У Шасціснапах трымаюцца каранёў

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Як “чалавек з народу” ўзначаліў вясковую культуру і што з гэтага выйшла
Гэтая вёска на Чэрвеньшчыне інтрыгуе ўжо самой сваёй назвай, якую так і карціць расшыфраваць. Але ў астатнім — вёска як вёска. Са сваім утоеным хараством, цішынёю і, зразумела, праблемамі — у першую чаргу, эканамічна-дэмаграфічнымі. Пра тое, як сапраўдныя патрыёты сваёй “малой радзімы” іх спрабуюць вырашыць сіламі культуры, і пойдзе гутарка ніжэй.

/i/content/pi/cult/679/14966/16.JPGТрактарыст па прафесіі…

Дырэктару Сельскага дома культуры Ігару Гарашчуку — з яго знешнасцю — трэба было б узначальваць, як мінімум, элітную службу аховы якога-небудзь алігарха. Але такія людзі, як ён, вельмі патрэбныя нашай культуры — і каб ахоўваць яе, і каб захоўваць ды памнажаць. Чым Ігар Уладзіміравіч і займаецца. І яшчэ ён, на хвілінку, — стараста Шасціснапаў!

Скончыў Гарашчук сельскагаспадарчы ліцэй, мог бы і па гэты дзень працаваць трактарыстам або зваршчыкам, але амаль сем гадоў таму быў прызваны народам ратаваць ДК, які знаходзіўся на той момант не ў лепшым стане. Адмаўляцца і не стаў, паколькі ад прыроды мае схільнасць да здаровага авантурызму. І так паступова гэтая “афера” ператварылася ў сэнс жыцця — чаму ён і сам дасюль не перастае здзіўляцца.

— Каб не людзі, якія ходзяць у Дом культуры і якім ён неабходны, не ведаю, ці затрымаўся б я на такі час на гэтай пасадзе, — шчыра прызнаецца дырэктар. — Мяне ж не ад безвыходнасці і безальтэрнатыўнасці аднавяскоўцы папрасілі падумаць аб гэтай вакансіі, а потым парэкамендавалі маю кандыдатуру на зацвярджэнне раённым уладам. Спачатку я і сам, што называецца, стаў пранікацца народнай культурай, удзельнічаючы ў традыцыйных святах. І землякі мае гэта бачылі. Я спяваць стаў! Хоць раней толькі, можа, мармытаў сабе пад нос нешта, калі раптам мелодыя нейкая прывязалася. А цяпер у нас з жонкай нават дуэт ёсць. Выступаем і дома, і ў нашым райцэнтры Чэрвені.

…і лідар па натуры

Праўда, праз гады і гэтага прадстаўнічага мужчыну “накрыла” тое, што адбываецца з фінансаваннем мясцовай культуры, ён стаў задумвацца: а ці не пакінуць “карабель”?

— Надакучыла стукаць у розныя кабінеты і прасіць пра адно і тое ж. А мне ў адказ адно разводзяць рукамі і кажуць: “Ну, вы ж разумееце...” Ды прапануюць “трымацца”, — сумна ўсміхаецца Ігар Уладзіміравіч.

Зрэшты, усё яшчэ думае. І спадзяецца. І трымаецца. Трымаецца каранёў, арганізоўваючы, напрыклад, кожны ліпень свята сваёй вёскі, на якое ў 2017-м сабралася амаль семсот чалавек! Гэта значыць, да менш як трохста жыхароў Шасціснапаў далучыліся чатырыста гасцей — а абы куды і абы на што людзі сёння не паедуць. Значыць, ёсць у арганізаванай спадаром Ігарам імпрэзе нейкая асаблівая, аўтэнтычная “разыначка”!

— Вось у ДК дзяцей і падлеткаў зацягнуць вельмі цяжка, — канстатуе дырэктар. — І яно зразумела: школьнікі з Шасціснапаў у Смілавічах вучацца, і хоць гэтае мястэчка ад нас і недалёка, але пакуль малыя прыедуць дадому, пакуль падсілкуюцца, адпачнуць трохі, урокі зробяць — вось і дзень заканчваецца. А на клуб часу ўжо не застаецца, дый і бацькі ў яго ўвечары адпускаюць неахвотна. Але ў святах удзельнічаць — гэта яны “заўсёды, калі ласка”! Неяк атрымліваецца ў нас іх танцам і песням навучыць, хай сабе і ўрыўкамі.

Тыя ж, каму ўжо за дваццаць, але да пенсіі яшчэ далёка, альбо звязваюць сваё жыццё з Мінскам, пераязджаючы ў яго назаўсёды, альбо ездзяць туды на працу. Ім таксама не да культурнага адпачынку. І выходзіць, што творчыя сілы Дома культуры складаюцца, у асноўным, з тых, каму да пенсіі блізка або хто ўжо гэты бар’ер прамінуў.

