Кожная пятая кніга — на беларускай мове

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

З 28 лютага па 4 сакавіка ў сталічным комплексе “БелЭкспа” на праспекце Пераможцаў пройдзе XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

/i/content/pi/cult/680/14973/3.JPGЯк паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, удзельнікаў і наведвальнікаў выставы чакаюць пяць дзён насычанай праграмы — прэзентацыі выданняў, творчыя сустрэчы, мерапрыемствы на дзіцячай пляцоўцы...

Сёлета ганаровы госць кніжнага кірмашу — Рэспубліка Сербія. Цэнтральны экспанент — Рэспубліка Казахстан. Галоўнай тэмай выставы абраны тэзіс “Беларусь — культурная пляцоўка Еўропы”, але на айчынных стэндах узгадаюць і пра 500-годдзе кнігадрукавання.

— Нягледзячы на тое, што гэтая ўрачыстая дата святкавалася ў 2017 годзе, наша мерапрыемства з’яўляецца яе завяршальным акордам, — адзначыла Алена Паўлава. — Таму мы вырашылі прывезці ў выставачны комплекс друкарскі станок XVI стагоддзя. Акрамя гэтага, на цэнтральным стэндзе будуць прэзентаваныя каштоўныя выданні, прысвечаныя беларускаму кнігадрукаванню.

Падчас кірмашу пісьменнікі блізкага і далёкага замежжа прымуць удзел у IV Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”. На наступным тыдні адбудзецца і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

— Гэта адзнака за вялікія дасягненні ў літаратурнай сферы, своеасаблівы кніжны “Оскар”, — лічыць Дзмітрый Макараў, генеральны дырэктар прадпрыемства “Макбел”, якое з’яўляецца суарганізатарам выставы. — Вельмі прыемна, калі ты можаш падзякаваць людзям за іх творчасць.

Па словах Алены Паўлавай, за апошняе дзесяцігоддзе выпуск кніг айчыннымі выдавецтвамі стабілізаваўся, і ім будзе што прадставіць на кірмашы.

— Павялічваюцца наклады кніг на беларускай мове, яна цяпер у трэндзе, — адзначае спецыяліст. — У 2017-м, напрыклад, выпушчана 1314 найменняў агульным тыражом 4 мільёны 337 тысяч асобнікаў — на 17 працэнтаў больш, чым у папярэдні год. Атрымліваецца, што цяпер кожная пятая кніга выпускаецца на беларускай мове.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"