“Лесвіца ў неба” над Дняпром

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Усё было, як у 2013-м, калі я ўпершыню наведаў гэты міжнародны кінафестываль: той жа лютаўскі Дняпро, які за чатыры дні скінуў з сябе ледзяны панцыр, той жа неўтаймоўны, клапатлівы дырэктар штогадовай “Асамблеі на Дняпры” протаіерэй Ігар (Сабко), тая ж гасціннасць і душэўнасць каманды цэнтра праваслаўнай культуры “Лесвіца”, такое ж шырокае кола творцаў — “дзяцей розных народаў”, такая ж моцная праграма фільмаў з розных краін Еўропы, тыя ж перапоўненыя зацікаўленымі гледачамі залы горада Днепр (былы Днепрапятроўск), тая ж урачыстая цырымонія ўзнагароджання…

/i/content/pi/cult/679/14968/19.JPGСпецыяльны прыз “За найлепшы сацыяльны фільм” атрымала Галіна Адамовіч за стужку “Нашы дзеці”, другі спецыяльны “За найлепшы этнаграфічны фільм” дастаўся Юрыю Цімафееву за “Агмень” (абодва — вытворчасці “Беларусьфільма”). А першую прэмію “Срэбная лесвіца” атрымаў я за фільм “Пясняр. Сэрцам і думамі” (вытворчасць “Майстэрні Уладзіміра Бокуна” па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь).

Зрэшты, не толькі пра заслужаную (спадзяюся!) перамогу нашай “зборнай” хацелася б напісаць у гэтых падарожных нататках.

У мінулыя гады запрашэнне “Лесвіцы” мела фармулёўку: “у Днепрапятроўск”. Цяпер, калі назву горада скарацілі, выглядала б яно неяк смешна: “у Днепр” — як быццам у раку. Таму кіраўнікі абралі такі выраз: “Асамблея на Дняпры”.

Усе фестывальныя дні былі напружанымі. Акрамя штодзённых шасцігадзінных праглядаў — прэс-канферэнцыі, сустрэчы з гледачамі, бізнес-ланчы, экскурсія на выспу Хорціца, дзе ахвотныя кінематаграфісты маглі паўдзельнічаць у казацкіх забавах. Паснедаўшы ў этнаграфічнай хаце баршчом і галушкамі, імчым у Днепр, каб паспець да пачатку праглядаў а 12-й гадзіне дня.

“Беларусьфільмаўскую” каманду ў складзе Галіны Адамовіч і Юрыя Цімафеева ўзначальваў Юрый Гарулёў — сябра пратаіерэя, сам дырэктар Міжнароднага фестываля “Магніфікат”, які штогод праводзіўся ў Беларусі. Яны — ах, гэтая нецярплівая спешлівая моладзь! — вырашылі ляцець самалётам. У туман іх борт не прынялі аэрапорты ні Дняпра, ні Запарожжа і пасадзілі яго ажно ў Кіеве. Бедакі ўсю ноч — 700 кіламетраў ізноў жа ў тумане! — з хуткасцю 50 — 60 кіламетраў у гадзіну дабіраліся ў Днепр, спазніўшыся, вядома ж, на адкрыццё Асамблеі і першыя прагляды. Калі сустрэліся, я параіў Гарулёву ў далейшым слухацца старэйшых, бо сам з камфортам ехаў цягніком.

Прыбыўшы загадзя, меў час на знаёмства з культурным жыццём горада: наведаў мясцовую карцінную галерэю і паглядзеў у Рускім тэатры драмы і камедыі (былы імя Горкага) два спектаклі.

У музеі акрамя карцін украінскіх мастакоў нядрэнна прадстаўлены і рускі жывапіс — па адным-два творы Баравікоўскага, Шышкіна, Левітана, Айвазоўскага, Каровіна, Рэпіна, Сярова, Макоўскага.

