Аўдыя & Відэа

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Студзеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыказнаўца Вольга БРЫЛОН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/679/14965/RuSt_opt.jpegГурт Ru.St, альбом “Суп з соллю”

A.: Чацвёрты студыйнік у гурта — гэта крута! Тым больш, што праца над ім пачалася аж у 2013 годзе, а “рэальная студыйная праца” — у 2016-м. Гэта ж колькі часу спатрэбілася, каб запісаць 9 песень? Але Уладзімір Рудзік выклікае павагу адданым служэннем року. Сам ён выдатна ведае, адкуль, па яго ж выразе, “растуць ножкі” ўласных рок-алюзій і запазычанняў. Просты ж слухач спрабуе засяродзіцца, напрыклад, на тэкстах, альбо на асаблівасцях вакалу, альбо спрабуе ацаніць якасць ігры музыкантаў. Зрэшты, каго цяпер здзівіш гітарнымі фузамі і барабаннымі збіўкамі? Усе іграюць прыкладна аднолькава, таксама, як і спяваюць, складаюць тэксты. Насамрэч, не прыйдзе ж у галаву назваць словы кампазіцый гурта Ru.St паэзіяй! Гэта, хутчэй, набор нейкіх вельмі спецыфічных вобразаў-сімвалаў. На аматара, як кажуць. Манера спеваў Рудзіка нагадала мне адначасова Юрыя Шаўчука і — больш аддалена — Вiктара Цоя. І сам лідар каманды, і ўсё ў гэтым альбоме нешта і некага нагадваюць. На маю думку, гэта і ёсць галоўны недахоп рэлiзу.

B.: Студзень выдаўся бедным на альбомы і міні-альбомы беларускіх музыкантаў, калі не сказаць больш. Таму давялося звярнуцца да аднаго са снежаньскіх рэлізаў, які “пад раздачу” рэцэнзентаў яшчэ не трапіў. Сапраўдны мужчынскі рок, блюз-рок ад калектыву з Бабруйска. Без смаркатых маленняў да процілеглага полу, з дымам цыгарэт без ментолу, са спустошанай бутэлькай таго, што гарачэйшае. Гэткая дэманстрацыя ўнутранага свету прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва, аголеныя пачуцці і эмоцыі індывіда посткрызіснага перыяду. Цалкам прыдатны рэліз для кампаніі крыху ап’янелых аднагодкаў. Б’емся шклянкамі пад трэк “Фрыда”.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/679/14965/Kakora-2_opt.jpegKakora, кліп на песню “Кантралёр”

A.: Калі б не “К”, дык абмінула б гэтае дзіва і не прычасцілася б! Хлапец так шчымліва енчыць, скуголіць і стогне, што хочацца прытуліць яго да грудзей. Але з гэтым трэба асцярожна, бо ён жа сам кажа: “Печально хочу”, а потым як крыкне: “Сиськи!” Думаю сабе: і што ж яго гэтак каўбасіць? Па начах не спіць, святла шугаецца? Ці, можа, я вельмі старая для маладзёжнай хіп-хоп-культуры, каб успрымаць гэтую “творчасць” усур’ёз?

У хлопца благая дыкцыя, а ў гукарэжысёра слых, таму што ён не здолеў правільна запісаць голас на мікрафон і даць выканаўцы вартыя тэхнічныя заўвагі. А вось кліпмейкер — малайчына! Зрабіў з гэтай ахінеі выдатны экспрэсіўны відэашэраг. Няхай Kakora есць дранікі! Няхай падрастае хлапчаня!

B.: Куды ж сёння без рэпу? Нікуды нельга схавацца нам... Каб яшчэ было ясна, пра што нам вяшчае гэты малады чалавек, а то разумееш толькі асобныя словы і словазлучэнні. У прыватнасці, гаворка ў трэку ідзе, мабыць, аб бескампрамісным супрацьстаянні кантралёра і пасажыра аўтобуса. Хутчэй за ўсё, ролю апошняга і выконвае рэпер — люта, на мяжы нервовага зрыву: тая яшчэ, не выключана, заруба была паміж безбілетнікам i візаві. Кліп з дапамогай рэзкіх рухаў цела выканаўцы і нейкай “кіслотнай”, у рысках і каляровых плямах карцінкі ўзмацняе тую напружанасць. Зараз, напэўна, варта чакаць кампазіцыі ад кантралёра, дзе будзе выкладзена яго пазіцыя. Выразнасцi толькі ад яе хацелася б.

/i/content/pi/cult/679/14965/opt.jpegГурт “Харлi”, кліп на песню “Зіма”

А.: Гурт “Харлі” вырашыў грымнуць сваёй, мясцовай “завірухай”, але з сапраўды рускім размахам! І ў тэксце ўсё для гэтага маецца: для пачатку — заліхвацкае “ой, порадуемся!”, потым, як і належыць, — “поклонюсь матери”, “прижмусь крепче к отцу” (а як жа ж!), а галоўнае — “выйду полем пройдусь”! Тут яўна не хапіла “эх”, “ай люли”, “гой еси” ды яшчэ каня, бо як жа можна — па полі зімой ды без каня? Маўчу пра валагодскае “оканье” і пра тое, што слоў у прыпеве ўвогуле не разабраць. І без таго шмат бязглуздзіцы, у тым ліку стылёвай. Пачынаецца песня са славянскага найгрыша акарыны, а заканчваецца ўсё той жа “скрыпкай Рыбака” з умоўна скандынаўскім матыўчыкам. У выніку — кітч. Нізачот!

