Канкрэтныя чалавечыя гісторыі

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Беларускія радыёспектаклі — яскравая з’ява мінулага стагоддзя і ўжо гісторыя айчыннага тэатральнага мастацтва. У Вялікабрытаніі ж такія пастаноўкі застаюцца вельмі папулярнымі і дасюль. Чаму там па-ранейшаму ўключаюць радыё і якія гісторыі слухачы хочуць пачуць ад акцёраў, распавяла “К” тэатральны рэжысёр, кіраўнік аднаго з найбуйнешых у свеце аддзелаў радыёпастановак — на BBC — Элісан ХІНДАЛ. Па запрашэнні беларускіх калег яна наведала Мінск і патлумачыла, чаму варта вярнуцца да стварэння аўдыёспектакляў.

/i/content/pi/cult/680/14984/21.JPG“Уражанне залежыць выключна ад голасу”

— Як і многія радыёвяшчальныя кампаніі, BBC пачала трансліраваць спектаклі ў 1920-я гады, але, у адрозненне ад іншых, працягвае займацца гэтым дасюль, — кажа спадарыня Хіндал. — Штодзень мы выпускаем па тры новыя эпізоды розных пастановак, і аўдыторыя кожнага з іх складае каля мільёна чалавек. Тэматычны дыяпазон шырокі — гэта могуць быць і палітычна арыентаваныя драмы, і спектаклі паводле твораў сучасных аўтараў, і класіка.

У мяне часта пытаюцца, чаму з усіх відаў тэатральнага мастацтва я выбрала для сябе менавіта радыёпастаноўкі — не самы модны і высокааплатны кірунак. Лічу, што радыёспектакль — найбольш інтымная форма камунікацыі паміж слухачом і артыстам. Мне
падабаецца, што ўражанне ў кожнага чалавека сваё, і яно залежыць выключна ад голасу артыста і ад таго, як гэты голас адгукнецца ва ўяўленні слухача.

67 гадоў у эфіры

— Самая знакамітая праца нашага аддзела — “Арчары”. Людзі ў Вялікабрытаніі дзеляцца на два тыпы: тых, хто іх любіць і тых, хто ненавідзіць. Серыял трансліруецца без перапынку ўжо 67 гадоў! Шэсць разоў на тыдзень у 19.15 у эфір выходзіць новы эпізод. Аўдыторыя кожнага з іх складае каля пяці з паловай мільёнаў чалавек.

Серыял запусцілі ў пачатку 1950-х гадоў па ініцыятыве брытанскага ўраду. Гэта быў пасляваенны час, дэфіцыт харчавання. Урад імкнуўся заахвоціць фермераў выкарыстоўваць больш сучасныя і прадукцыйныя метады вытворчасці ў галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі. Галоўнымі героямі стала фермерская сям’я Арчараў, і праз радыёспектакль да рэальных фермераў спрабавалі данесці важную інфармацыю, рэкамендацыі, інструкцыі — як змагацца з фітафторай, знішчаць розных шкоднікаў і гэтак далей.

Але, акрамя гэтага, у серыяле ўздымаліся і злабадзённыя сацыяльныя тэмы — ужыванне наркотыкаў, з’яўленне незаконнанароджаных дзяцей, барацьба з анкалагічнымі захворваннямі... Разглядаліся канкрэтныя чалавечыя гісторыі кожнага з сям’і Арчараў. І мы мяркуем, што менавіта такая дакладнасць, з якой у рэжыме рэальнага часу героі расказваюць пра свае праблемы, з’яўляецца важнай прычынай цікавасці да серыяла. Ён настолькі вядомы, што, калі яго асноўную музычную тэму проста апісаць словамі дам-дзі-дам-дзі-да, амаль любы чалавек у Вялікабрытаніі адразу зразумее, пра што ідзе гаворка.

10 сцэнарыстаў, 50 акцёраў

— Над “Арчарамі” працуе невялікая творчая група — восем чалавек. Яшчэ чалавек дзесяць — гэта сцэнарысты розных сюжэтных ліній. І пяцьдзесят артыстаў, з якімі мы па чарзе сустракаемся кожныя пяць тыдняў і цягам васьмі дзён запісваем па пяць серый.

