“Усё добрае яны робяць з паветра”

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Непагадзь сарвала парад лялечнікаў па цэнтральнай пешаходнай вуліцы літоўскага горада Каўнаса. Але XVIII Міжнародны фестываль тэатраў лялек усё роўна пачаўся ўрачыста — старанна прадуманым, вытанчаным прыёмам у гарадской ратушы, дзе вядомыя людзі Літвы ўшаноўвалі сціплых працаўнікоў лялечнага мастацтва. Выявілася, што да лялечнай справы маюць дачыненне літаральна ўсе: нават міністр культуры быў калісьці загадчыкам музычнай часткі ў каўнаскім тэатры лялек, які адзначыў свой пяцідзесяцігадовы юбілей.

Парадны выхад за 36 стагоддзяў

Дзякуючы гэтым дзвюм падзеям — фестывалю і юбілею — адбыўся парадны выхад усіх, хто мае дачыненне да лялек, а 12 чалавек узнагародзілі асабліва каштоўнымі граматамі і падарункамі, астатніх — засыпалі кветкамі. Кароткія непафасныя прамовы і дзівосныя выступленні юных музыкантаў у чорных фраках.

Лялькі ў Літве папулярныя. Апроч дзяржаўных тут толькі прыватных тэатраў — дзесяць, а колькасць аматарскіх і падлічыць ніхто не бярэцца. У першы дзень фестывалю па ўсім горадзе паказвалі сваё майстэрства школьныя тэатры.

 /i/content/pi/cult/165/1500/Use-dobraje1.jpg
А далей пацякла прадуманая праграма з дваццаці спектакляў, якая прызначалася для аматараў гэтай загадкавай мадэлі чалавека — лялькі.

Трыццаць шэсць стагоддзяў традыцыйнага тэатра лялек ярка распавялі пра сябе цягам тыдня. Аказалася, што можна хутка прабегчы гісторыю ад батлейкі да найскладанай гульні прадметаў і камп’ютэрных эфектаў, якімі сёння захоплены на Захадзе. Цяжка сказаць, што цяпер больш за ўсё здзіўляе: традыцыйны хатні і вулічны тэатр ці пабудаваныя на матэматычных разліках эксперыментальныя навінкі. Усё, у рэшце рэшт, залежыць ад эмацыянальнага стану гледачоў і акцёраў. Разнастайныя сістэмы лялек вызначаліся высокай якасцю выкананай працы.

Як і ў драматычным тэатры, гэтак і ў лялечным зараз яўна задаюць тон сцэнографы. Толькі тут яны часта выступаюць у адным абліччы: рэжысёр — ён жа і мастак. Часцей за ўсё адзін чалаек стварае пластычныя вобразы, як гэта адбываецца ў фантастычным па прыгажосці і філасофскай напоўненасці спектаклі Вільнюскага тэатра “Эгле — каралева вужоў”. Яго стварыў старэйшы літоўскі лялечнік Віталь Мазурас. У свеце ён вядомы як рэвалюцыянер у сваёй справе на працягу 1970 — 1980 гадоў. Зараз ён мае тэатр у гістарычным памяшканні ў цэнтры Вільнюса з дзвюма заламі і вялікімі тэхнічнымі магчымасцямі. У “Эгле” Мазурас расказвае трагічную love story пра страчаны рамантызм, грунтуючыся на нацыянальных рытуалах, дасканалым выкананні акцёраў і выкарыстанні розных сінтэтычных матэрыялаў. Вялікія людзі і кранальныя безабаронныя дзеці. Метафары льюцца, як крыштальная вада, і няма сіл перадыхнуць ад гэтай плыні вобразаў і сэнсаў.

На фестывалі беларускія лялечнікі пастаянна ўзнікалі як калегі і супернікі, што выклікаюць нязменную павагу і інтарэс. Добра памятаю форумы драматычных тэатраў, дзе “прасунутыя” прыбалты амаль адкрыта ігнаравалі нашы спектаклі і нашых майстроў. Пэўна, лялечнікі ў жыцці дабрэйшыя, больш лаяльныя, паколькі маюць справу з далікатным светам дзяцінства.

