Спеўны падарунак

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама і Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці выйшаў зборнік “Спяваем разам”, дзе сабраны ноты 25-ці песень для дзяцей кампазітара Алены Атрашкевіч і паэта Васіля Жуковіча, а таксама кампакт-дыск з 9-цю песнямі, запісанымі ўдзельнікамі аднайменнай узорнай эстраднай студыі Палаца культуры г. Маладзечна і вядомым оперным салістам Рыгорам Палішчуком.

 /i/content/pi/cult/165/1499/Spyavajem.jpg
Дадамо, што песню, якая дала назву і
студыі Алены Атрашкевіч, і самому зборніку, мы друкавалі (“К” № 34 за 2007 г.), дый пра аўтараў і выканаўцаў пісалі неаднойчы, бо яны людзі неўтаймоўныя: увесь час загараюцца новымі ідэямі і паспяхова іх ажыццяўляюць. Той жа Васіль Жуковіч нядаўна выдаў песенны альбом з красамоўнай назвай “Імклівая рака” — як філасофскае ўвасабленне вірлівага, поўнага творчых паваротаў жыцця. Да такіх жа насычаных падзеямі, а не бяздумна праведзеных гадзін і гадоў заклікаюць яны сваёй творчасцю і малодшае пакаленне.
Кніга падзелена на пяць тэматычных раздзелаў — па пяць песень у кожным. Ёсць тут і песні для самых маленькіх: пра сонейка, кнігу, залатую рыбку, лесвічку да воблакаў і вясёлкі, непаслухмяную дзяўчынку. Ёсць і лірыка-патрыятычны рэпертуар, разлічаны на дзіцяча-падлеткавае ўспрыманне: пра маці, родную старонку, землякоў, пра нашы цудоўныя краявіды. Знойдзены і незабыўныя мелодыі першага кахання: узнёсла-радасныя, журботныя, з пяшчотным саксафонам і слязьмі на вачах. Не забыты і гумар, дзе за вясёлымі жартоўнымі гісторыямі хаваецца незласлівае, але трапнае высмейванне ахвяр моды, славалюбства, гультайства, неахайнасці, нават... злоўжывання алкаголем. Завяршаюць жа зборнік творы акурат пра тых, хто звернецца да гэтай кнігі: апошнія песні прысвечаны музыцы, творчасці, мастацтву. А фінальная ўжо з’яўляецца афіцыйным гімнам Міншчыны.
Выдатна, што ў зборнік увайшлі не толькі сольныя нумары, але і дуэтныя, харавыя. А галоўнае — кожная песня даецца на дзвюх мовах: беларускай і рускай, што, безумоўна, не толькі можа пашырыць кола карыстальнікаў, але і будзе садзейнічаць цікавасці да нашай роднай мовы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