Дантэ ў пераказе Далі

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Арыгіналы ілюстрацый Сальвадора Далі да “Боскай камедыі” Дантэ цяпер можна пабачыць у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/681/14990/4.JPGКаштоўны груз — а гэта 100 графічных лістоў сусветна вядомага мастака — трапіў з Італіі ў Беларусь самалётам у скрынях-сейфах. Арыгіналы належаць калекцыянеру Андрэа Пантальці.

— Выстава вандруе па свеце. Толькі што была ў ЗША, недзе ў Тэхасе, — кажа куратар выставы Вольга Кліп. — Калі “адвандруе” ў нас, вернецца да ўладальніка і будзе некаторы час адпачываць у пэўных умовах, якіх патрабуе графіка.

На пачатку 1950-х гадоў Далі па замове ўрада Італіі пачаў працу над ілюстрацыямі да “Боскай камедыі” Дантэ. Але яго работы ўспрынялі крытычна, што не спыніла мастака, і ён завяршыў справу. Кніга хутка была надрукавана, але ў Парыжы.

— Мне хацелася, каб мае ілюстрацыі да Дантэ атрымаліся быццам лёгкія сляды волкасці на боскім сыры. Вось адкуль гэтыя стракатыя разводы, якія нагадваюць крылы матылька, — такі запіс пакінуў Далі ў “Дзённіку аднаго генія”, пазначыў дату — 19 мая 1960 года.

Адзін з галоўных твораў сусветнай літаратуры мастак пераказаў з дапамогай сюррэалістычнага слоўніка, складальнікам якога стаўся ён сам. Знакамітыя шуфлядкі Венеры, гадзіннікі, фантасмагарычныя жывёлы лёгка ўпісаны ў кантэкст паэмы.

Дарэчы, у наведвальнікаў выставы ёсць магчымасць прачытаць кнігу па ілюстрацыях Далі — кожны аркуш суправаджаюць вытрымкі з твора: “Земную жизнь пройдя до половины…”

Ірына ЮДЗІНА
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