Цікавая завядзёнка: на пару тыдняў музейшчыкі выстаўляюць нейкі твор з запаснікаў і вакол гэтага разгортваюць спецыяльна падрыхтаваную імпрэзу, так званы перформанс. Я трапіў на паказ “Партрэта дачкі Таты” Зінаіды Серабраковай. Паколькі дзяўчынка выяўлена там на фоне навагодняй ялінкі, выставілі карціну своечасова: акурат у студзені. Яна выканана ў тэхніцы пастэлі, якая не любіць святло, таму партрэт увесь час закрыты тканінай, і прыўздымаюць яе толькі для кароткай дэманстрацыі. А побач сядзіць сапраўдная дзяўчынка ў такім жа адзенні, як на карціне. Быццам пазіруе мастачцы.

Ад чаго было сумнавата: у музеі холадна і цёмна. Святло ўключалася толькі ў той зале, у якую ўваходзіў я — адзіны на той час наведвальнік. А потым згасала за маёю спінай. Эканомія электраэнергіі.

Тое ж і ў тэатры. Вешалкі пустыя, дзве гардэробшчыцы сядзяць у куртках і шапках. Дасведчаныя гледачы ў той бок фае нават не заходзяць — адразу ў вопратцы рушаць у глядзельную залу.

А спектаклі спадабаліся! Мо таму абодва вечары тэатр быў запоўнены.

“Дзікуна” Аляксандра Касона граюць у тэатры ўжо чатыры гады, але спектакль не “развальваецца”, акцёрскі склад зладжаны, шмат маладых прыгожых выканаўцаў. Іх пераважна рыхтуе мясцовая тэатральная вучэльня.

“Дзіўнаватая місіс Сэвідж”… Спектакль — сенсацыя! Я трапіў на бенефіс народнай артысткі Украіны Людмілы Вяршынінай. Бенефіс — з нагоды яе… 90-годдзя! Дзве з паловай гадзіны артыстка не сыходзіць са сцэны, агучваючы шматстаронкавы тэкст. Даведаўся, што яна “цягне” яшчэ тры спектаклі: пастаўленыя, як кажуць, “на яе”.

З айцом Ігарам знаёмы, мо, гадоў дзесяць: ён удзельнічаў ва ўсіх нашых “Магніфікатах”, прывозіў як уласныя фільмы, так і стужкі іншых украінскіх кінематаграфістаў.

У 2013-м па яго запрашэнні як госць быў на Асамблеі ў Днепрапятроўску. У 2014-м паехаць туды не выпала, але Гарулёў прывёз мне вялікую размаляваную талерку з дрэва — спецыяльны прыз за фільм “І аб нечым іншым” (вытворчасць “Чырвоны касцёл”). Трэцюю прэмію “Бронзавая лесвіца” за фільм “Фатаграфіі, што змянілі свет” (вытворчасць “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”) летась мне перадалі праз амбасаду Украіны.

Прэм’ера фільма “Пясняр. Сэрцам і думамі” адбылася 26 студзеня — у дзень 15-годдзя адлёту Уладзіміра Мулявіна ў Вечнасць. Нібы сышлі з экрана ў залу дачка славутага “песняра” Марына і знакамітыя музыканты гурта. Пасля мы памянулі “Мулю”, з Ігарам Місевічам узгадалі здымкі майго першага фільма “Песняры” ў другім павільёне “Беларусьфільма” ў студзені 1971 года. І тады мне падумалася: “Самае патаемнае, чаму людзі знайшлі назву — Час. Самы вялікі цуд — кіно, якое робіць тых, хто даўно адышоў, “вечна жывымі”.

У Дняпры “Песняром” адкрывалі апошні дзень прагляду, і адбываўся ён таксама ў філармоніі — як і ў Мінску. Гледачы загадзя, яшчэ за палову гадзіны, займалі месцы ў зале.

Віншаванні і падзякі за фільм прымаў ужо на выхадзе з яе. Прагляды і ўзнагароджванне — без перапынку — доўжыліся гадзін шэсць. Я дзівіўся: “Няўжо выседзелі такую працоўную змену?”

— Яшчэ як! — запэўнілі мяне. — Асамблея для нас — гэта сапраўдная з’ява! Мы чакаем яе штогод.

На ўрачыстасці з нагоды пяцігоддзя тэлеканалу “Беларусь-3” я пачуў, што на працягу дня яго перадачы глядзіць больш за мільён гледачоў. Значыцца, фільм “Пясняр. Сэрцам і думамі” там убачылі як мінімум некалькі дзясяткаў тысяч.

