За дзяржаву крыўдна

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Пагарачыўся я, падводзячы музычныя вынікі 2017 года ў кантэксце іх папулярных жанраў, калі напісаў, што ў Год навукі мы навучыліся не ладзіць гвалт на ўсю Сінявокую з нагоды няўдачы нашых артыстаў на тым ці іншым буйным альбо проста міжнародным музычным форуме. Вядома, да няўдачы вынікі выбару беларускага прадстаўніка на конкурс песні Еўрабачанне-2018, які ў гэтым маі пройдзе ў Партугаліі, наўпрост не аднясеш, але яшчэ на стадыі адбору на гэты фэст шум у краіне падняўся не абы-які.

/i/content/pi/cult/680/14978/t.jpegІ хай далёка не ўся яна раздражнёна загаласіла, прадчуваючы магчымую вышэйшую несправядлівасць, але частка яе грамадзян сапраўды абурылася гучна і выразна. Маўляў, як так? Калі па выніках фінальнага галасавання гледачоў і журы на конкурс давядзецца адпраўляць украінскага варага Мікіту Аляксеева, ці не пляўком у душы айчынных выканаўцаў — ды і жыхароў Беларусі наогул — стане гэтае рашэнне?! І нават “Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення Нацыянальнага адборачнага тура конкурсу песні Еўрабачанне-2018”, згодна з якім замежны артыст мог у ім удзельнічаць, гнеў людскі не астудзіла.

І жахлівае для некаторых, у тым ліку і для мяне, адбылося: 16 лютага гледачы і журы (натуральна, чума на абодва гэтыя два дамы!) аднагалосна запрасілі спевака Alekseev’а пастаяць за гонар краіны ў Лісабоне. Гэта значыць, абараняць яго будзе прэтэндэнт ад Беларусі, канкурсант ад Беларусі, удзельнік ад Беларусі, але ніяк не беларускі выканаўца.

Паклаўшы руку на пюпітр, і мне хацелася крыкнуць “Ганьба!”, але каму канкрэтна адрасаваць незадаволенасць — незразумела. Хто дакладна вінаваты ў тым, што здарылася — няясна. Мікіта? Ён проста скарыстаўся забяспечанай яму “Палажэннем...” магчымасцю прадстаўляць нашу дзяржаву на конкурсе. (Кажуць, падай ён заяўку на ўкраінскія адборы, нічога яму там бы не свяціла — з прычыны нейкіх турбацый ў тамтэйшым шоу-бізнесе. А рызыкні Аляксееў толькі замахнуцца на прадстаўніцтва ад Расiі, у якой ён, ходзяць чуткі, дзіка папулярны, гэта ж які быў бы скандал!)

Гледачы? Няцяжка было спрагназаваць, што 12 — 16-гадовыя дзяўчаты, чыім кумірам з’яўляецца Alekseev, вышэйшы бал яму забяспечаць. Журы? Не пацягнецца мая далонь да каменя, каб кінуць яго ў гэтых паважаных людзей, якiя, мабыць, не без падстаў палічылі, што кампазіцыя легіянера найбольш фарматная для Еўра. Увогуле, як ні круці, “стрэлы” варта пераводзіць на славутае “Палажэнне...” — якое, зрэшты, цалкам адпавядае правілам гульні ў конкурс песні.

І што ж цяпер выходзіць? Пасля таго, як Беларусь на форуме некалькі гадоў запар прадстаўлялі выканаўцы айчынныя, да якіх прэтэнзій ніякага кшталту, па вялікім рахунку, не было, ужо здавалася, што “дзідаў” з кожным годам вакол адбору на фэст будзе ламацца ўсё менш і менш. І раптам — такі паварот! Значыць, і ў будучыні не выключаны варыянт, калі ў кандыдаты ад Беларусі на атрыманне крыштальнага мікрафона рване раскручаная “зорка” з суседніх краін. І застанецца толькі згаджацца з айчыннымі поп-артыстамі, якія з году ў год скардзяцца на адно і тое ж — што немалая частка роднай публікі іх не ўспрымае, аддаючы свае сімпатыі выканаўцам замежным.

Мікіта Аляксееў — добры хлопец, але нават калі ён стане на ўсю моц размахваць беларускім сцягам у партугальскай сталіцы, прамаўляючы ўзнёслыя фразы пра любоў да сталіцы Беларусі і іншых яе населеных пунктаў, асабіста мне будзе цяжка адкараскацца ад думкі, што спявак элементарна выкарыстоўвае нашу дзяржаву ў мэтах уласных — прасоўвання сябе па далейшай кар’ернай лесвіцы. Але і некаторыя з нас таксама шмат кажуць словаў пра любоў да ўласнай дзяржавы і яе, у прыватнасці, творчага патэнцыялу, але ж усё гэта толькі вярбальна...

І яшчэ падумалася вось пра што. 2018-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы. Хай гэта, можа, і нясціпла прагучыць, з такіх малых радзім “К” ужо каторы год публікацыямі яе журналістаў стараецца складваць на сваіх старонках Радзіму вялікую — нашу краіну. Зараз мне за яе вельмі крыўдна, што прадстаўляць Беларусь на Еўра будзе не айчынны артыст, скажам, гурт Shuma, а чужынец Alekseev. Якому пажадаць поспеху ўсё ж трэба.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"