З такой жа перыядычнасцю збіраецца і ўвесь калектыў аўтараў серыяла, каб мы ў дэталях прапрацавалі сюжэтныя лініі на бліжэйшы час. Хаця агулам можам распрацоўваць іх на 3 — 5 гадоў наперад. Дзеці, якія “нараджаюцца” сёння, мусяць стаць будучымі героямі гісторыі. Мы гэта ўлічваем.

Раз ці два на год праводзім сустрэчы пашыраным складам, каб скарэкціраваць далейшы ход дзеяння серыяла, увесці новыя тэмы. Звычайна гэта тое, пра што кажуць людзі і што можна прачытаць у навінах. Напрыклад, ужо цяпер нашы героі абмяркоўваюць “Брэксіт” (выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза), які адбудзецца ў 2019 годзе. Адна з апошніх тэм, якая мела моцны рэзананс, — хатні гвалт.

Маніпуляванне і кантроль

— Яе прапанаваў увесці адзін з рэжысёраў-пастаноўшчыкаў. У той час у серыяле з’явіўся новы персанаж Роб, які прыехаў шукаць працу ў вёску Эмбрыдж (галоўнае месца дзеяння). Калі наш прадзюсар пачуў яго голас, сказаў: “Вось чалавек, якому адразу ты хочаш давяраць, а потым пераконваешся, што ні ў якім разе нельга гэтага рабіць”. Мы вырашылі, што можам развіць праз такога персанажа моцную гісторыю пра маніпуляванне і кантроль.

Роб, хаця і жанаты, пачынае стасункі з Хэлен з сям’і Арчараў. У яе не ўсё ў парадку з эмацыйнай стабільнасцю, яна мае сына ад іншага бойфрэнда, які скончыў жыццё самагубствам. Аўдыторыя, у асноўным, недалюблівала Хэлен за тое, што яна ўвесь час жалілася на свой лёс. Па сцэнарыі Роб заваяваў яе давер, развёўся і ажаніўся з Хэлен, пасля чаго пачаў кантраляваць усё: як яна апранаецца, што есць, з кім размаўляе. Ён афіцыйна ўсынавіў дзіця жанчыны, але неўзабаве пасля вяселля вырашыў, што хоча мець яшчэ і свайго сына. Хэлен у тэорыі не супраць, але не так хутка. І мы запісалі эпізод, з якога было зразумела, што Роб згвалціў Хэлен.

“Наш сюжэт разглядалі ў Парламенце”

— Так супала па часе, што якраз тады, калі ў нас выходзілі гэтыя эпізоды, урад прыняў новыя заканадаўчыя акты, якія аб’яўлялі псіхалагічны кантроль крымінальным злачынствам. Таму нечакана для ўсіх падзеі ў “Арчарах” актыўна асвятляліся ў СМІ. Калі мы планавалі завяршэнне сюжэтнай лініі Роба і Хэлен, меркавалі, што гераіня мусіць сарвацца і накінуцца на свайго мужа. Спецыялісты, якія нас кансультавалі, сказалі, што зазвычай так і адбываецца: даведзеная да адчаю ахвяра ў нейкі момант кідаецца на свайго агрэсара. Але заканадаўчыя акты тады яшчэ не ўступілі ў сілу, і мы не ведалі, які прысуд быў бы вынесены жанчыне, якая забіла свайго мужа.

Хэлен прыняла рашэнне сысці ад Роба, але перад гэтым захацела з ім пагаварыць. Сітуацыя стала напружанай, таму Хэлен ударыла мужа нажом. Гэты эпізод мы выпусцілі ў красавіку. Да верасня справа разглядалася ў судзе, бо Хэлен арыштавалі, і яе другі дзіцёнак нарадзіўся ў турме.

Прэса ўвесь гэты час актыўна пісала пра серыял. Сітуацыя абмяркоўвалася на ўсіх узроўнях. Гэтую сюжэтную лінію ў якасці прыклада падобных сітуацый разглядалі нават у Парламенце. Герцагіня Карнуольская, жонка прынца Чарльза, вялікая прыхільніца серыяла, арганізавала прыём, прысвечаны ахвярам хатняга гвалту. Хтосьці са слухачоў стварыў вэб-сайт для збору сродкаў і каля 50 тысяч фунтаў былі перададзеныя рэальным пацярпелым.

