Маладога агранома пакахаць

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Тэлефаную ў Крэўскі дом культуры, што на Смаргоншчыне. Адказваюць: “Выбарчы ўчастак слухае”. Аказваецца, дырэктар установы Жанна Бартош кіруе яшчэ і працэсам выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Справа для работнікаў культуры звычайная. Але цікавіла мяне не толькі гэта. Клубная ўстанова ў Крэве запомнілася калісьці тым, што хоць і наведаў яе познім вечарам, аднак не пашкадаваў: у гуртках займалася вялікая колькасць дзяцей. Так што клубнае жыццё тут — надзвычай актыўнае.

/i/content/pi/cult/679/14967/18.JPGВедаў, словам, куды тэлефаную. І гэтым разам размова не была дарэмнай. Жанна Мікалаеўна распавяла, што Крэўскі дом культуры выступіў са справаздачай на раённым аглядзе-конкурсе ў Смаргоні. Журы ўхваліла тэатралізаваную дзею “Прыезд маладога спецыяліста”. Аўтарам яе стала мастацкі кіраўнік клуба Алена Міхалькевіч. Тут — свая гісторыя. Алена Віктараўна працавала бухгалтарам. У сталічным Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў атрымала другую прафесію. З клубнымі калегамі актыўна кантактавала. Таму прыехала дахаты актыўная і натхнёная. Так і нарадзіўся “Прыезд маладога спецыяліста”. Сцэнарый вось які. У вёску прыязджае малады аграном (курсант Мінскай вайсковай акадэміі Сяргей Смолік), сустракае дзяўчыну (дзевяцікласніца Ларыса Міхалькевіч, не дачка Алены Віктараўны — аднафаміліца). Як затрымаць маладога спецыяліста на першым месцы працы? Тут адно спадзяванне — на каханне. Так і атрымалася. Дзяўчына ўшчыльную занялася выхаваннем хлопца, які раней вёскі не нюхаў, беларускай мовы не ведаў, адно толькі па-руску размаўляў. Каханне ж цуды робіць. Напрыканцы тэатралізацыі аграном пачынае ўпэўнена размаўляць на роднай мове, збіраецца пабрацца шлюбам з дзяўчынай і застацца ў вёсцы назаўжды. Уяўляеце, наколькі выразна прагучала б тэма, калі б ролі выконвалі сапраўдныя маладыя спецыялісты? Тым не менш, заслуга крэўскіх клубнікаў відавочная. Справаздача атрымалася нешараговай.

Яшчэ адзін прыклад удумлівага падыходу да арганізацыі нестандартнага мерапрыемства. 11 лютага ў аграгарадку Морына (Іўеўшчына) прайшло свята “Морынская залатая рыбка”. Напісала пра гэта вядучы метадыст аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна. Галоўнай падзеяй мерапрыемства стаў конкурс юшкі, якую гатавалі каманды прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і жыхары раёна. Было абвешчана каля дзесяці конкурсных намінацый. Ці не ў палове з іх перамаглі работнікі культуры раёна. Да прыкладу, каманда Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў стала найлепшай у намінацыі “Самы арыгінальны рэцэпт прыгатавання юшкі”. Я паспрабаваў высветліць, у чым тая арыгінальнасць. Аказалася, школьныя спецыялісты-кухары сакрэтаў не выдаюць нават пад пагрозамі. Найлепшую прэзентацыю рыбнай стравы прапанавала раённая бібліятэка ў творчым саюзе з Музеем нацыянальных культур. У аснову сцэнарыя была пакладзена тэатралізаваная замалёўка. А вось Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу перамог у намінацыі “Рыбнае багацце”. У агульным улове гэтай каманды максімальна прадстаўлены пароды рыб, якімі багаты Нёман. У канцэртна-забаўляльным забеспячэнні прымалі ўдзел работнікі культуры аграгарадкоў Ліпнішкі, Геранёны, Суботнікі.

Андрэй Струнчанка піша: “Жыхары аграгарадка Мазалава (Віцебскі раён) прачыталі “Ліст з Віцебска”, датаваны 1813 годам. Справа ў тым, што ў мясцовай сельскай бібліятэцы адбылося тэматычнае мерапрыемства, прысвечанае 205-годдзю з часу публікацыі “Ліста з Віцебска” дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Ігната Манькоўскага, які апісваў жахі французскай акупацыі падчас вайны 1812 года”.

Сэканоміць на таблетках прапаноўвае загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. Альтэрнатыва лекам — смех! Смейцеся, бо гэта дапамагае ад мігрэні, астмы, дэпрэсіі. Урачы раяць смяяцца, каб хутчэй выздаравець. Менавіта так, кажа Тамара Круталевіч, узнікла бібліятэчная акцыя “Бальнічны клоўн”. Работнікі культуры прапанавалі пацыентам раённай бальніцы сеанс смехатэрапіі. Дасціпны гумар інтэрмедый паспрыяў агульнаму добраму настрою.

Яшчэ некалькі інфармацый з Ашмяншчыны. Напярэдадні Дня святога Валянціна работнікі культуры аграгарадка Жупраны падрыхтавалі тэатралізаваную праграму “Эпідэмія кахання”. Асабліва закаханых лячылі дадатковымі сэрцамі — валянцінкамі. Гаючы эфект аказвалі і песні пра каханне. У Ашмянах і Гальшанах адсвяткавалі масленіцу. На плошчы 17 верасня і ля Краязнаўчага музея разгарнуліся народныя гулянні. Прадаваліся сувеніры, прайшоў канцэрт мастацкай самадзейнасці. Не абышлося і без духмяных блінцоў.

У аранжарэі Музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага (Смаргонскі раён), як распавяла намеснік дырэктара ўстановы Святлана Кенька, прайшоў круглы стол “Стан гістарычных мясцін — візітоўка аграгарадка Залессе”. Тут сабраліся кіраўнікі мясцовых устаноў, старасты вуліц і неабыякавыя жыхары вёскі. Як і заўжды, абмяркоўвалі надзённыя пытанні. Напрыклад, музейшчыкі прапанавалі правесці ў верасні фестываль “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”. Сярод мерапрыемстваў — не
толькі канцэрт класічнай музыкі, але і выставы кветкавых дываноў, дзіцячы пленэр “Кветкавая планета”, прэзентацыя буклета “Біяразнастайнасць Залескай сядзібы”. Папярэднічаць фестывалю будуць экалагічны семінар, акцыя па добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля і аграгарадка Залессе. Кветкавая тэма абрана невыпадкова — пры Агінскім адных толькі вяргінь тут налічвалі каля 60 відаў.

Для людзей сталага ўзросту Смаргонскі раённы цэнтр культуры арганізаваў “Дзень шчасця”. Ветэраны дзяліліся самым патаемным: распавядалі пра сваё каханне, сямейныя ўзаемаадносіны. Мясцовыя майстрыхі прэзентавалі выставу сваіх вырабаў, распавялі, што іх натхняе на такую працу. Гучалі вершы, дэманстравалася тэатралізаваная пастаноўка. Перад гасцямі выступілі салісты народнай эстраднай студыі “Міраж” і дзіцячага танцавальнага калектыву Смаргонскага РЦК.

У рамках Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест” у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе абласная выстава 14-ці народных і ўзорных студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Святло нашае душы”. Тут прэзентуюцца найлепшыя работы з Гродна, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага, Лідскага раёнаў. Прадстаўлена і дзейнасць аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка” Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў. Мастацкае фота прадэманстравала народная кінафотастудыя Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку.

9 лютага майстроў народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў і ўдзельнікаў квартэта народнага хору ветэранаў ГДК запрасілі на абласны тур XIV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ў Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр. Дырэктар Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Маргарыта Саланевіч распавяла, што падчас мерапрыемства былі арганізаваны выставы майстроў Марыі Раманюк (ткацтва паясоў), Аляксандра Свірыда (разьба па дрэве), Надзеі Шатроўскай (вышыўка крыжыкам і бісерам), вышывальшчыцы Веры Цалевіч і вязальшчыцы Любові Кісялевіч. Выступілі спевакі Надзея Будавей, Надзея Рэкунова, Ніна Плотка і Ніна Турко. Акампаніравала Вольга Купрыянік. Па выніках адборачнага тура разьбяр Аляксандр Свірыд атрымаў дыплом І ступені.

“У Тарноўскім доме культуры, філіяле Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўжо тры разы праводзіўся раённы фэст побытавых танцаў, — напісала вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. — А летась на гэтай жа базе ладзіўся абласны фестываль. Песенны фальклор даследуюць у Мажэйкаўскім доме культуры. Тут праведзены рэгіянальны фестываль імя земляка Земавіта Фядэцкага. Вуснай народнай творчасцю займаюцца драматычныя гурткі ўстаноў,
а таксама — узорны тэатральны гурток “Іскрынка” і народны тэатр “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра”.

Але самым жаданым, па словах Ганны Некраш, застаецца конкурс традыцыйных страў. Ужо ў трэці раз ён ладзіўся ў Беліцкім доме культуры. Удзельнічалі ў конкурсе 16 сельскіх устаноў культуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"