Кіно як маленькі абсалют

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Макраздымкі, мюзікл, сатырычны хорар, сацыяльная драма… Вось няпоўны пералік жанраў, якія можа прапанаваць кіно, знятае на мабільны тэлефон. У той самы час, VII Міжнародны фестываль мабільнага кіно velcom Smartfilm, які сёлета прайшоў пад лозунгам “Выйдзі за межы жанра”, не толькі выявіў багаты спектр мастацкіх выказванняў, але і прадэманстраваў творчую абмежаванасць аўтараў.

“Умерана пакаёвай тэмпературы”

/i/content/pi/cult/680/14980/13.jpgСёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 311 работ з 51 краіны свету. Беларускіх стужак — 77. Гэта прыстойная лічба, але, на жаль, як часам бывае, колькасць не заўжды вызначае якасць. “Не ведаю што адбылося ў гэтым годзе, але менавіта да беларускіх работ узнікала найбольш пытанняў”, — вызначыў тэндэнцыю член журы фестывалю, рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў на цырымоніі закрыцця форума. “Сёлета ў беларускім конкурсе ўсе было ўмерана пакаёвай тэмпературы, — падтрымаў калегу кінакрытык Максім Жбанкоў. — Мне асабіста не хапала драйву, імпэту, экраннага рок-н-ролу”.

Але ў шэрагу размаітых работ можна вылучыць і нядрэнныя стужкі. Хочацца адзначыць “Класіку” Дзяніса Дзедзіка — каструбаватую, але дасціпную спробу гарадскога крымінальнага роўд-муві. І, безумоўна, “Ягор”, які стаў пераможцам галасавання народнага журы і атрымаў спецыяльны прыз за лепшы беларускі фільм ад кампаніі velcom.

Тым не менш, адносна відавочнага беларускага фаварыта прафесійнае журы выказалася стрымана. “Мяне збянтэжыла падобнае драматычнае прачытанне Горвата, — пракаментаваў Максім Жбанкоў.  — Непасрэдна ў літаратурным творы няма тых шэкспіраўскіх жарсцяў, якія прапануюць стваральнікі карціны”.

Сапраўды, стужку Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя можна папракнуць у пэўнай тэатральнасці і пафасе, але прыклад выкарыстання тэатральнай мовы і экспрэсіўнасці ў “Ягоры” прыемна ўражвае. Дзеянне ў фільме адбываецца ў дзвюх прасторах — кінематаграфічнай, калі перад гледачом паўстае Ягор у выглядзе вандроўніка (акцёр Аляксандр Малчанаў), і тэатральнай — калі сюжэт з тым жа Ягорам і яго аднавяскоўцамі разыгрываецца ў цёмнай прасторы сцэны, дзе пейзаж і асяродак адсутнічаюць — і, адпаведна, становяцца няважнымі.

/i/content/pi/cult/680/14980/14.jpgБезумоўна, сродкі тэатра — гэта небяспечная зона для кіно, але рэжысёрам удалося прайсці па лязе брытвы і спалучыць у адно сінкрэтычнае дзеянне дзве ўмоўнасці. Дзіўная рэч, але побытавы і просты тэкст Андруся Горвата атрымаў новае вымярэнне — метафізічнае, у якім беларуская прастора абарочваецца магічнай пустэчай, куды ўсё сыходзіць і з якой усё нараджаецца. “Ягор” — гэта той самы нефармат, якім і запомніцца сёлетні фестываль мабільнага кіно.

