Яму ўсё роўна, дзе нараджацца

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Прэм’еры апошніх сезонаў у рэгіянальных тэатрах
Ці ёсць жыццё на Месяцы, а беларускі тэатральны працэс — па-за сталіцай ды іншымі гарадамі? Малыя тэатры, размешчаныя ў раённых цэнтрах Маладзечне, Слоніме і Пінску, адказваюць: “Ёсць!” Аднойчы ім стала зацеснай даматканая світка аматарскага калектыву на сцэне гарадскога ДК, яны атрымалі статус дзяржаўных тэатраў і свае прафесійныя пляцоўкі ды сфармавалі трупы — як з выпускнікоў профільных навучальных устаноў, так і з актывістаў самадзейнасці. Звернем увагу на нядаўнія прэм’еры рэгіянальных тэатраў.

Чамаданы жыццёвага досведу

/i/content/pi/cult/680/14981/16.JPGТрагікамедыя “Дыягназ — каханне!” Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне стала бенефісам актрысы Людмілы Рошчынай. У аснове спектакля п’еса “Каханне на дзве дзеі” расійскага журналіста і драматурга Андрэя Максімава.

Рэжысёр-дэбютант Алена Рахмангулава — вядучая актрыса тэатра, пастаноўшчык сцэнічнага руху ў многіх спектаклях — апранае сваіх герояў як парыжскіх мімаў — у чорныя трыко — і выбудоўвае спектакль, у асноўным, на пластыцы. Мастак Валерый Юркевіч у якасці цэнтральнага вобразу выбірае карычневы чамадан, падобны і на купэ ў дарозе жыцця, і на балаганчык лёсу. Спектакль пачынае дзяўчынка ў яркай сукенцы з маленькім чамаданчыкам, які ўвасабляе жыццёвы вопыт — малы на пачатку шляху і цяжкі, непад’ёмны ў сталасці.

На сцэне дзяўчынка адразу малюе і дорыць свае карцінкі Ёй (Людміла Рошчына) — а значыць сабе, толькі праз шмат гадоў. Ён (Дзяніс Фешчанка) — грузны, падобны на Павароці, герой Яе асаблівага кахання, ледзь-ледзь залазіць на п’едэстал велічэзнага чамадана, і гэтае месца вызначыла для яго Яна сама.

Гераіня прыдумляе прыгожую гісторыю знаёмства з Мужам, каб забыцца на сапраўдную: пазнаёміліся яны ў грамадскім туалеце, які Яна прыбірала. Яе ірацыянальнае, уседаравальнае каханне і неверагодныя ўспаміны-мары рухаюць сцэнічнае дзеянне. Ён жа — закахаўся ў дзяўчыну з цяжкім лёсам і схільнасцю да хлусні (Аляксандра Грасевіч), для якой Яна сама прыдумляе імя — Ія. Муж не хавае ад Яе адносінаў на баку. Палюбоўнікі сустракаюцца на вуліцы, у таннай гасцініцы, і, уяўляючы сабе гэта, Яна паўстае то ў вобразе суседкі, што балбоча на “трасянцы”, то ў іпастасі адміністратаркі ў акулярах, парыку і вязанай кофце.

У выніку, палюбоўніца і жонка пачынаюць жыць у адной кватэры. Ія і Муж абвяшчаюць Яе вар’яткай і рамнямі прывязваюць да чамадана вопыту, з ніжняга аддзялення якога нечакана з’яўляецца Урач (Аляксандр Каласніцын), які ратуе гераіню. На жаль, гэты вобраз недастаткова падрабязна распрацаваны і, як вынік, некантрастны.

Маючы асаблівасць паліць пад настрой кожны дзень розныя цыгарэты, у фінале Ён паліць гаванскую цыгару — бо ўжо няма такіх цыгарэт, якія апраўдаюць Яго жыццё — і пачынае выпіваць, “каб не памятаць пра смерць”. Ён і Яна вырашаюць, што ім трэба стаць бацькамі. На сцэне зноў з’яўляецца дзяўчынка з уверцюры, бо дачка для жанчыны — яе працяг.

Паэма без мядзведзя

/i/content/pi/cult/680/14981/17.JPGСлонімскі драмтэатр прадставіў народную паэму з мядзведзем “Тарас на Парнасе” Сяргея Кавалёва паводле хрэстаматыйнага твора Канстанціна Вераніцына ў пастаноўцы Васіля Сяўца.

Жанр прадугледжвае цыганскія танцы, але на самой справе Зеўс, які перакінуўся ў мядзведзя, прадстаўлены толькі запісам звярынага рыку. Запеўкай спектакля становіцца выдатна пастаўлены карагод “Як пайду к кавалю...” У спектаклі занятая практычна ўся трупа тэатра. У першым дзеянні акцёры рухаюцца і існуюць у рытме гарэзлівага народнага танца, які шмат у чым задаецца Багданам Клімавым — Амурам у белым пышным парыку ў стылі дыскатэк 1980-х (жыва рэагуюць шкаляры на яго з’яўленне на сцэне!).

Цікавы сюжэтны ход п’есы Кавалёва — прыняцце алімпійскімі багамі Тараса за ўвасабленне зніклага Зеўса. На жаль, у другім дзеянні ўдалы тэмпарытм збіваецца, а лінія палітычнай інтрыгі Венеры і Марса адводзіць гледача ад цэнтральнага вобразу Тараса. Уладзімір Навумік у ролі легендарнага палясоўшчыка нясе нацыянальны каларыт і жыццёвую мудрасць, настолькі ж арганічна існуючы ў народным амплуа, як і карыфей беларускай сцэны Генадзь Аўсяннікаў. Апранутая бы анекдатычная Анка-кулямётчыца, Ірына Яцук у ролі Народнага паэта, заяўляе сябе “бясполым таварышам” — нягледзячы на выразныя полавыя прыкметы. Акторка не ўпершыню інтэрпрэтуе характарны мужчынскі вобраз: бліскуча выканала яна і ролю Чорта ў “Камедыі” Уладзіміра Рудава.

