Музыка і “Целы” — суцэльны фестываль

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Штогодні Міжнародны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае…”, які завяршыўся 15 лютага, стаўся ў Беларусі пятым, юбілейным. Якія ж падарункі атрымалі меламаны?

/i/content/pi/cult/681/14999/13.jpgЗ асаблівай нецярплівасцю чакаліся вечарыны адкрыцця і закрыцця фестывалю: сольнік Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазава ў Палацы Рэспублікі, дзе гучала італьянская і руская оперная класіка. Фіналам усяго фестывалю сталася выступленне Нацыянальнага балета Марселя ў нашым Вялікім тэатры. А паміж гэтымі грандыёзнымі падзеямі — яшчэ чатыры канцэрты, цалкам інструментальныя.

Тры з іх правёў Дзяржаўны камерны аркестр “Віртуозы Масквы” на чале з Уладзімірам Співаковым. Прычым праграмы ў сталіцы і Магілёве ды Гомелі адрозніваліся — што магло б натхніць асабліва адданых беларускіх прыхільнікаў калектыву на невялічкі ваяж. Балазе, культурны турызм шырока развіты ў Еўропе.

Ды ўсё ж трагічна-філасофскім цэнтрам усіх трох праграм Уладзіміра Співакова заставалася Камерная сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча “Памяці ахвяраў фашызму і вайны”. Сваімі роздумамі пра яе маэстра падзяліўся на прэс-канферэнцыі:

— Упершыню гэтым творам я дырыжыраваў калісьці менавіта ў Мінску — можна сказаць, адкрыў Сімфонію для публікі. І калі я заглыбіўся ў партытуру, створаную паводле Восьмага струннага квартэта, дык зразумеў, што гэты твор Шастаковіч пісаў памяці… сябе самога, бы нейкую эпітафію: быццам гэта яго забілі, ён памёр і глядзіць на ўсё аднекуль зверху. Пра тое сведчыць і выкарыстанне ў квартэце матыва-манаграмы з ініцыяламі кампазітара, і мноства аўтацытат. Праз 15 гадоў, калі былі надрукаваны лісты Шастаковіча, я знайшоў таму пацверджанне. “Калі я калісьці памру, — пісаў кампазітар, — наўрад ці хто напіша твор, прысвечаны маёй памяці. Таму я сам вырашыў яго напісаць. Можна было б на вокладцы так і напісаць: “Прысвячаецца памяці аўтара гэтага квартэта”.

У двух фестывальных канцэртах — з Ганнай Нятрэбка і маладымі салістамі-інструменталістамі — удзельнічаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі. Співакоў высока ацаніў узровень калектыву і тое, як сур’ёзна ён рыхтаваўся да абодвух вечароў: “Музыканты там добрыя. Але хацелася б, каб была палепшаная матэрыяльная база, з’явіліся новыя інструменты”.

Апошняе — адзін з пастаянных клопатаў маэстра. Ён і сам дапамагае маладым музыкантам з набыццём інструментаў, звяртаецца з адпаведнымі просьбамі ў самыя высокія інстанцыі. Пасля такіх яго лістоў былі вылучаны грошы на скрыпку, пазней — на раяль для Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з’явіўся новы раяль і ў Гомелі. У свой цяперашні прыезд Уладзімір Тэадоравіч выступіў з яшчэ больш маштабнай прапановай:

— У Мінску павінен быць аналаг Маскоўскага міжнароднага Дома музыкі. Такія шматфункцыянальныя комплексы будуюцца сёння па ўсім свеце, становячыся цэнтрамі развіцця выканальніцкага мастацтва. У вас як у цэнтры Еўропы таксама трэба стварыць для гэтага ўсе ўмовы. У Маскве ёсць напрацоўкі, як зрабіць праект больш танным. Вы можаце імі скарыстацца.

/i/content/pi/cult/681/14999/14.JPGПа ініцыятыве Співакова, на якую адгукнуліся прадзюсар і арганізатар фестывалю, кіраўнік канцэртнага агенцтва Максім Берын, сусветныя зоркі Нятрэбка і Эйвазаў, было вырашана стварыць фонд у падтрымку дзяцей Дзмітрыя Хварастоўскага, каб тыя атрымалі добрую адукацыю.

