Натхнёныя прыродай

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

16 лютага ў сталічнай ратушы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Віталія Біянкі.

/i/content/pi/cult/680/14974/4.JPGУ Мінск на ўрачыстае мерапрыемства завіталі як юныя і сталыя літаратары, так і супрацоўнікі бібліятэк з розных куткоў Беларусі і Расіі. Удзельнікаў святочнай падзеі прывіталі прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкама, а таксама Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

— Прэмія заснавана ў рамках беларуска-расійскага праекта “Пад белымі крыламі” і рэалізуецца намі сумесна з Маскоўскай абласной дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкай з 2016 года, — патлумачыла дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна Швед. — Летась мы ганаравалі пераможцаў у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Маскве, а сёлета ўжо прымаем гасцей на беларускай зямлі.

Сярод ганаровых наведвальнікаў быў і унук знакамітага пісьменніка-натураліста Аляксандр Біянкі. Ён уваходзіць і ў склад журы міжнароднага конкурсу.

— Мой дзед, я ўпэўнены ў гэтым, быў бы вельмі рады, што яго справа працягваецца, — адзначыў унук пісьменніка падчас урачыстай цырымоніі. — Бо ён заўсёды лічыў вельмі важным распавядаць дзецям і дарослым пра прыроду, якая была для яго крыніцай натхнення, эмацыйнай і маральнай падтрымкай ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

/i/content/pi/cult/680/14974/5.JPGПераможцаў прэміі вызначалі ў чатырох катэгорыях: “Творы дарослых аўтараў” (намінацыі “Проза”, “Паэзія”, “Казка”, “Публіцыстыка”), “Творы юных аўтараў” у трох узроставых групах ад 7 да 18 гадоў, “Творы калектыву аўтараў”, “Бібліятэчныя экалагічныя праекты”.

У параўнанні з мінулым годам колькасць удзельнікаў конкурсу значна павялічылася: журы давялося разгледзець каля 800 заявак з 18 краін свету (летась было больш за 500 заявак з 10 краін). Пераможцам уручаны памятныя дыпломы, медалі і грашовыя прэміі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"