Што да замежных аўтараў, то крэатыўныя падыходы да стварэння менавіта мабільнага кіно акурат і адлюстравала чацвёрка пераможцаў. Спынімся на Гран-пры, які атрымала дакументальная карціна “Інтэр’еры і экстэр’еры” Ашыка Мостафы (ЗША-Бангладэш). Знятая адным планам, яна распавядае пра паўсядзённасць сталіцы краіны — Дакі. Позірк рэжысёра прыкаваны да завяршэння намазу ў адной з малельняў на звычайнай гарадской вуліцы. Малельня не мае даху і сцен, аднак людзі здымаюць абутак, калі ўваходзяць у яе, і прытрымліваюцца ўсіх рытуалаў, адпаведных месцу. Побач з умоўным храмам па вуліцы ходзяць гараджане, праязджаюць машыны — звычайная паўсядзённасць паўднёваазіяцкага горада. Але за ёй — шмат сюжэтаў і інфармацыі пра жыццё і светапогляд людзей.

— Мы паглядзелі мабільны фільм, з якога распускаецца кіно, — пракаментаваў выбар журы кінакрытык Ігар Сукманаў. — У чым адрознасць кінематографа ад іншых відаў мастацтваў? У тым, што ён не скаваны путамі літаратуры, жывапісу, музыкі і г.д. І тое, што мы пабачылі — акурат той самы маленькі абсалют.

Безумоўна, фестываль мабільнага кіно прапануе “ежу для спажывы” і розуму, і сэрцу. Ды ўсё ж яго фармат выклікае пэўныя пытанні. Жанравая разнастайнасць — адсутнасць тых самых межаў — паставіла журы перад складаным выбарам. Якім чынам судзіць працы? Ці павінна анімацыя спаборнічаць з дакументальным кіно? Ці патрэбна вылучаць беларускае кіно ў асобны конкурс? Нягледзячы на тое, што журы з задачай справілася, усё ж варта было б першапачаткова структурызаваць матэрыял па секцыях ці намінацыях.

На маю думку, галоўным на сёння недахопам velcom Smartfilm становіцца яго закрытасць ў дачыненні да простага гледача. Мяркую, калі б арганізатары форуму зрабілі дадатковыя сеансы з паказам фільмаў-пераможцаў, сімвалічная вага фэсту толькі паболела б. Урэшце рэшт, для чаго ствараецца мабільнае кіно? Каб мы яго паглядзелі.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

 

Smart-купалаўцы і меладрамы малюскаў

Smartfilm — прыклад цудоўнага спалучэння мастацкіх і ўласна эканамічных памкненняў. А яшчэ — максімальна дэмакратычнага (у добрым сэнсе слова) стаўлення да кіна-відэатворчасці. Патлумачу. З аднаго боку, умовы конкурснай праграмы — вельмі простыя. Фантазія ўдзельнікаў — амаль нічым не абмежаваная: здымай сваім смартфонам што заўгодна, як заўгодна, хіба хранаметраж мусіць быць не больш за 10 хвілін. З другога боку — параўнанне аматарскіх “шэдэўраў” з папраўдзе прафесійнымі працамі прыводзіць да думкі, што навучанне і павышэнне кваліфікацыі яшчэ ніхто не адмяняў. І хай выбудова прафесійнай кар’еры праз гэты фестываль — хутчэй выключэнне з правілаў (хаця прыклад такі ёсць — гэта рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў), за правіла можна лічыць іншае — выхаванне добрага густу і разумення кінамовы, увагу да кароткага метру, які не так часта трапляе на экран. Што ж да ўласна тэхнічных параметраў, дык “карцінка” з кожным годам паляпшаецца — праз усё новыя і больш дасканалыя мадэлі смартфонаў. Становячыся, па сутнасці, дадатковай рэкламай прасунутай электронікі. І рэкламай прафесіяналізму, які год ад года ўзрастае.

/i/content/pi/cult/680/14980/15.jpgА што ж уласна мастацкасць, пошук новых ідэй? Дзесяць лепшых фільмаў, паводле журы, вылучаліся разнастайнасцю. Таму ў вызначэнні пераможцаў поўнай аднагалоснасці не было. Ніхто нікога не “прапіхваў-прасоўваў” — ні ў якім разе! Проста, кожны з членаў журы абіраў тое, што здавалася яму больш важным, блізкім і значным. А што ж астатнія гледачы? Кожны з іх гэтак жа быў уражаны чымсьці сваім. Уражаны, ды яшчэ як!