Прапаную фінальны кадр кліпа: Яўген Чалышаў пасярод заснежанага поля — на кані ў касцюме Дзеда Мароза з пышнай кучаравай барадой, але ў будзёнаўцы і са скрыпкай. Подпіс: “Хороводит немыслимо — зима”.

B.: А недзе ёсць сапраўдная, снежная зіма, не хлушу, далібог! І ВІА “Харлi” мне ў дапамогу. Карцінка гэтая выдатна “зайшла” б у навагоднія святы, калі познім вечарам-ноччу на вуліцу з акна глядзець зусім не хацелася — ні сняжынкі, ні лёгкай мяцеліцы, нават выбухі петард не прыхарошвалi незадаволенасць надвор’ем. А тут глядзіш — і, як сказаў бы жывы класік, настрой паляпшаецца. Лясы, белыя шматкі валяць, людзі на каньках катаюцца — добра! І песня пасуе відэа — прыбраная, пухнатая, крыху сумная і бадзёрая. А з пацешнага — часам найграны акцэнт фронтмэна калектыву Яўгена Чалышава, гэтакі валагодскі гоман з яго спецыфічным вымаўленнем літары “о”.

/i/content/pi/cult/679/14965/Tempo Bay – Disco Ball_opt.jpegГурт Tempo Bay, кліп на песню Disco Ball

А.: Даволі прыемная на слых кампазіцыя, замешаная на чатырох немудрагелістых нотах. Тым не менш, тут ёсць выразны меладычны зачын, які так моцна ўбіваецца ў падсвядомасць, што ў канцы песні ты амаль што любіш гэтыя навязлівыя ноты! Дый вакал прыемны, калі не лічыць няўлоўнага падабенства са знаёмымі інтанацыямі Аляксандра Рыбака. Міжволі згаджаешся са скупымі каментарыямі ў “сетцы”: “Годится”, “Кайф”, “Старайтесь, парни” и “Потенциал есть”. Кучаравы сюжэт кліпа пад умоўнай назвай “Як забівалі Менестрэля” выклікае шмат эмоцый. Нейкі лысы хрыч, па сумяшчальніцтве — кампазітар-аматар і мафіёзны бос, які аддалена нагадвае помесь Фантамаса і аднаго вядомага прадзюсара, — вырашае “згвалціць” сваёй суперпесняй навакольнае асяроддзе. У якасці спевака абраны цнатлівы Менестрэль з гітарай, якога вераломна выкрадаюць, а затым забіваюць як не прайшоўшага прымусовы кастынг на найлепшага выканаўцу. Няўжо на чарзе — Саладуха з Хлястовым? Хорар з падаючым у пясок штучным вокам ды змярцвелы Менестрэль з дзіркай у ілбе ствараюць незабыўнае “послевкусие” ад прагляду кліпа.

І фінальнае пытанне: Tempo Bay — гэта што, сапраўдныя беларусы? (Па аналогіі з вядомым фільмам мяркуецца няпэўны адказ “…Да!”).

B.: Сюжэт роліка: малады мужчына з дзвюма “гёрламi” пад’язджае да вулічнага музыканта і пра нешта з ім загаворвае. Той яго слухае вяла, бо цалкам пагружаны ў зялёныя вочы адной з дзяўчат. Потым ён, гледзячы на бландзінку, на нешта пагаджаецца, вось ужо ўся чацвёрка кудысьці коціць на легкавушцы. Падчас прывалу з вогнішчам будучы Ігар Саруханаў застаецца з прыгажуняй, што яе, напэўна, сябрам, вядома ж, не падабаецца. І як толькі справа не даходзіць да нявіннага пацалунку, будучага Леаніда Агуціна ўсыпляюць хусткай, прамочанай чымсьці сонным, і звязваюць. Троіца (!) тым, што здарылася, задаволеная, нават непацалаваная яе трэць, якая скідае на пясок нешта кшталту малахітавых кантактных лінзаў і здымае парык (яе калега-хлопец таксама дэманструе свае натуральныя прычоску і колер валасоў). Крымінальная групоўка дастаўляе будучага Віталя Карпанава ў нейкае памяшканне і прадстаўляе яго лысаму верхаводзе. Памочнік “аўтарытэта” працягвае будучаму Аляксею Хлястову ліст паперы і накіроўвае да таварышаў-музыкантаў, што, скаваныя адной мэтай, ужо знаходзяцца на “хазе”. На лістку, мабыць, накрэслены тэкст песні і ноты мелодыі. Будучы Аляксандр Саладуха старанна спявае, інструменталісты старанна граюць, але выкананне гангстару не падабаецца. “Канчай”, — махае рукой ён “шасцёрцы”, і той выцягвае “ствол” у бок, здавалася б, будучага гурта Tempo Bay... Дзеянне пачынае раскручвацца назад, але заканчваецца спакоўваннем нейкіх цел у мяшкі для трупаў. На змену забітаму вулічнаму акыну ўжо без будучыні ў пакой да бандыта запіхваюць наступную творчую ахвяру. Але аказваецца, гэта яшчэ не ўсё! У фінале мяшкі з нібыта мерцвякамі варушацца і становяцца вертыкальна. “НТБ” адпачывае, карацей. Мараль: кампазіцыю гэтую — нядрэнны англамоўны сярэднетэмпавы трэк ад індзі-каманды — з яе відэашэрагам трэба ў абавязковым парадку, пад подпіс, паказаць усяму без выключэння айчыннаму спяваючаму шоу-бізнесу: хай задумаецца, як нам яго слухаць...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"