Бутафорскі мінімалізм сцэнаграфіі апраўданы этнаграфічнасцю літаратурнага матэрыялу і агульнай эстэтыкай пастановак калектыву, першапачаткова арыентаванага на традыцыі беларускага народнага тэатра (сцэнограф Аляксандр Толкач). Аднак такая незавершанасць сцэнаграфіі патрабуе паўнавартаснага светлавога рашэння, якое ў спектаклі адсутнічае (выкарыстоўваецца толькі частковае асвятленне некалькіх асноўных колераў), і складаных касцюмаў, якія спрыяюць раскрыццю вобразаў персанажаў. Разнастайнасць архетыпаў антычных багоў не прадстаўлена ў сцэнічных касцюмах, многія з якіх нібы запазычаныя з пастановак народных казак (мастак Людміла Шаўчэнка).

Кліпавая “Рагнеда”

/i/content/pi/cult/680/14981/18.JPGМалады рэжысёр Павел Марыніч паставіў на сцэне Палескага драмтэатра ў Пінску трагічную легенду “Рагнеда” паводле п’есы “Палачанка” Аляксея Дударава. Рамантычная фантазія драматурга пазбаўлена гістарычнай праўды, але строгі тон пастаноўкі імкнецца пераканаць недасведчанага гледача ў адваротным. У прыватнасці, шматлікія касцюмы, якія пераважна ствараюць матэрыяльны свет спектакля, настолькі падрабязныя, што пакідаюць адчуванне музейнай рэканструкцыі (мастак Ніна Бабровіч). Тым не менш, таленавітая сцэнаграфія Пятра Анашчанкі фармулюе сваю знакавую сістэму: сярэднявечныя срэбныя пласціны з адчаканенымі на іх радавымі гербамі (сквапнасць і ўлада), каваныя рашоткі (несвабода), пагост з мячоў, усаджаных ў сцэну (бясслаўная смерць).

Трупа самага маладога з дзяржаўных рэпертуарных тэатраў у краіне іграе з моцнай энергіяй і юнацкім імпэтам, ствараючы зладжаны ансамбль. Загалоўны акцёрскі дуэт Рагнеды і Уладзіміра (Антаніна Ракала і Андрэй Бастунец) неверагодна прыгожы. Аднак спектаклю бракуе сталых артыстаў з прафесійным і жыццёвым вопытам — вобразы Рагвалода, Княгіні, Дабрыні непераканаўчыя.

Уверцюрай гучыць адна з алегарычных пластычных сцэн, дзе тры славянскія мойры гуляюць чэрапам Святаполка (рэжысёр па пластыцы Валянціна Пранішнікава). Нібы жадаючы заблытаць у лабірынце гісторыі беларусаў, Рагнеда кідае чырвоную нітку лёсу Уладзіміру, як Арыядна — бастарду Мінатаўру. Паводле Дударава, іх паганская страсць становіцца крывавай ахвярай на алтары палітыкі. Як старазапаветны Лаван, што падмяніў Рахіль Ліяй, Рагвалод падмяняе дачку яе халопкай Купавай, у вусны якой пад страхам пакарання ўкладае абразлівыя словы пра рабскае паходжанне Уладзіміра. Так і не даведаўшыся праўды, ноўгарадскі князь жорстка помсціць Рагнедзе і яе роду.

Рэжысёр відавочна імкнецца да кінематаграфічнай манеры (дыктарскі каментарый і сучасныя музычныя акцэнты ў стылі галівудскіх фільмаў, кліпавасць дзеі). Блытаны тэмпарытм і мантажнасць не дазваляюць адчуць той пераломны момант, калі Уладзімір з палкага закаханага ператвараецца ў гвалтаўніка і забойцу.

Удалечыні ад аўтарытэтаў і тэндэнцый на сцэнах раённых гарадоў нараджаецца як непасрэднае, апантанае і нечаканае мастацтва, так і самавыяўленне па-за межамі прафесіяналізму. Тым не менш, калі ў вёсцы ёсць царква — гэта сяло. А горад, дзе ёсць тэатр, мае і ўрбаністычную культуру. Ці трэба сталічнай крытыцы ўкараняцца ў складаныя адносіны правінцыйных тэатраў з мясцовымі “замоўцамі музыкі” і гледачамі, нібы падглядваючы ў замочную шчыліну за чужым сямейным жыццём?

Калі тэатр ператвараецца ў паслугу, то “кліент заўсёды мае рацыю”, а калі тэатр — гэта ўсё яшчэ мастацтва, бясконцы рух і пастаянны духоўны высілак, тады без тэатразнаўчага аналізу не абысціся. Калі ў горадзе два тэатральных рэжысёры, ім недастаткова глядзець працы адзін аднаго. Важна выязджаць у Мінск і абласныя гарады, а на YouTube сёння можна ўбачыць і класіку савецкага тэатра, і сучасныя эксперыментальныя пастаноўкі. Як казала гераіня Рошчынай у спектаклі маладзечанскай трупы: “Каханне — як бяздомны сабака. Яму ўсё роўна, дзе нараджацца”. Тое самае можна сказаць і пра сапраўднае мастацтва.

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-
ДАШЧЫНСКІ,
тэатразнаўца
Фота з архіваў тэатраў