Нягледзячы на відавочныя цяжкасці, СДК у раённага начальства — на добрым рахунку. За гэта яго “заахвоцілі” матэрыяльна, дзякуючы чаму ва ўстанове за апошнія два гады памянялі вокны, паставілі жалезныя дзверы, зрабілі ўнутранае аздабленне. Аднак нават пры такой “апецы” ўстанова пакуль не выконвае план платных паслуг.

— Нядаўна да нас прыйшла на працу новы мастацкі кіраўнік. І не проста “адбываць нумар”, а з цікавымі ідэямі. Мы нават за яе змагаліся, “выкралі” цяпер ужо нашу Ірыну Мікалаеўну Цэван са Смілавіцкага народнага хору. Спадзяюся, з ёй план і пачнем выконваць! — упэўнена заяўляе Ігар Гарашчук.

У завяршэнні размовы з ім, я зноў агледзеў утульны, кампактны Дом культуры з бібліятэчным аддзелам, настолькі невялікім, што і пісаць — пазітыўна ды ў маштабах краіны — мне пра яго не было чаго. А ў маштабе Шасціснапаў ён, вядома, з’яўляецца сякім-такім глытком свежага літаратурнага паветра. І ўжо зусім у фінале дырэктар СДК па маёй пераканаўчай просьбе агучыў памер уласнай заработнай платы, якую ён атрымлівае. Сказаць вам, якая яна? Не скажу…

— І за гэтыя грошы, бывае, даводзіцца затрымлівацца ў Доме культуры да 22 — 23 гадзін вечара. Да ўсяго, нас пастаянна кантралююць розныя службы — ці на сваім мы працоўным месцы? — развітваецца са мной на гэтай аптымістычнай ноце Ігар Уладзіміравіч.

/i/content/pi/cult/679/14966/17.JPGСлабасць “праўдаруба”

Леў Шылін — былы воін-інтэрнацыяналіст, які прайшоў Афганістан. Сёння ён працуе дарожным рабочым у Нацыянальным аэрапорце “Мінск” і з’яўляецца ўдзельнікам шасціснапскага ансамбля народнай песні “Сваякі” і Смілавіцкага народнага хору. Ён без усялякага пафасу паведамляе, што культура яго натхняе і амалоджвае.

— Ёсць тыя, хто бавіць свой вольны час з чаркай гарэлкі ў руках або за картачнымі гульнямі з такімі ж сябрукамі. А мая “слабасць” зусім іншая — я вельмі спяваць люблю! — прызнаецца ён.

Як і належыць чалавеку вайсковаму, аб прадмеце, які мяне цікавіць, спадар Леў гаворыць без эківокаў. Адпаведна, такі чалавек і быў патрэбны “К” у якасці мясцовага “праўдаруба”. “Ды хай са мной пасля… хоць што зробяць за мае словы — і не праз такое даводзілася ў жыцці праходзіць!” — даверліва прамаўляе Леў Сяргеевіч. Ну а раз так, то вось вам, без купюр.

Каментарый Льва ШЫЛІНА:

— Дом культуры праводзіць да васьмі буйных мерапрыемстваў у год. Менавіта з Шасціснапаў у Чэрвеньскім раёне пайшла сучасная традыцыя адзначаць святы вёсак, перакінулася яна і на суседнія раёны. Пры ўсім пры гэтым, вазьму на сябе смеласць заявіць, што, на мой погляд, культура ў гэтых краях збольшага толькі выжывае, а людзі, занятыя ў ёй, вымушаны атрымліваць мізэрныя заробкі. І калі б не асабістыя падворкі, то даўно б з культуры яны куды-небудзь “тузанулі”, хоць у гандляры на рынкі.

Але любоў да мастацтва, хараства, спадчыны трымае іх на сваіх месцах. Узяць наш ДК: гэта не яго віна, а такая аб’ектыўная карціна, калі мы на канцэрты за межамі вёскі нярэдка выпраўляемся на ўласных машынах — арганізаваць калектыўны выезд самадзейнасці на аўтобусе для тых, хто кіруе культурай на раёне, часам аказваецца цяжка. Што ўжо казаць пра тое, калі мы частку касцюмаў даношваем за ансамблем, які ў Шасціснапах існаваў да нашага! А ведаеце, колькі гадоў з таго часу прайшло?

І ўсё ж не хочацца заканчваць гэты матэрыял на ноце сумнай. Так, праблемы, з якімі сутыкаюцца “людзі культуры”, вядомыя добра — многім беларускім вёскам у гэтым сэнсе сёння дакладна не пазайздросціш. Але Шасціснапы ад некаторых з іх адрозніваюцца тым, што тут з цяжкасцямі не змірыліся, не склалі рукі. Іх імкнуцца пераадольваць, па максімуме выкарыстоўваючы наяўныя магчымасці. І гэта спрыяе захаванню і развіццю культуры на вёсцы. З такімі людзьмі, як Ігар Гарашчук, Ірына Цэван, Леў Шылін, усё там павінна атрымацца!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"