Маэстра, які стварае атмасферу

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Пачэснае месца ў праграме фестывалю “Уладзімір Співакоў запрашае…” заняў канцэрт маладых таленавітых музыкантаў — расійскага скрыпача Юрыя Рэвіча і піяністкі Лівікі Сакалоў з Малдовы. Яны выступалі ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, за пультам якога ў той вечар быў наш знакаміты маэстра Аркадзь Берын, які цягам многіх гадоў выступае з найлепшымі аркестрамі Еўропы і сусветна прызнанымі салістамі.

Пераехаўшы ў Германію, Берын не стамляецца адзначаць, як многа дала яму Беларусь, дзе ён нарадзіўся, атрымаў адукацыю, сфарміраваўся як музыкант:

— Я заўжды з вялікім задавальненнем выступаю ў Мінску, чакаю сустрэчы з любай публікай, сярод якой шмат маіх сяброў і калег. Цягам 34 гадоў я працаваў на кафедры дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 10 гадоў узначальваў гэту кафедру, падрыхтаваў 70 маладых дырыжораў.

Перад мінчанамі маэстра выступаў у розных жанрах. Дырыжыраваў “Лебядзіным возерам” і “Шчаўкунком” у пастаноўцы “Рускага балета”, “Яўгенам Анегіным” у Вялікім тэатры Беларусі. Асабліва ганарыцца тым, што сумесна з нашым філарманічным аркестрам удзельнічаў у святкаванні 950-годдзя Мінска.

Можна ўявіць, наколькі вялікімі былі хваляванне і адначасова радасць маладых салістаў — выступаць на цяперашнім фестывалі з такім славутым мэтрам.

Уверцюра да оперы “Набука” Вердзі прагучала вельмі ярка, узнёсла і адразу надала канцэрту ўрачысты настрой. Юрый Рэвіч, які граў на скрыпцы Страдывары 1709 года, цудоўна справіўся з тэхнічнымі складанасцямі Другога канцэрта Паганіні. Магчыма, яго першая частка была выканана крыху скавана і асцярожна, але наступныя дзве скарылі дасканаласцю гучання. Вытанчанай і выразнай атрымалася кантылена, выканаўца ўпэўнена справіўся і з найскладаным фіналам.

Лаўрэат міжнародных конкурсаў, фіналістка конкурсу для выканаўцаў акадэмічнай музыкі “Еўрабачанне-2016” Лівіка Сакалоў, якая цяпер вучыцца ў Бухарэсце, упершыню ў сваім жыцці выканала “Блакітную рапсодыю” Гершвіна, перадаўшы востра-рытмічны характар і настрой амерыканскіх джазавых тэм.

Аркестр пад кіраўніцтвам Аркадзя Берына акампаніраваў вельмі дакладна і чуйна, нягледзячы на ўсяго адну рэпетыцыю з салістамі. З аркестрам дырыжор правёў некалькі рэпетыцый, старанна адпрацоўваючы кожны эпізод. Фінальная Сімфанічная карціна з оперы “Поргі і Бэс” гучала ярка, выразна, у традыцыях амерыканскіх сімфанічных аркестраў, якімі ў свой час дырыжыравалі Гершвін і Бернстайн. Асабліва каларытнымі аказаліся струнныя і ансамбль духавых.
Заўважна было, што аркестранты самі атрымлівалі вялікае задавальненне ад выканання гэтай музыкі.

А ў знак удзячнасці за цёплы прыём публікі музыканты на біс выканалі фінал уверцюры, якой адкрываўся канцэрт, надаўшы апошняму цікавую замкнёную форму.

У Беларусі ёсць вельмі таленавітыя маладыя выканаўцы. Хочацца спадзявацца, што ім будзе аказаны гонар выступіць падчас наступных фестываляў “Уладзімір Співакоў запрашае…”

Элеанора СКУРАТАВА,
кандыдат педагагічных навук, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі