Голас як інструмент Бога

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

У Мінску ў другі раз праходзіць фестываль “Вялікапостныя канцэрты”, які ладзіць Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі. Духоўныя спевы гучаць па-за межамі храма — на вялікіх канцэртных пляцоўках, нязменна збіраючы поўныя залы. Пра ідэю і пасыл фэсту распавядае яго куратар — старшы рэгент мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, царкоўны кампазітар манахіня ІУЛІЯНІЯ (Дзянісава).

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/681/14991/6.JPG— Пост — гэта жыццё ў строгасці, стрыманасці і малітве. А музыка — задавальненне і ў пэўным сэнсе забава. Якім чынам яны суадносяцца?

— Антытэза “канцэрт і малітва” пастаянна ўсплывае ў наш час. Але мне здаецца, што яна штучная. Калі ёсць правільны дух, то можна і канцэрт ператварыць у малітву, а калі няма, то наадварот — малітву ў канцэрт. Прычым мы не запачаткавалі традыцыю імпрэзаў у Вялікі пост, а толькі яе адраджаем. Ініцыятарам першых Вялікапостных канцэртаў стаў знакаміты рускі кампазітар і дырыжор Аляксей Львоў, і было тое яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У пачатку стагоддзя ўжо нашага ў Санкт-Пецярбургу традыцыю вырашылі адрадзіць. І так Гасподзь зладзіў, што мы са святочным хорам манастыра гадоў пяць запар адкрывалі гэтыя канцэрты. Так, яно і сапраўды нязручна, калі ў першы дзень Вялікага посту трэба здымацца з месца і некуды ехаць. Але бацюшка нас бласлаўляў, таму што гэта патрэбная справа. У Санкт-Пецярбургу мы бачылі, наколькі такі фэст запатрабаваны. А потым дзіўным чынам ён пачаў ладзіцца і ў нас.

— А чаму дзіўным чынам?

— Мы яго не планавалі. Але аднойчы мне даручылі зрабіць культурную праграму нашай праваслаўнай выставы “Вербны кірмаш”. Я патэлефанавала ўсім знаёмым рэгентам з надзеяй, што нехта і пагодзіцца. Пагадзіліся ўсе. І мы зразумелі — неабходна ладзіць асобны фестываль, запрашаючы на яго найлепшыя калектывы Мінска. Бо трэба ж ствараць нейкую альтэрнатыву казіно ды розным іншым шоу.

— Для каго прызначаныя вашы канцэрты: для праваслаўнай альбо свецкай аўдыторыі?

— Найперш для тых, хто яшчэ да храма не дайшоў. Навошта дзяліць на праваслаўных і неправаслаўных? Хрыстос такога падзелу не рабіў — Ён уцелавіўся, каб збавіць усё чалавецтва. І не сеў дзе-небудзь на ўзгорку ў чаканні, пакуль хтосьці да яго прыйдзе, але сам рушыў да людзей. І мы так павінны рабіць. Таму запрашаем на Вялікапостны фестываль усіх без выключэння!

— Праграма фэсту складаецца пераважна з харавой музыкі.

— Харавое мастацтва ўнікальнае. Голас — гэта адзіны музычны інструмент, які стварыў Бог. Так, вядома, разам з чалавекам, паколькі Божы дар трэба ўдасканальваць. І глядзіце далей. Хор — назоўнік у адзіночным ліку, але ён аб’ядноўвае мноства асобаў. І калі з хора выдзяляюцца галасы, то ўсё разбураецца, адзінства развальваецца на шмат маленькіх індывідуальнасцяў. А калі ўсе спяваюць як адзін, здараецца цуд. У нашых Вялікапостных канцэртах такі дух адзінства ёсць, я яго адчуваю. Паміж публікай і тымі, хто на сцэне, паміж рэгентам і пеўчымі. Гэта тое, што словамі не патлумачыш.

Натуральна, мне як праваслаўнай манахіні хочацца, каб усе знайшлі Бога ў праваслаўі. Але сваімі канцэртамі мы не купляем увагу людзей, мы прапануем ім выбар. Хочаце — прыходзьце і паглядзіце. І людзі ідуць. Як летась былі аншлагі, так і сёлета. Наша мэта — каб чалавек выйшаў з залы іншым. Каб у яго сталі ўзнікаць пытанні, на якія яму карцела б знайсці адказ. Тады ён, можа, наведае які-небудзь праваслаўны сайт або ў наш манастыр зойдзе. Многія мінчане не нават ведаюць, што ў Мінску ёсць манастыр! Навінкі для іх — гэта толькі псіхіятрычная клініка. Наша школа мазаікі па ўсім свеце вядомая — а ў Мінску шмат хто пра яе і не чуў.

— Канцэрты фестывалю бясплатныя. Але яны маглі б быць і дабрачыннымі.

— Мы думаем, што пакуль трэба выключыць гэты элемент абмену білетаў на грошы. Ён не адпавядае духу таго, што мы хацелі зрабіць. Але адзін канцэрт, як і летась, зрабілі дабрачынным — у падтрымку ўсіх ініцыятыў, якія здзяйсняе наш манастыр. Мы апякуемся псіханеўралагічным інтэрнатам, дзе жыве пад тысячу дарослых, якіх кінулі родныя, побач — такі самы дзіцячы інтэрнат. Ды і на нашым падворку — 208 чалавек, хаця корпус пабудаваны на 80. Прыходзяць да нас бамжы — і вось куды іх? Не скажаш жа — ідзіце ў лес, у нас месцаў няма. А пост — гэта якраз такі час, калі жыццё павінна быць скіравана на добрыя справы. Час падумаць, каму я магу дапамагчы, чым я магу ахвяраваць. Не лішак ад сябе адарваць, а нешта патрэбнае. Лішак лёгка заўсёды аддаць. А паспрабуй падзяліцца тым, што самому неабходна.

/i/content/pi/cult/681/14991/5.JPG— Чаму на канцэртах фэсту гучыць не толькі царкоўная музыка?

— Не ўся харавая музыка духоўная, і не ўся духоўная — харавая. Выступаюць у нас і свецкія калектывы, і царкоўныя, і прафесійныя, і аматарскія.

— Пачынаў фестываль якраз свецкі хор “Салютарыс”…

— Гэта як сказаць… Дзе тая мяжа? “Салютарысам” кіруе Вольга Янум. Яна прафесійны дырыжор з кансерваторскай адукацыяй. У той самы час — шматгадовы рэгент храма ў гонар іконы Божай Маці Усіх Тужлівых Радасць. Палова харыстаў “Салютарыса” таксама спявае там, а, можа быць, і ў іншых храмах. Гэта свецкі хор ці які?

— А каму нельга спяваць у царкоўным хоры?

— Усім можна. У царкву ўсе ўваходзяць нехрышчонымі, галоўнае выйсці хрышчоным. Наш бацюшка, духоўнік манастыра, айцец Андрэй Лемяшонак, вакол якога калісьці ў 1990-х гадах закруцілася тая бурлівая дзейнасць, распавядаў пра сваё мінулае. Ён пратэставаў супраць савецкага жыцця, хіпаваў, талстоўцам быў. Потым выпадкова праходзіў каля кафедральнага сабора — і зацікавіўся, зайшоў. А там памазанне было. Усе ідуць, і ён пайшоў. А выйшаў з храма веруючым чалавекам. Бог ведаў яго шлях. Так і з кожным чалавекам можа адбыцца. Зайшоў на канцэрт выпадкова, а праз 10 гадоў ты — бацюшка, заснавальнік нейкага манастыра.

Ёсць шмат людзей, якія спяваюць у храмах і не лічаць сябе веруючымі. А Бог усіх прымае, бо ў кожнага свой шлях і свой тэрмін. І калі наш хор прыйшоў у Свята-Елісавецінскі манастыр, то ўсе веруючымі людзьмі сталі. А раней і нехрышчоны спяваў, ён такім і застаўся. Пакуль. Заўсёды кажу — пакуль. Я сама жыла каля кафедральнага сабора, а пра Бога не думала. Прыйшла да Яго пасля катастрофы ў жыцці, хваробы дзіцяці, развалу сям’і. Такая гісторыя звычайная для многіх людзей. Калі чалавек інакш не чуе. А Богу ён патрэбны. Я, можа быць, жорстка скажу, але любымі сродкамі Ён імкнецца ўсіх на розум сапраўдны наставіць і пасяліць у вечнасці.

— Дзякуй вялікі, матушка Іуліянія, але ёсць у мяне яшчэ пытанне пра тое, калі жанчына сёння абірае адзінокае жыццё, не ў сям’і?

— Часта ставяць роўнасць паміж манаствам і адзінотай. Гэта ў корані няверна. Кажуць, што манастыр ад слова “мона” — адзін. Але на самой справе — ад слова “адзіны”, “адзінства”. І трэба, каб там усе былі як адно цела з мноствам клетачак. Сэнс у тым, каб палюбіць людзей, якіх ты сам не абіраў. Вось ты прыйшоў — і ў цябе з’яўляецца 125 сясцёр! І пакуль ты іх не палюбіш, ніякая манахіня з цябе не атрымаецца. У гэтым і заключаецца барацьба манаская — каб любіць людзей. У манастыры пачынаеш бачыць сябе такім, які ты ёсць, ужо без прыхарошванняў. У свеце Бог чалавека шкадуе, дае яму іншыя меры. А ў манастыры з’яўляецца ўнутраная барацьба, якая нікому не бачная.

Часам да нас прыходзяць і кажуць: “Мне 38 гадоў, а жыццё не склалася. Можа, у манастыр пайсці? Як гэта зрабіць?” А ніяк, не трэба нічога рабіць. Калі табе ў манастыр, ты гэта зразумееш і не здолееш жыць па-ранейшаму. Прыйдзеш і застанешся, чаго б гэта ні каштавала. А каштуе гэта дорага. Я ішла ў манастыр у 50 гадоў. Можна было скончыць жыццё ў добрай кватэры — пей, ясі, весяліся. Дзеці тады ўжо ўладкаваныя былі. Але Бог вырашыў інакш, і ў мяне яшчэ адно жыццё з’явілася. А цана высокая — трэба ўсё аддаць. А ўсё — гэта каму што дорага. Вось ёсць у цябе лецішча, і ты думаеш: а хто ж яго будзе даглядаць? Або — як я там буду жыць без камп’ютара? Таму патрэбнае такое пакліканне, якое здатнае адарваць цябе ад гэтага свету — маўляў, усё, іначай ужо болей не можна. Таму ў манастыры ў нас усяго 125 чалавек, а ў Мінску — 2 мільёны.

— І ўсіх іх вы запрашаеце на Вялікапостныя канцэрты?

— Ёсць людзі, якім мала таго, што яны маюць у жыцці. Яны шукаюць, а самі не ведаюць чаго. Мы даём магчымасць, нават не заходзячы ў храм, зразумець, што ты шукаеш. А потым усё відавочным становіцца. І са мной так было. Як толькі я пераступіла парог праваслаўнага храма з крыкам: “Госпадзе, дапамажы!”, пачалося нараджэнне новага чалавека і новай рэальнасці. Свет застаецца тым жа, але для цябе ён становіцца іншым, калі ты ўваходзіш у храм. Не храм як сцены, а супольнасць людзей і Бога. І гэтага жадаю ўсім.