Толькі тыдзень, каб паспець убачыць

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Практыка стварэння здаровага ажыятажу
Відаць, самыя рэдкія музейныя выставы ў Беларусі — гэта выставы аднаго прадмета. Нават “цэнтральныя” музеі з сапраўды багатымі зборамі нячаста рызыкуюць іх праводзіць. Што ж тады казаць пра невялікія рэгіянальныя? Аднак Музей беларускага Палесся ў Пінску рызыкнуў — і вырашыў правесці не адну такую выставу, а цэлы шэраг. Балазе, калекцыі гэта дазваляюць.

/i/content/pi/cult/680/14983/20.JPG

У езуіцкіх мурах

Музей беларускага Палесся мае прынамсі некалькі нагодаў, якія вылучаюць яго адметнасць сярод культурных устаноў Беларусі. Па-першае, ён размешчаны ў мурах былога езуіцкага калегіума XVII стагоддзя. Па-другое, заснаваны ён у 1924 годзе, яшчэ “за польскім часам” — і ніколі не спыняў работы, яго не паспелі разрабаваць падчас Другой сусветнай вайны і ён здолеў захаваць свае рарытэты. Адсюль і трэці фактар — зборы ў яго сапраўды багатыя.

Агулам, як адзначыла дырэктарка музея Ірына Дзямчук, толькі асноўны фонд налічвае без малога 75 тысяч адзінак захавання. А яшчэ ж і больш за 15 тысяч навукова-дапаможнага. Пры тым, калекцыі багатыя не толькі лічбамі, але і зместам. Драўляны ровар, выраблены мясцовым майстрам В.Ілючыкам у 1931 годзе, ужо ўвайшоў ў анекдоты, але ж далёка не ён адзіны робіць славу зборам пінскага музея.

— У нашай калекцыі жывапісу — і Віталь Цвірка, і Юдаль Пэн, і Павел Масленікаў, і шмат хто яшчэ, — распавядае Ірына Дзямчук. — Нядрэнна прадстаўлены і рускі жывапіс — у экспазіцыі можна пабачыць работы Івана Шышкіна, Васіля Паленава, Канстанціна Макоўскага, Васіля Пярова, Івана Айвазоўскага... Даволі цікавы і археалагічны збор — згадайма, скажам, каменны саркафаг ХІІ стагоддзя з Турава. Такіх на ўсю Беларусь хіба некалькі. А калекцыя пісьмовых крыніц — гэта наогул цуд! Чаго вартыя хаця б дакументы Боны Сфорцы.

“Бярэш у руку — маеш рэч!”

— Сама па сабе ідэя арганізаваць шэраг выстаў у рамках праекта “За кулісамі музея” з’явілася ў нас даволі спантанна, — расказвае адзін з яго аўтараў і куратараў, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Валерый Кабрынец. — Хаця задума ўжо даўно лунала ў паветры.

Пачыналася ўсё, як тлумачыць Ірына Дзямчук, са спробаў пошуку новых — больш актыўных — форм работы з фондавымі калекцыямі. Летась у Музеі беларускага Палесся правялі цыкл “Нам ёсць, каго памятаць. Нам ёсць, кім ганарыцца”, прысвечаны 925-годдзю горада. Але для музейшчыкаў у пэўны момант стала зразумела, што гэтага недастаткова — “класічныя” выставы хаця і запатрабаваныя, але ўжо не здатныя спарадзіць “выбух” у культурным ландшафце рэгіёну.

— Ладзіць вялікія выставы не заўжды атрымоўваецца — нават па тых жа фінансавых прычынах, — кажа Ірына Дзямчук. — І, апрача грошай, яны патрабуюць яшчэ і правядзенне навуковых даследаванняў, распрацоўку архітэктурнай канцэпцыі. Мінулым годам з 21 нашага экспазіцыйна-выставачнага праекта пяць грунтаваліся выключна на ўласных калекцыях. Але мы зразумелі, што гэтага мала! Неабходна “разварушыць” нашых людзей. І такім сродкам паслужылі кароткатэрміновыя выставы аднаго прадмета.

