальны. Справа толькі ў тым, як выкарыстаць незвычайную прастору. Асабіста мне запаў у душу варыянт Санкт-Пецярбургскага тэатра імя Веры Камісаржэўскай, дзе ў спектаклі “Самазагубства закаханых на востраве Нябесных сетак” гледачоў перасадзілі на падмосткі, каб задзейнічаць усю шырыню залы для эфектных палётаў галоўных герояў.

Ад спектакля нашага Музычнага тэатра “Вяселле ў стылі рэтра” падобнага роду вынаходак дачакацца не давялося. Ды і сцэнаграфія была даволі тыповая, у некаторых момантах нават спрэчная: усё ж героі п’есы ў сваёй кватэры жывуць, дык навошта тады мастак Андрэй Меранкоў паабкручваў усе шафы цэлафанам — не забыўшыся, праўда, пакінуць у плёнцы акуратныя праёмы для доступу да паліц?

Зразумела, эксперымент мусіць быць не толькі ў форме. Для першай пастаноўкі Міхаіл Кавальчык абраў п’есу Аляксандра Галіна “Рэтра” (1979), для якой яшчэ ў 1984 годзе Аляксандр Журбін напісаў музыку. З тых часоў у афішах тэатраў краін экс-СССР (у ліку якіх і наш Горкаўскі) перыядычна з’яўляўся то драматычны, то музычны варыянт твора. Дарэчы, і для самога галоўнага рэжысёра Музычнага гэты матэрыял не новы: яшчэ ў 2007 годзе Міхаіл Станіслававіч апробваў яго на валгаградскай сцэне.

У адрозненне ад расійскага варыянту, мінская пастаноўка ўмясцілася ў адну дзею. Задзейнічаны спрэс зоркі тэатра: народная артыстка Беларусі Наталля Гайда ў пары з Лесяй Лют, заслужаны артыст Расіі Аляксей Кузьмін, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Маргарыта Александровіч і Антон Заянчкоўскі, улюбенкі публікі Людміла Станевіч і Ірына Заянчкоўская. Артыстаў гэтая пастаноўка сапраўды вывела за рамкі тыповага. У пабудове ролі акцэнты змясціліся з арый і магчымасцяў голасу на акцёрскае майстэрства і жывыя інтанацыі. Працаваць на адлегласці выцягнутай рукі ад гледача цяжка. Можа, не кожнаму давялося адразу знайсці дакладную характарыстыку ролі, але каласальны вопыт дапамог скласці фрагменты ў агульную карціну.

І ўсё ж, на працягу дзеяння не пакідае адчуванне, што рэжысёр змагаецца з літаратурнай першакрыніцай. На жаль, перамога не заўсёды на яго баку. Пастаноўшчык старанна асучаснівае тэкст, уводзячы найноўшыя рэаліі і гаджаты — і часам пры гэтым забываючыся выкрасліць з’явы даўно мінулых дзён. Тыя інавацыі толькі заблытваюць гледача, не даючы дакапацца да сутнасці п’есы. На гэтым, дарэчы, апёкся і расійскі рэжысёр Андрэй Мягкоў, які таксама ў свой час ставіў “Рэтра”. Пасля маскоўскай прэм’еры крытыкі забаўляліся тым, што падлічвалі ўзрост сучасных персанажаў — адпаведна тэксту, яны ў маладосці заспелі Вялікую Айчынную вайну…

Чапляюся да дэталяў? Магчыма. Але за блытанінай і не заўсёды ўдалымі скарачэннямі тэксту часам губляецца важнае: знікае глыбіня характараў, бо кожны з шасці герояў не такі ўжо адназначны. У гэтым святле і недарэчная памылка ў праграмцы, дзе гераіню Дзіяну Уладзіміраўну пазначылі як Тамару Васільеўну, ужо не выглядае дробяззю.

Верагодна, становішча выратаваў бы папярэдні выбар патэнцыйнай аўдыторыі. Разлік на старэйшае пакаленне, якое б прыйшло панастальгіраваць, ці на моладзь, якой цікава разабрацца ў матывах учынкаў іх дзядоў? Тады пакідайце ўсё, як у п’есе, каб і логіка захавалася, і не даводзілася са сцэны тлумачыць: “будавалі БАМ — так Байкальска-Амурская магістраль называлася”. Робіце стаўку на сучаснага чалавека? Значыцца, неабходна сур’ёзна перагледзець канфлікт, каб публіка не ламала галаву як мінімум над тым, з чаго гэта ўладальнік антыкварыяту з’яўляецца такім уплывовым чалавекам у горадзе.

Зорны склад забяспечыць спектаклю неблагую будучыню, а мабільны фармат дазволіць лёгка выбірацца на гастролі. Напрыклад, “Вяселле ў стылі рэтра” ўжо значыцца ў красавіцкай афішы Тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Мне ж не дае спакою думка, што, акрамя фармальных аспектаў, першая ластаўка эксперыментальнай майстэрні мала чым адрозніваецца ад стандартнага рэпертуару Музычнага.

Два гады таму ў гутарцы з аглядальнікам “К” (№ 26 за 2016 год) спадар Кавальчык тлумачыў мару пра новую пляцоўку зацікаўленасцю ў маладой крыві. Маўляў, рэжысёрам музычнага напрамку няма дзе сябе праявіць, бо не заўсёды тэатр гатовы даверыць асноўную сцэну пачаткоўцам у прафесіі. А вось у малым фармаце моладзь як раз магла б спрабаваць свае сілы і шукаць іншыя формы.

І сапраўды, выпускніца адпаведнага курсу БДАМ Валерыя Чыгілейчык змагла пасля дыпломнага спектакля “Прыгоды Кая і Герды” паставіць у родным Музычным яшчэ і “Лятучы карабель”. Аднак яе былая аднакурсніца Вольга Здзярская, размеркаваная ў тэатр на пасаду актрысы, пакуль у рэжысуру не вярнулася, не чутно і пра Валянціну Ваўчок, чый дыпломны мюзікл “Чыкага” быў адзначаны на экзаменах. Між тым, у Акадэміі мастацтваў падрастае ўжо і наступная змена. Спадзяюся, у хуткім часе і для моладзі знойдзецца куток у эксперыментальнай майстэрні.

Фота Марыі КАЛЯДЫ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"