Цікавай была рэакцыя юрыстаў на эпізод з самім судовым працэсам, калі Хэлен апраўдалі і выпусцілі з турмы, а Роба прызналі злачынцам. Меркаванні падзяліліся. Адны казалі: “Не, гэта лухта, такога не магло быць”. У той час як іншыя пагадзіліся: “Менавіта так усё і павінна быць”. Разгарнулася масіраваная кампанія і абмеркаванне ў сацыяльных сетках. Праз нейкі час, калі новы закон аб гвалтоўным кантролі ўступіў у сілу, суд разглядаў такія справы ўжо ў рэальным жыцці. А мы зараз вядзем перамовы з рэжысёрам з ЗША, які выказаў зацікаўленасць зрабіць радыёпастаноўку па сюжэце Роба і Хэлен з улікам рэалій амерыканскага заканадаўства.

“Слухаю і разумею, што гэта маё жыццё”

— Натуральна, мы сочым за рэакцыяй слухачоў. Часам іх меркаванне ўплывае на ход развіцця падзей у пастаноўках. Раней атрымлівалі шмат лістоў па пошце. Літаральна мяхамі. Зараз людзі выходзяць на сувязь праз сацыяльныя сеткі і пошту электронную. У BBC ёсць свая тэлефонная лінія, куды можа пазваніць любы слухач: “Надакучылі гэтыя “Арчары”, здыміце іх з эфіру”.

Хтосьці лічыць, што сюжэтная лінія Роба і Хэлен выклікае негатыўныя эмоцыі. А хтосьці, наадварот, прызнаецца: “Я слухаю і разумею, што гэта маё жыццё — сама з’яўляюся ахвярай хатняга гвалту. Гэта пабудзіла мяне звярнуцца па дапамогу на гарачую лінію”. Аднойчы з намі звязаўся мужчына і сказаў, што ўсвядоміў: ён такі ж агрэсар, як Роб, і мае патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, каб перастаць сябе так паводзіць.

“Цікавасць да радыёпраграм расце”

— Для многіх людзей слухаць серыял стала звычкай. І агулам цікавасць да радыёпраграм апошнім часам расце. Прынамсі, аўдыторыя Радыё 4 на BBC, дзе выходзяць “Арчары”, увесь час павялічваецца — у адрозненне ад музычных праграм. Людзі хочуць ведаць, што адбываецца ў свеце, разумець прыроду тых ці іншых падзей. Але гэта слухачы сярэдняга ўзросту і старэйшыя. Моладзь радыё практычна не слухае — у іх ёсць YouTube, Snapchat, WhatsApp. Нават ужо не Facebook. Мая 15-гадовая дачка лічыць, што гэта для старых.

Упэўнена, што, менавіта дзякуючы радыё, мы здольныя забяспечыць такую глыбіню пагружэння ў тэму, якой большасць тэлепастановак не можа дасягнуць, бо проста абмежавана паводле тэрміну свайго вяшчання. Аднойчы я запыталася ў актрысы Джун Спэнсэр (хутка яна плануе адзначыць свой 100-гадовы юбілей, запісваючы чарговы эпізод “Арчараў” у студыі), чым можна патлумачыць такую даўгавечнасць серыяла. Яна праходзіла кастынг яшчэ на першыя серыі, і тады ўсім акцёрам сказалі, што яны мусяць стаць галасамі рэальных людзей ды шчыра распавядаць пра тое, што адбываецца ў жыцці звычайных брытанцаў. Падобна, так яно і атрымалася.

Даведка

Элісан ХІНДАЛ — брытанскі рэжысёр, прафесар радыёдрамы Універсітэта Дэрбі, член Каралеўскага валійскага каледжа музыкі і драмы. Працавала ў Каралеўскай шэкспіраўскай кампаніі, затым перайшла ў BBC. Паставіла больш за 270 радыёспектакляў, у тым ліку на рускай мове (1995). Адна з апошніх пастановак — “Вавілонская вежа” для нямецкіх радыёвяшчальных кампаній, зробленая разам з сусветна вядомым рэжысёрам Робертам Уілсанам.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"