— Прадметы ў нашым музейным зборы ёсць не проста цікавыя, але нават унікальныя, — дадае Валерый Кабрынец. — І кожная выстава цягнецца не больш за тыдзень. Такім чынам мы імкнемся заахвоціць людзей “спяшацца пабачыць”. Досвед паказвае, што менавіта кароткатэрміновыя выставы выклікаюць больш моцную рэакцыю наведвальнікаў, нават пэўны ажыятаж.

Першым быў прэзентаваны адзіны на Беларусі помнік юрыдычнай думкі Заходняй Еўропы XIII — XVI стагоддзяў — зборнік законаў “Саксонскае зерцала” і “Права мейскае магдэбургскае”. Асаблівасць выдання ў тым, што яно было надрукаванае ў 1581 годзе ў Львове. Кнігу, знойдзеную ў вясковай царкве ў Ахове пад Пінскам, музей набыў паўстагоддзі таму:

— Улічваючы гэта, а таксама тое, што ў 1581 годзе Пінск атрымаў магдэбургскае права, ёсць падставы лічыць, што кніга магла выкарыстоўвацца ў магістраце падчас разгляду судовых спраў, — расказвае спадар Валерый.

Нездарма было вырашана пачаць цыкл выстаў менавіта з гэтага даволі прэзентабельнага помніка. Як тлумачыць Валерый Кабрынец, вельмі важна, каб экспанаты літаральна “кідаліся ў вочы”:

— Для мяне як для навукоўца цікавымі з’яўляюцца, напрыклад, прадметы з нашай нумізматычнай калекцыі. Але ж трэба разумець, што выстаўленая ў асобнай зале “самотная” дробная манетка выкліча цікавасць хіба ў абазнаных спецыялістаў. А каб спарадзіць яе ў звычайных наведвальнікаў, каб уключыць іх у працэс і заахвоціць прыйсці ў музей зноў, трэба абіраць уражвальныя экспанаты. Па прынцыпе “Бярэш у руку — маеш рэч!” Для яшчэ большай цікавасці мы вырашылі захоўваць інтрыгу — да пачатку праекта не абвяшчаем, што менавіта будзем выстаўляць.

Захаваць інтрыгу вырашылі ў палескім музеі і адносна далейшых выстаў, ладзіць якія плануецца прыкладна раз на квартал. Падрыхтавалі ўжо і план, і самі прадметы, але іх спіс пакуль не агучваюць.

Перліна сярод балот

Апрача саміх пінчукоў, выставачны праект атрымаў водгук і ў турыстаў, якія наведваюць горад. І гэта не дзіва, бо зваротная сувязь з імі ў музеі наладжаная даволі добра. Не так даўно была створаная віртуальная версія экспазіцыі, і цяпер кожны можа зайсці на старонку праекта і атрымаць паўнавартасную экскурсійную праграму, не выходзячы з дому. А зацікавіўшыся — наведаць у “рэале”. Зрабілі гэта за свой кошт партнёры ўстановы і размясцілі ў Інтэрнэце.

“Жывыя” праекты музея таксама не застаюцца па-за ўвагай. Толькі летась апрача ўласна выставачнай дзейнасці ўстановай было праведзена амаль 200 самых розных культурных акцый. Адна з найпапулярных — нетрывіяльная “Ноч музеяў”. У Пінску ў маі ўжо традыцыйна “прыадкрываюць” сутарэнні падземных хадоў, якія разыходзіліся калісьці ад калегіума па ўсім горадзе.

