Рухавік Любові

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Як адзначыла рэжысёрка-дакументалістка Любоў ЗЯМЦОВА, яе фільмы — пра святло, якое нас трымае. “У цяжкіх жыццёвых сітуацыях раптам знаходзіцца святло, якое не дае нам упасці і зламацца. Яго я і шукаю ў сваіх героях”, — кажа яна пра сутнасць сваёй творчасці. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сёння штурмуе замежныя індустрыяльныя пляцоўкі, шукаючы грошы на ўласныя фільмы. Летась яна абышла тысячу кінематаграфістаў і патрапіла ў пяцёрку прэтэндэнтаў на грант ад Міжнароднага кінафестывалю ў Амстэрдаме IDFA. Літаральна днямі выпраўляецца ў Прагу на майстар-класы ад Чэшскага інстытута кінематаграфіі. Якім чынам рэжысёрцы ўдаецца рэалізоўваць свае ідэі? І ці ёсць перавагі ў дзяўчыны, якая здымае дакументальнае кіно?

/i/content/pi/cult/681/14995/9.jpg

— Мой “канёк” — гэта шчырасць, ён заўжды мяне вывозіць. Гэта спрацавала, калі на ўступных іспытах я паабяцала свайму майстру Міхаілу Жданоўскаму, што сапраўды буду займацца дакументальным кіно, — і так яно адбылося. Шчырасць мне дапамагла і ў далейшым навучанні. Падчас візіту ў Мінск славутага польскага аператара і рэжысёра Яцэка Блавута я падышла да яго і адкрыта спыталася, што трэба, каб паступіць у Школу Вайды ў Варшаве? Калі туды паступіла, мой адкрыты характар, ды, вядома, назапашаны матэрыял, дапамаглі мне выбудаваць камунікацыю з майстрамі і калегамі.

У мяне не было асаблівай мэты з’ехаць у іншую краіну. Мне проста карцела знайсці сваю тэму. Праз навучанне ў Польшчы я суцвердзілася ў тым, што ў Беларусі — мая душа і людзі, менавіта пра гэты край я магу і хачу здымаць. І тэму яе знайшла. Праз кантакты з майстрамі, з калегамі і праз тое, што за мяжой, застаўшыся сам-насам з сабой, мне стала зразумела, хто я, куды можна рухацца.

Хто сёння мае героі? Напрыклад, у стужцы “Месца кахання”, якую я цяпер завяршаю, — гэта наведвальнікі сацыяльнага цэнтра для людзей з інваліднасцю. Я год здымала ўзаемастасункі паміж імі ў цэнтры, і гэта было тое асяроддзе, дзе яны шчыра праяўлялі сябе. Рэўнасць, любоў, сапраўдныя бойкі з-за кахання... У гэтых дзяўчатах і хлопцах я ўбачыла персанажаў сусветнай класікі! І адначасова — такую мудрасць, якой можна толькі павучыцца, якая проста абяззбройвае! Праз гэтых герояў я зразумела, што хачу даследаваць любоў — ва ўсіх яе праявах.

Калі знайшла сваю тэму, зразумела, што мне патрэбна каманда, якая будзе падзяляць мае погляды. Сёння я працую разам з Машай Ягоравай, якая дапамагае мне пры здымках і выступае маім гукарэжысёрам і прадзюсарам. Я і рэжысёр, і аператар, і мантажор. Канешне, хацелася б, каб у нашу каманду ўліліся новыя людзі, але для вытворчасці кіно гэтага і не трэба. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, многія працэсы сталі больш даступнымі — і гэта, безумоўна, перавага.

Цяпер мы актыўна працуем над стужкай “Выхаванне Арцёма” — пра сірату, у якога ёсць аднарукі апякун. Ён хоча выхаваць з хлопчыка сапраўднага чалавека — і адначасова сам сталее. Менавіта на распрацоўку праекта пра Арцёма нам удалося выйграць грант ад Міжнароднага кінафестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, які лічыцца ў сваёй сферы не менш прэстыжным за Канскі. Гэта было вельмі нечакана і прыемна, бо дазволіла мне адчуць, што я з’яўляюся часткай сусветнай індустрыі — на першы погляд ад нас далёкай.

Трэба разумець: калі ты рэжысёр — у цябе ўнутры ўвесь час мусіць працаваць рухавік. Ты павінен распавядаць пра герояў, зараджаць прадзюсараў і агентаў сваёй ідэяй, дамаўляцца з афіцыйнымі структурамі… Інакш анічога не атрымаецца.

У часы юнацтва, калі я прыходзіла знаёміцца з дарослымі героямі, якіх планавала задзейнічаць у маім кіно, яны глядзелі на мяне як на дзяўчынку. Сёння я разумею, што тады такому стаўленню спрыяла і мая асабістая няўпэўненасць: сама не разумела, чаго мне трэба. Цяпер усведамляю, хто я ёсць і што мне цікава. А тое, што я не рэжысёр, а менавіта рэжысёрка, лічу ўласнай перавагай. Бо часам эмпатыя і шчырасць могуць спрацаваць лепш за стальную руку.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"