Клопат пра маладое пакаленне рухаў Співаковым і раней, калі ён штогод прыязджаў у Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі з майстар-класамі, ствараў Маладзёжны сімфанічны аркестр СНД і гастраляваў з ім. Маэстра прытрымліваецца афарызму дацкага філосафа Сёрэна К’еркегора: “Імкнуцца наперад — значыць страціць спакой, заставацца на месцы — значыць страціць сябе”.

Сёлета ў Співакова не было часу на майстар-класы. Але ён меркаваў, што гэтую лакуну запоўніць Нацыянальны балет Марселя. Яго прэзідэнт Даніэль Арман удзельнічаў у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, што праводзілася ў нас у тыя ж дні, падрабязна распавядаў гісторыю калектыву, узгадваў негатыўныя змены, што адбываліся ў ім пасля сыходу легендарнага харэографа Ралана Пеці, акрэсліваў перспектывы. Але — не паказаў ніводнага відэа, каб можна было хаця б прыблізна ўявіць цяперашнюю стылістыку пастановак. Тым большым было прагненне ўбачыць прывезены спектакль Corps, які тэатр лічыць сваёй візітоўкай.

Назва перакладаецца падвойна: і як “танцоўшчыкі”, і як іх “целы”. Мы ўбачылі і першае, і другое. Адзначылі, наколькі важнымі для трупы сталі спробы вярнуцца да балетнай класікі, спалучыўшы яе з разнастайнымі сучаснымі тэхнікамі contemporary. Але, па вялікім рахунку, паказаны спектакль — пры ўсёй выключнай падрыхтаванасці ўдзельнікаў — не вытрымліваў ніякай канкурэнцыі з неакласікай таго ж Валянціна Елізар’ева. Украпванні класікі нагадвалі звычайныя экзэрсісы, якімі пачынаецца дзень артыстаў балета. У сучасных элементаў таксама не было свайго запамінальнага аблічча. Драматургія так і не склалася ў завершаны пасьянс.

Але ў фінале адзін з герояў спектакля выкладаўся ў танцы “на ўсе сто” — і паміраў на сцэне. Такі фінал і спектакля, і ўсяго фестывалю вымусіў задумацца пра многае. Пра безабароннасць творцы. Хуткаплыннасць часавых відаў мастацтва: вылецела птушка — не злавіць. Ролю асобы ў мастацтве і яго гісторыі. Пра дыялог культур, заўсёды карысны для ўсіх яго ўдзельнікаў без выключэння. І пра тое, што творчую спадчыну трэба захоўваць, зберагаць, а ўсе мастацкія дасягненні — развіваць. Бо Марсель — гэта радзіма Марыуса Пеціпа і Марыса Бежара, а Марсельскі балет — дзіця Ралана Пеці. Апошні, калі сыходзіў з тэатра, забраў усе свае пастаноўкі — і тэатр быў вымушаны доўга, выпраўляючы памылку за памылкай, шукаць штосьці новае.

А ў нас? Аднаўленне “Спартака” да юбілею Елізар’ева бачылася першай ластаўкай вяртання балетмайстра ў тэатр. Птушка прыляцела ды гняздзечка не знайшла: тымі юбілейнымі ўшанаваннямі ўсё і скончылася. Таму дзякуй вялікі ўсім, хто спрычыніўся да прыезду французаў. Госці дапамаглі ўцяміць, наколькі рэдкім з’яўляецца талент харэографа, здольнага не проста паставіць спектакль, а знайсці ўласную лексіку — і скласці з яе мелодыю танца, без якой той будзе здавацца ўсяго толькі акампанементам.

Раптам падумалася: балетмайстар — той жа дырыжор. Калі музыканты іграюць добра, цалкам падпарадкоўваючыся нотнаму тэксту, ніякія палёты палачкі не сапсуюць вынік. Але ж без добрага дырыжора аркестр не народзіць адметную канцэпцыю, як гэта ўдаецца таму ж Співакову.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"