Каўнаскі тэатр лялек даверыў адкрыццё фестывалю па сваёй легендзе “Юратэ і Касціціс” нашаму рэжысёру Алегу Жугжду, для якога літоўскі спектакль аказаўся пятым на гэтай сцэне. Увогуле ж, раней ён ставіў спектаклі толькі са сваёй камандай. Гэтым разам яму прапанавалі працаваць з маладой мастачкай Юліяй Скуратавай, якая робіць плоскія лялькі у стылі дзіцячых малюнкаў. Думаю, што нашаму Жугжду як знаўцу барочнай прыгажосці ў гэтым дуэце было няпроста.

Асабліва супраціўлялася трохузроўневае пластмасавае мора. Рэжысёр слушна вырашыў зрабіць галоўнай “фішкай” выдатны тэкст легенды, якую ведае кожны літоўскі школьнік. Арыгінальная, напісаная па заказе п’еса захапіла сваёй паэтычнасцю і выразнасцю сэнсу.

Дарэчы, спектакляў з тэкстам было няшмат. У іх ліку — наша “Гісторыя аднаго горада” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек паводле М.Салтыкова-Шчадрына. У пастаноўцы шмат гумару і палітычных сэнсаў, якія збліжаюць розныя эпохі. Спектакль пра славянскую даверлівасць і расхлябанасць заўсёды будзе выклікаць усмешку ў
 /i/content/pi/cult/165/1500/Use-dobraje2.jpg

Сцэны са спектакля “Гісторыя аднаго горада”.

Граданачальнік — шматаблічны Аляксандр Васько.
практычнай Еўропы. Народнае казачнае дзейства з сучаснай савецкаму перыяду музыкай і дыктарскім тэкстам актыўна далучыла да гульні паўнюткую глядацкую залу (некаторыя нават сядзелі на прыступках). Лёгкае артыстычнае хуліганства знаходзіла добразычлівую рэакцыю.

Адчувалася, што літоўцы не забыліся на рускую мову і складаную стылістыку рускага літаратурнага пісьма XІX стагоддзя. Адзіная плоскасная сцэнічная прастора спектакля развівалася ў глыбокіх сэнсавых і часавых вымярэннях. Яго іранічная атмасфера аказалася пазнавальнай і вядомай з дзяцінства.

Матрошкі са скрыні Пандоры

17 гадоў возіць з сабою і самастойна ўсцягвае на сцэну цяжкі металічны куфар з хатнім тэатрам энтузіястка з Нарвегіі Ганна Хельгесен. Яе нерухомыя кардонныя лялечкі ўзнаўляюць лялечны тэатр часоў Генрыка Ібсэна. І менавіта яго тэксты захапілі немаладую актрысу, якая доўга расказвае гісторыю з далёкай мінуўшчыны на незразумелай дзецям мове. Але яны не паспяваюць засумаваць за сорак хвілін сцэнічнага часу, таму што актрыса натхнёна іграе ўсе ролі са сваімі лялькамі.

Такі ж тэатр з чароўнай скрыні і ў італьянскага лялечніка П’ера Нісіма. Гэты невысокі сівавалосы італьянец у, падаецца, навечна “прырослай” да яго галавы кепцы выяўляў невычэрпную цікаўнасць і працаваў як прафесійны фотарэпарцёр, рашуча адсоўваючы на другі план мясцовых папарацы. З дапамогай марыянетак і прадметаў ён гаварыў на сцэне з самымі маленькімі гледачамі практычна без слоў.

Тэмпераментныя іспанцы жангліравалі шарыкамі, бутэлькамі і крыху спявалі. Хутчэй, гэта была гульня з прадметамі, якая настройвала на тое, што ўсяму можна знайсці сэнс і прызначэнне ў таленавітых руках.