— Два апошнія гады праводзім акцыю у моднай цяпер форме квэсту, — распавядае Ірына Дзямчук. — Паказваем сутарэнні, расказваем пра іх. На жаль, далёка зайсці не атрымаецца — яны засыпаныя і чакаюць таго часу, калі археолагі іх расчысцяць і даследуюць. — Але ж колькі б і чаго мы не рабілі, якіх бы намаганняў не прыкладалі, не ўсё можам вырашыць — не заўжды гэта залежыць ад нас. Асноўная праблема, якая стаіць на шляху развіцця не толькі музея, але і ўсяго горада як турыстычнага цэнтра рэгіёна — гэта яго адносная ізаляванасць.

І сапраўды, каб патрапіць у Пінск, трэба збочыць з асноўных магістраляў. Праз амаль поўную адсутнасць транзітных маршрутаў расклад руху цягнікоў не вельмі зручны. А маршрутныя таксоўкі, якія ратуюць горад — не самы танны сродак транспарту. Таму і не кожны турыст “даязджае”.

— Асноўны кантынгент нашых наведвальнікаў — мясцовыя школьнікі, — тлумачыць спадарыня Ірына. — Турысты ж — гэта перадусім арганізаваныя групы. Дый і іх магло б быць больш, але лішнія некалькі гадзін дарогі туды і назад без дадатковага атрактыўнага суправаджэння многіх “пужаюць”.

— Так, працаваць насамрэч даводзіцца перадусім з мясцовымі, — падтрымлівае гутарку Валерый Кабрынец. — Але гэта і някепска — нельга забывацца пра тутэйшых і арыентавацца толькі на тых, хто “панаехаў”. Напрыклад, мы займаліся распрацоўкай тэмы грашовага абарачэння Піншчыны за апошнія больш чым сто гадоў і атрымалі вялікі і цікавы выставачны праект. Натуральна, што асноўнай групай, якая праявіла інтарэс да яго, аказаліся студэнты банкаўскага аддзялення Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту, які месціцца з намі па суседстве. Гэта было ім не толькі цікава, але і адпавядала профілю навучання.

Нават тое, што ўжо дзесяць гадоў музей пазбаўлены статусу рэспубліканскага і пераведзены ў падпарадкаванне гарадскім уладам, не так кепска на яго ўплывае, як фізічная аддаленасць горада ад буйных дарог. Прэстыж і слава, як адзначае дырэктарка музея, вымяраецца не статусам, а плёнам рэальнай работы.

— Ездзіць у Мінск на нарады было цікава — выбірацца ў вялікі свет, але тут на месцы многае можна вырашыць нават больш аператыўна. Музей і цяпер развіваецца без супынку, яго будынак падтрымліваецца ў належным стане, а калекцыі — дбайна захоўваюцца. Яшчэ ў 2009 годзе ў нас адкрыўся філіял — выставачныя залы ў палацы Бутрымовіча. Для такога невялікага горада гэта даволі нетыпова.

Адзінае, на што паўплывала змена статусу і перавод з рэспубліканскага падпарадкавання ў гарадское — гэта катэгорыя аплаты. Хаця розніца і невялікая, але для кішэні работніка культуры і яна даволі заўважная. Таму музейшчыкі актыўна працуюць над папаўненнем фондаў, спадзеючыся бліжэйшым часам перайсці ў наступную, больш высокую катэгорыю.

Так, ехаць у Пінск адусюль далёка. Затое, з мінулага года турысты сталі трапляць у горад, бадай, самым прыгожым шляхам — па вадзе. Летась быў запушчаны першы круізны цеплаход па маршруце Брэст — Мазыр працягласцю каля 500 кіламетраў. Адпаведна, ёсць надзея на рост наведвальнікаў выстаў у былым калегіуме. Ды і тубыльцы таксама не забываюцца пра культурную Меку беларускага Палесся. Балазе, музейшчыкі пастаянна ім пра сябе нагадваюць. Засталося дачакацца наступнага кварталу — і ў рамках праекту “За кулісамі музея” іх чакае чарговы сюрпрыз. Галоўнае, не прапусціць гэтую вельмі кароткую акцыю.