Светладыёды сапраўды “запалілі”

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Як вядома, на міжнародным конкурсе Еўрабачанне ў Партугаліі Беларусь прадставіць малады спявак з Украіны Аlekseev. Зразумела, такі вынік не ўзрадаваў іншых фіналістаў адборачнага туру. Але паставіліся яны да паразы даволі спакойна.

/i/content/pi/cult/680/14975/6.JPG— Сваім выступам задаволеная, — дзеліцца ўражаннямі Гюнэш, якая ўжо ў сёмы раз штурмавала фінал адбору. — Выклалася на ўсе сто. Я вельмі ўпартая дзяўчына, якая выйграла шмат розных конкурсаў. Вось толькі на Еўрабачанні мне не шанцуе.

Для спявачкі Вольгі Шуманскай, яна ж — Napoli, гэта была таксама не першая, а ўжо пятая спроба. Вольга прызналася, што для яе паездка на Еўрабачанне — вялікі шанец у жыцці:

— Сёлета я абрала песню, якая адрозніваецца ад тых, што выконвала ў мінулыя гады. Мне здаецца, яна моцная не толькі вакальна, але і эмацыйна. Я рабіла стаўку на выкананне і літаральна пражыла сваю песню на сцэне, бо ведала, пра што спяваю!

Саліст гурту “Радыёхваля” Улад Чыжыкаў адразу папярэдзіў, што ўдзельнічае ў фінале не дзеля паездкі ў Лісабон, а каб большасць людзей даведалася пра яго творчасць:

— Я не чакаў, што мы станем пераможцамі. Наш гурт добра выступіў у фінале, і я спадзяюся, што мы знойдзем новых прыхільнікаў. Лічу, за два гады як вакаліст я вельмі вырас, змянілася мая манера выканання.

Падчас выступу Аlekseev’а некаторыя артысты вельмі ўважна сачылі за кожнай нотай і рухам артыста, некаторыя ўсміхаліся. Трэба адзначыць, што нумар Мікіты, над якім працавала ўкраінская каманда, выглядаў вельмі яскрава і ўдала. Галоўнай “фішкай быў касцюм выканаўцы, створаны са светладыёдаў, якія кіраваліся дыстанцыйна. Галоўны механізм спявак трымаў на сабе ў заплечніку.

— Тэхнічна гэта быў вельмі складаны нумар. Толькі на генеральнай рэпетыцыі перад фіналам усё атрымалася, — распавёў потым сам артыст.

Сёлета для галасавання можна было зрабіць толькі дзесяць званкоў са стацыянарных і мабільных тэлефонаў і адправіць дзесяць SMS. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб пазбегнуць накруткі галасоў. Многія памятаюць, што аднойчы менавіта яна спарадзіла скандал і перагляд вынікаў фіналу. Як і ў мінулыя разы, акрамя глядацкіх балаў, улічваліся і адзнакі прафесійнага журы.

За спевака Аlekseev’а гледачы аддалі 5 тысяч 134 голаса, якія трансфармаваліся ў адзнаку 12. Найвышэйшы бал украінскаму спеваку паставіла і журы. На другім месцы апынуліся Гюнэш і гурт Shuma, на трэцім — Napoli і Кірыл Гуд.

— Калі я пачуў песню Forever, то адразу зразумеў, што ў маім выкананні яна можа прагучаць на Еўрабачанні, — прызнаўся журналістам Мікіта. — Не буду хітраваць — я разлічваў на перамогу! Вельмі прыемна, што мяне цёпла сустрэлі і гледачы ў зале, і журы. Абяцаю, што аддам усе свае сілы, каб добра прадставіць Беларусь на міжнародным песенным конкурсе!

Еўрабачанне сёлета пройдзе ў Лісабоне. Першы і другі паўфіналы адбудуцца 8 і 10 мая, фінал — 12-га. Усяго ў конкурсе прымуць удзел 42 краіны.

Іна КОРСАК