На Захадзе не так шмат стацыянарных дзяржаўных тэатраў лялек. Там больш папулярны чалавек-тэатр, які з дапамогай фантазіі стварае цэлыя спектаклі і лёгка перамяшчацца па свеце. Такія артысты — нязменныя ўлюбёнцы дзяцей малодшага ўзросту. Верагодна, менавіта пра іх сказаў некалі знакаміты Рэзо Габрыядзэ: “Усё добрае яны робяць з паветра”.

Значна больш цяжкім шляхам ідуць сёння лялечнікі Германіі. Тры нямецкія спектаклі— “Пандора”, “Інтымнасці” і “Душка Каспар” прыналежаць, хутчэй, не да традыцыйнага тэатра лялек, а да тэатра прадметаў. Яны не прызначаны для дзяцей, бо нават даросламу цяжка іх пераказаць. Акцёр Фларыян Фэйзел дастае свайго душку Каспара з вязанай лыжнай шапкі, выварочваючы яе, а потым выконвае з лялечным героем вельмі складаныя маніпуляцыі, далучаючы да іх тэлеэкран. Лялька пастаянна пераскоквае адтуль на канапу і нават у пашчу вялізнага кракадзіла. Тут вельмі важная сінхроннасць дзеянняў чалавека і тэхнікі.

Але, падаецца, недасягальнай дасканаласць праяўляецца ў спектаклі “Пандора”. Як у традыцыйнай рускай матрошцы, складваюцца і раскладваюцца сем скрыначак моцнай пластычнай актрысай. Яна быццам разбірае і збірае сваё асабістае цела, даследуе яго магчымасці і здзіўляецца таму, што могуць рабіць рукі, ногі, галава. І ўсё ж такія мае простыя словы ніяк не перадаюць складанасць і эмацыйнасць таго, што адбываецца на сцэне. Элементы тэатральнай мовы складваюцца ў перыядычную сістэму і новыя эстэтычныя магчымасці.

Утвараецца вялізнае поле для асацыяцый, і ў кожнага — сваё. Музыка, відовішча, фізічныя дзеянні знаходзяцца ў раўнавазе адно з адным. Дынаміка цела актрысы ў адным рытме з незвычайнымі ператварэннямі кубікаў. Гэта сапраўды загадкавая скрыня са старажытнагрэчаскай міфалогіі.

Дзяўчына, створаная Гефестам з зямлі і вады, з цікаўнасці адчыніла вечка і не справілася з “адкрыццямі”, што наляцелі на яе. Іншасказальна-міфалагічны сюжэт праецыруецца на чалавека, які б’ецца над разгадкай таямніц уласнай асобы.

Спектаклі з Германіі заснаваны на імправізацыі, якая, аднак, не дапускае недакладнасцей і выпадковасці. Паўтарыць такі рэжысёрскі малюнак і такіх выканаўцаў — немагчыма. Гэта штучная работа, якая, відавочна, пракладае шлях да тэатра XXІ стагоддзя.

І без ведання мовы ўсе спектаклі ў Каўнасе былі зразумелыя і пазбаўленыя стэрэатыпаў. Акцёры-універсалы добра валодаюць не толькі ўсімі сістэмамі лялек, цыркавой тэхнікай, але і драматычным майстэрствам. Зараз у тэатрах лялек шмат жывога плана, што вымагае якаснай акцёрскай гульні. На высокім узроўні яна была ў спектаклі Вільнюскага тэатра “Эгле — каралева вужоў” і ў Санкт-Пецярбургскім “Чароўным пёрку”. Наш акцёр Аляксандр Васько таксама годна ўправіўся са сваімі шматлікімі граданачальнікамі.

Пад час фестывалю ў Каўнасе адзначалі Дзень горада. Тут таксама была свая рэжысура, свае артысты, свае знакамітасці. А галоўнае — тэатральнае дзейства, якое з’яднала ўсіх. Госці фестывалю шпацыравалі па “Горадзе майстроў” і назапашвалі сувеніры ды ўражанні. Адзінае, чаго не было — раздачы залатых масак, крыштальных прызоў і прэстыжных узнагарод. Дух суперніцтва саступіў месца духу шчырай зацікаўленасці ў мастацтве і сяброўстве.

Таццяна АРЛОВА