Жаноцкасць за дырыжорскім пультам

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Пра тое, што прыўносяць у прафесію дырыжора жанчыны, распавядае ці не адзіная сёння ў Беларусі яе дзейсная прадстаўніца — дырыжор Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Марына ТРАЦЦЯКОВА.

/i/content/pi/cult/681/14997/11.jpgФота Таццяны МАТУСЕВІЧ

— Жанчыны-дырыжоры дасюль лічацца з’явай дзіўнай. Чаму нас так мала? Напэўна, справа ў тым, што ніхто не спрыяе таму, каб дзяўчаты ішлі вучыцца на пэўнае аддзяленне акадэміі музыкі. Я не ведаю, чаму так адбываецца, бо кожны або кожная мае права факультатыўна прайсці курс дырыжыравання. Іншае пытанне, што потым студэнты, калі хочуць, могуць паступіць на асобную кафедру для далейшай практыкі, але да жанчын там дасюль, як мне падаецца, ставяцца скептычна, і выкладчыкі рэдка матывуюць маладых студэнтак рухацца далей.

Калі я паступала, мяне ніхто не чакаў з распрасцёртымі абдымкамі, хаця за маімі плячыма была вельмі добрая практыка ў Херсонскім драматычным тэатры. Дарэчы, тое, што я стала дырыжорам, адбылося невыпадкова, бо ў тэатры на той час проста не было чалавека, які мог гэтым займацца, таму месца прапанавалі мне. Я ж мела адукацыю харавіка-дырыжора — а гэта крыху іншы напрамак у музыцы. Для дырыжыравання мне патрэбны быў адпаведны багаж ведаў, таму каб рухацца далей, я вырашыла паступаць у беларускую кансерваторыю другі раз ужо на іншае аддзяленне.

Цікава, што ў Акадэміі музыкі дырыжыраванне часта выкладаюць і мужчыны, і жанчыны, аднак яны вельмі рэдка становяцца практыкамі, паколькі потым даволі цяжка кудысьці прабіцца, важна, каб табе пашанцавала. Для чаго неабходна апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час — гэта аднолькава і для мужчын, і для жанчын, бо ўсё залежыць ад актыўнасці і жадання. Жанчынам толькі складаней, паколькі дасюль супраць іх у мужчын ёсць шмат перадузятасцяў, якія толькі перашкаджаюць.

У Заходняй Еўропе цяпер увогуле не закранаецца пытанне палавой прыналежнасці. 30 гадоў таму жанчына-дырыжор таксама здавалася чымсьці незвычайным, цяпер жа, я лічу, гэтым нікога не здзівіш. За мяжой столькі жанчын, якія іграюць на “выключна мужчынскіх” медных інструментах: там шмат валтарністак, трамбаністак, трубачак. У Беларусі ёсць жанчыны-кантрабасісты — і іх, дарэчы, даволі многа, хаця калісьці гэта таксама было вялікай рэдкасцю.

Мы звыкліся да думкі, што роля мужчыны ў прафесіі толькі станоўчая, ён моцны, разумны і гэтак далей. Аднак я б выдзеліла такі мінус у мужчын-дырыжораў, як энергетычная прорва. Калі дырыжор — мужчына, гэта яшчэ не значыць, што ён здольны бясконца выпраменьваць энергію. Таксама гэта тычыцца і другой адмоўнай якасці — ганарыстасці, неапраўданых амбіцый, якія, на жаль, уласцівыя многім мужчынам-дырыжорам. Калі мы гаворым пра добрыя якасці, то… зачараванне — гэта выдатна, нават калі мужчына непрыгожы. Дрэнна, калі ён млявы, нетэмпераментны. Для мяне музыка — гэта вельмі тонкая субстанцыя, таму я лічу, што ў дырыжора павінен быць музычны талент і тэмперамент, а таксама і рашучасць.

Перавагі жанчын-дырыжораў складана выкласці матэматычна. Мне часта гавораць пра пэўныя моманты, якія я зрабіла чыста па-жаночаму, на што адказваю: было б вельмі дзіўна, калі б я іх зрабіла па-мужчынску. У мастацтве жаночы позірк на некаторыя рэчы зусім іншы. Кабета можа быць больш мяккай, у музыцы штосьці расцягнуць, падкрэсліць тое, міма чаго пройдзе і не заўважыць мужчына. Магчыма, ва ўсім гэтым тоіцца тая наша ўнікальная рыса, якую і называюць жаноцкасцю? Я імкнуся быць жаноцкай нават у сваёй прафесіі.

Жанчынам, якія працуюць у музычнай сферы і жывуць у музыцы, я б пажадала быць пяшчотнымі, ласкавымі, мудрымі — гэта вельмі важна. Калі вы хочаце чагосьці, не трэба саромецца гэтага, баяцца чужога меркавання. Вы павінны ажыццяўляць мары і не крыўдзіцца на абставіны.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"