Рады, што да гэтай колькасці дадаліся яшчэ 420 жыхароў Украіны, якія віталі беларускую стужку ў Дняпры.

На сёлетняй Асамблеі фільмы, акрамя Украіны і Беларусі, прадставілі Сербія, Азербайджан, Польшча, Расія. Прызнаюся, увесь рэпертуар не адгледзеў: нешта здалося занудлівым, і я выходзіў з залы “на гарбату”. З некалькіх праглядаў зрываўся дзеля тэатра.

Але шэраг убачаных фільмаў уразіў. І асабліва два з іх: “Бомбы, якія ўзарвалі свет” і “На мяжы розуму”. У абодвух — вайна, смерць, гора, руйнаванні, скамечаныя чалавечыя лёсы.

Першы атрымаў Гран-пры “Залатую лесвіцу” (аўтар Антон Нікіцін, тэлеканал “Інтэр” — Украіна). Ён пра цяперашнюю вайну ў Сірыі. Здаецца, што кіяўлянам да Алепа ды Дамаска? Але “чужога гора не бывае”, як і “чужой” вайны.

Другі фільм — з Рэспублікі Сербскай — атрымаў спецыяльны прыз. Ён пра рану, якая ў сербаў, пэўна, ніколі не загоіцца: пра падзел Югаславіі, пра натаўскія бамбардзіроўкі і зняволенне прэзідэнта Слабадана Мілошавіча. Выказваліся ў фільме прадстаўнікі абодвух бакоў: і сербы, і албанцы — у кожнага свая праўда. Але вынік відавочны: вайна нікога не робіць шчаслівым. Дзіўна было, што рэжысёр такой стужкі — вытанчаная прыгожая жанчына Мілана Маяр. І добрая якасць: расповед пра трагедыю народа ўклаўся ў 26 хвілін хронаметражу.

На жаль, гэтага не здолелі зрабіць стваральнікі некаторых іншых фільмаў. Не ва ўсіх былі лаканічныя, адабраныя стваральнікамі выказванні персанажаў. “Гаваркія галовы” шматслоўна бубнілі тое, што глядач ужо даўно зразумеў.

Такім жа “спружыненым”, тэмпавым, як наш “Пясняр”, падаўся фільм азербайджанкі Арзу Уршан “Тройка на ўсе часы” — пра славутых хакеістаў Харламава, Пятрова і Міхайлава.

Як у “Песняры” скразной дэталлю стаў пясочны гадзіннік, у якім пясок сыпаўся знізу ўверх — “час назад!”, так і ў паляка беларускага паходжання Ежы Каліны ў фільме “Бежанцы” гэткім сімвалам стаў куфар. Гераіня вымае адтуль дакументы яе сям’і, распавядаючы гісторыю роду, выселенага ў Першую сусветную з Гарадзеншчыны ажно ў Саратаў. Каліна атрымаў прыз “За найлепшы гістарычны фільм”.

Адваротны транспарт абраў я таксама наземны: той жа цягнік “Мінск — Запарожжа”. Таму меў час прааналізаваць, так бы мовіць, складнікі поспеху.

Канешне, тэма. “Пясняр” выторкваўся сярод драм, жудасці, трагедый — хаця б усім вядомай музыкай.

Канешне, асоба Уладзіміра Мулявіна — улюбёнца ўсіх народаў неабсяжнага СССР, якога памятаюць і дасюль.

Канешне, інтэрв’ю — вельмі кароткія, ёмістыя, “перакрытыя” цікавым, пераважна раней невядомым відэаматэрыялам.

Канешне, камп’ютарная апрацоўка відэа: хронікі, фотаздымкаў. Я лічу гэта “школай Бокуна” — стыль адточваўся і дасканаліўся ў чатырох сотнях фільмаў цыкла “Зваротны адлік”. На жаль, ні ў адной з убачаных мною падчас Асамблеі стужак гэтых сучасных прафесійных прыёмаў не было.

Атрымаў запрашэнне на 10-ю “Асамблею на Дняпры-2019”. Трэба рыхтавацца.

Уладзімір АРЛОЎ,
сцэнарыст і рэжысёр