Тры эцюды пра галоўнае

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Хачу распавесці пра трох жанчын, трох колішніх начальнікаў аддзелаў культуры, якія сталі для мяне першымі аўтарытэтнымі настаўніцамі ў асваенні “культурнай” навукі. Было гэта ў 2005 годзе, калі добраўпарадкоўваліся першыя аграгарадкі. Распачыналася праектная дзейнасць па новых культурна-дасугавых тэхналогіях. На якасна новы ўзровень выходзілі пазабюджэтныя захады кожнай без выключэння ўстановы культуры. Усё гэта дадавала надзеі на захаванне беларускага сяла. Але па першым часе тое-сёе з культработы падавалася мне незразумелым. Кабеты прапанавалі сваю дапамогу, узялі, літаральна кажучы, за руку, паказалі, распавялі, пераканалі. Цяпер яны — на заслужаным адпачынку. Вельмі не люблю выслоўе “У нас няма незаменных”… Схіляю перад кожнай галаву.

/i/content/pi/cult/681/14994/0080_opt.jpegЛюбоў Фосцікава — Івацэвіцкі раён… Яна разбіралася ў марках цэменту, ведала, як рабіць адмостку будынкаў, складаць каштарыс. Таму і аграгарадкі тут раслі, як грыбы. Паралельна кіравала шматлікай арміяй творчых сіл і пастаянна паўтарала: “Культура стварыла цывілізацыю, цывілізацыя знішчае культуру”. Яе армія Фосцікавай абараняла беззапаветна. Я тады канчаткова зразумеў, што прыгажосць — гэта рух, вынікам якога становіцца ўчынак. Дык вось, усе свае справы Любоў Мікалаеўна рабіла прыгожа. Чарговым яе ўчынкам быў вясковы клубік, створаны метадам народнай будоўлі (!) з нуля ў былой, падаецца, канторы. Покуль я аглядаў навабуд, Любоў Мікалаеўна назбірала летніх красак, з замілаваннем нюхала букет і казала: “Нездарма мяне завуць Любоў!” Сёння на Фосцікаву наваліўся такі груз жыццёвых нягод, што і ворагу не пажадаеш. Але яна цяпер — сама па сабе армія. Бываюць баі, якія выйграем толькі ў адзіноце. Так што штандар Любові лунае сёння па-ранейшаму. Зло проста не здолее перамагчы, зло баіцца сціплага букета красак.

Тамара Галубоўская — Кіраўскі раён. Толькі адзін успамін: мы едзем у Жылічы, за стырном легкавіка — Тамара Леанідаўна. Кіруе віртуозна, пры гэтым яшчэ і вершы чытае ўслых. У кожным руху і слове — упэўненасць. Калі кахаць, дык толькі такую — разумную і прыгожую. Прыкладна гэтак жа яна і аддзелам кіравала, віртуозна і незаўважна. І нікому нічога не даводзілася нагадваць: кожны ведаў, што і як рабіць. Усё было наладжана так надзейна, што і цяпер працуе бездакорна. Сёння Галубоўская занятая тым, на што раней не было часу: вандруе па музеях ды канцэртных залах Масквы і Санкт-Пецярбурга. У родных Мышкавічах яе заспець амаль немагчыма.

Галіна Балінская — Ашмянскі раён. Распачала трывалы фестывальны рух, у тым ліку ў Гальшанах. Адна з першых пачала выкарыстоўваць еўрасаюзаўскія грошы на ажыццяўленне трансгранічных праектаў. Шмат зрабіла па захаванні і адраджэнні гісторыка-архітэктурных каштоўнасцяў… Не, характарызаваць Галіну Іванаўну трэба не гэтымі сухімі фразамі. У прафесіі яна ніколі не губляла жаноцкасці і заўжды выглядала, як каралева. І як радавалася Балінская, калі ўдалося рэканструяваць музей у Ашмянах! І як перажывала (і перажывае), што некаторыя ўстановы культуры райцэнтра не дацягваюць па сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базе да ўзроўню сучасных патрабаванняў. Бывае, і каралевы сумуюць.

Звязаўся па тэлефоне з кожнай жанчынай, павіншаваў з сакавіцкім святам, запытаўся, а што пажадалі б яны сваім сённяшнім пераемнікам. І не вельмі здзівіўся, калі пажаданні былі амаль аднолькавымі. Не займацца дробязнай мітуснёй, а канцэнтраваць сілы на рэалізацыі галоўнага. Рабіць справу прафесійна і з максімальнай аддачай. Менавіта ў гэтым — вытокі патрыятызму.

Са святам, дарагія жанчыны!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"