Эмоцыі, увасобленыя на метале

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Марына ЖВІРБЛЯ — мастак-графік. Яе ўлюбёная тэхніка — афорт, адна з разнавіднасцей гравюры па метале. Прафесіяналы кажуць, што гэта занятак для людзей з моцнымі нервамі і здольнасцю да засваення складаных тэхналогій. Інакш кажучы — мужчынскі занятак. Прытым, што нават не кожны мужчына гэта пацягне. Тым не менш, на сённяшні дзень Марына Жвірбля — адзін з лепшых афартыстаў Беларусі.

/i/content/pi/cult/681/14998/12.jpgФота Паліны КАСМАЧОВАЙ

— Мастацтва графікі надзвычай разнастайнае, у тым ліку і ў тэхналагічным сэнсе. Тэхніка афорту — адна з самых складаных. Мо таму і можна калі-нікалі пачуць, што афорт — справа мужчынская. Сама я так не думаю, бо гісторыя мастацтва мае шмат прыкладаў таго, што жанчыны някепска пачуваюцца ў тых прафесіях, дзе патрэбны немалыя фізічныя высілкі і высокая ступень арганізаванасці — хоць бы тая ж скульптура! Ды і не варта класіфікаваць творчасць паводле гендарнага прынцыпу.

А тое, што афорт патрабуе арганізаванасці, уседлівасці, здольнасці засяроджвацца, у добрым сэнсе — уедлівасці — гэта праўда. Тут на адной пачуццёвасці, на адным натхненні не выедзеш. Ды і фізічныя намаганні неабходныя, каб падрыхтаваць пласціну, адшліфаваць яе. У афорце мне цікавы сам тэхналагічны працэс, бо ён трымае цябе ў няведанні да самага апошняга этапу. Няма такога, каб дакладна, на ўсе сто працэнтаў ведаць, што атрымаецца ў выніку.

Гэта карпатлівая праца — прынамсі, для мяне. Ёсць мастакі, якія працуюць спантанна. Я ж доўга рыхтую эскізы, больш за месяц гравірую невялікую пласціну, прапрацоўваю дэталі на падрыхтоўчым этапе. Адпаведна, мэту ўсведамляю, ведаю, да чаго іду.

І яшчэ: тое, што на пласціне глядзіцца белым, на адбітку будзе цёмным і наадварот. Тое самае наконт права-лева. Да гэтага трэба прызвычаіцца, інакш вялікая праца можа быць змарнаванай у некалькі хвілін. Урэшце, надыходзіць момант, калі пласціну трэба пратравіць у кіслаце. На гэта сыходзіць тры-пяць хвілін. Той кароткі прамежак часу — самы адказны і хвалюючы.

Калі я дастаю пласціну з раствору і бачу, што атрымалася, — я шчаслівая, бо нарадзіўся твор. Калі ж бачу, што памылілася, што пласціна недатраўлена — натуральна, адчуваю роспач. Ці можна потым выправіць? Пэўныя карэктывы магчымыя, і мне даводзілася такое рабіць. Але страты выразнасці адбіткаў непазбежныя. Таму я імкнуся, каб усё атрымлівалася ў адно траўленне.

Яшчэ дадам, што рыхтую пласціну ў гарадской кватэры, а друкаваць еду аж пад Ракаў, дзе мы з мужам будуем дом. Унутры там яшчэ нічога няма, умовы спартанскія, але друкарскі станок ужо стаіць.

Мне пашчасціла і ў студэнцкія часы, і пазней быць знаёмай з мастакамі, у якіх шмат чаму можна павучыцца: Юрый Якавенка, Леў Алімаў, Георгій Паплаўскі, Валерый Славук, Павел Татарнікаў, Раман Сустаў… Раман Мікалаевіч для мяне асабліва важны. Я бачыла, як альтруістычна ён працуе са студэнтамі, як з ягоным з’яўленнем віруе жыццё ў майстэрні. Ён гаварыў: “Я даю вам усё, што маю, — вы ж вазьміце тое, што здолееце”. Я вучылася на шостым курсе і яшчэ не ведала, які буду рабіць дыплом — на якой тэме засяроджвацца, у якой тэхніцы выконваць. Менавіта пад ягоным уплывам і вырашыла абраць афорт. У гэтым быў мой шанец адкрыць для сябе шмат раней невядомага. Раман Мікалаевіч дапамагаў мне падчас працы над дыпломам, ды і цяпер я звяртаюся да яго па параду, калі ў чымсьці не ўпэўнена або чаго-небудзь не ведаю.

Хоць класічны эстамп, да якога належыць і афорт — справа працаёмкая, часта з непрадказальным вынікам, мне
падаецца, у яго заўжды будуць прыхільнікі. Добра, што з’явілася лічбавая графіка, камп’ютар пашырыў магчымасці мастака. Але і рукатворнасць не страціла сваёй каштоўнасці.

Мне хочацца, каб тое, што я раблю, было цікава не толькі мне, але мела б і нейкі сэнс для іншых. Сёння для мяне актуальныя вобразы прыроды. Кожныя выхадныя пры якім заўгодна надвор’і мы з мужам выпраўляемся за горад. Гуляем па лесе, па пагорках… Эмоцыі ад гэтых вандровак потым я спрабую ўвасобіць у графічных аркушах.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"