“Доўгая гісторыя коратка” (Румынія, 1-я прэмія) скарала найперш прыгажосцю, удала абранымі, папраўдзе “аўтарскімі”, нешараговымі ракурсамі. Тут змясціліся макрасвет і мікрасвет (пры належным асвятленні, слімак у ракавіне раптам асацыяваўся з планетай, а зіхаценне зморшчын-ячэек, знятых буйным планам, нагадвала ледзь не будову клеткі пад мікраскопам). Рэальнасць межавала з фэнтэзі (выцягнуўшыся, малюск “ператвараўся” ў страуса, паварушыўшы рожкамі — у прадстаўніка незямной цывілізацыі). Пластычнасць руху малюскаў выглядала і мадэрн-харэаграфіяй, і непрыхаванай эротыкай. Драматургія аказалася блізкай санатна-сімфанічнаму цыклу. Аповед падзяляўся на некалькі частак з паўзамі-зацямненнямі паміж імі і меў лірычную кульмінацыяю і яднанне тэм у фінале. Дакументалістыка “у свеце жывёл” наблізілася да меладрамы з элементамі трылера (калі ў другой частцы пачулася кваканне нябачнай жабы, мільгнула думка: а раптам з’ядуць?). А ўвесь фільм дыхаў зачараваннем.

Такой любові да ўсяго, што трапляе ў поле зроку, мне не хапала ў “Інтэр’ерах і экстэр’ерах” (ЗША, Гран-пры). Але ў гэтай працы, знятай адным доўгім кадрам, чуўся боль за адсутнасць прыватнай прасторы (нават у час малітвы чалавек застаецца “на вуліцы”), гэткае “праплыванне” жыцця. Можа, гэта і быў боль аўтара за родны Бангладэш, дзе вялася здымка?

Добрым гумарам, непрадказальнай развязкай парадаваў фільм “Якраз своечасова”, прысвечаны “смартфон-залежнасці” (Аўстрыя, 3-я прэмія). “Прымат” з яго чорным гумарам (Вялікабрытанія, 2-я прэмія) падаўся крыху зацягнутым. Хаця, можа, у гэтым таксама выявілася пародыя на фільмы жахаў?

А што ж беларускія смартфільмы? Яны пераважалі ў “Топ-10” глядацкага журы (інтэрнэт-карыстальнікі галасавалі за выкладзеныя ў сеціва фільмы). Адзначу Ballad Станіслава Турко — цікавай светлавой палітрай.

У “дзясятку” ж прафесійнага журы патрапіў фільм “Ягор”, зняты акцёрамі-купалаўцамі паводле кнігі “Радзіва “Прудок” Андруся Горвата. Раман Падаляка і Міхаіл Зуй выступілі рэжысёрамі, а нядаўняя выпускніца Акадэміі мастацтваў Ксенія Васілеўкіна — аператарам. У фільме, адзначаным ажно двума прызамі (глядацкага журы і velcom) ёсць сінтэз эпікі і гумару, тэледакументалістыкі і тэатральнасці. Гэткая “запаволеная кліпавасць” па прынцыпе “спыніся, імгненне — хаця б на імгненне”. Прыёмы мінімалізму, перанесеныя з музыкі і адаптаваныя да мастацтва фатаграфіі: мы бачым некалькі стоп-кадраў, блізкіх паводле стылістыкі да групавых фота сярэдзіны ХХ стагоддзя, толькі колькасць людзей на іх паступова павялічваецца, а потым — вар’іруюцца дэталі. Дзмітрый Есяневіч, не змяняючы агульнай мізансцэны, па чарзе паўстае ў трох розных ролях: участковага міліцыянера, старшыні калгаса і святара. Брава, купалаўцы!

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"