Думкі пра “Чалавека”

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр працягвае актыўна засвойваць камерную прастору: у Малой зале адбылася прэм’ера спектакля “Чалавек з Падольска”. Але меркаванні карэспандэнтаў “К” пра яе падзяліліся.

/i/content/pi/cult/679/14961/10.jpgТолькі чаму менавіта яна?

Першая п’еса расійскага пісьменніка і паэта Дзмітрыя Данілава лічыцца вельмі паспяховай. Яна стала лаўрэатам конкурса новай драматургіі “Рэмарка-2017”, была апублікавана і атрымала безліч прыязных рэцэнзій, паказвалася грамадскасці некалькіх расійскіх гарадоў у варыянце чыткі. Летась у маі пастаўлена ў маскоўскім Тэатры.doc, у жніўні — у Нарыльскім Запалярным тэатры драмы імя Уладзіміра Маякоўскага. Ну, а цяперашняя прэм’ера ў Мінску прынесла п’есе і аўтару замежнае прызнанне.

/i/content/pi/cult/679/14961/11.jpgАле рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі, які працуе таксама артыстам Маладзёжнага тэатра і адначасова вядомы ў нашай краіне і ў Расіі як запатрабаваны драматург, зрабіў з п’есы штосьці цалкам ёй супрацьлеглае — са зместам навыварат. Цягам амаль дзвюх гадзін мы назіраем не толькі “паядынак” між паліцэйскімі і затрыманым, але яшчэ больш займальную “дуэль”, дзе дазваляецца неабмежаваная колькасць стрэлаў між п’есай і спектаклем. Хто ж з іх перамагае?

Не, рэжысёр не “здзекуецца” з тэкста, ён захоўвае яго практычна ў арыгінале. Хіба дадае ў фінале некалькі фраз — бязгучна, праз відэапраекцыю. І робіць з другога затрыманага — Сяргея з Мыцішчаў — перапранутага паліцэйскага. Але сэнс прынцыпова змяняецца!

П’еса, як і амаль уся творчасць Данілава, уяўляе з сябе, па словах аднаго з расійскіх крытыкаў, “Паравозік з Рамашкава для дарослых”. Толькі ўсхваляецца не прырода, як у мульціку, а “шэрая будзённасць” і ўсялякія вулічна-побытавыя дробязі, што атачаюць нас у гарадах і асабліва ў іх прамысловых зонах. Ну, а ў дадзенай п’есе, калі верыць інтэрв’ю, Данілаў хацеў паказаць паліцэйскіх “зусім не такімі стэрэатыпнымі ментамі, якімі мы прызвычаіліся іх бачыць”. Менавіта гэтыя “правільныя” паліцэйскія, размахваючы дубінкамі, “гавораць герою правільныя рэчы, пашыраюць яго погляд на рэальнасць”. Тут бачыцца працяг тэледыскусій і шырока распаўсюджанай грамадскай думкі пра веліч крывавых уладароў, адбітак тэлесерыялаў пра цудоўных спецыялістаў, якім дазволена маральна здзекавацца з людзей, прыніжаць іх, парушаючы ўсе этычныя нормы.

Дый вучыць гэтая, на маю думку, жудасная п’еса не таму, як пераўтварыць Падольск у Амстэрдам, а як задавольвацца тым, што ёсць — і не марыць пра большае, бо ўсё роўна не будзе. Радавацца “безлічы адценняў шэрага”. Размалёўваць рэчаіснасць у сваіх фантазіях таксама не трэба — яшчэ невядома да чаго можна дамалявацца-дадумацца. Лепей — не думаць. А проста “счытваць” усё, што мільгае за вакном. Дык чым такое эстэцтва адрозніваецца ад інтэрнэт-залежнасці, калі “піпл хавае” прапанаваны яму прадукт?

Тэма спектакля гучыць іначай: “Мы тебя научим, как Родину любить”. У пэўны момант мы ўсе пачынаем адчуваць сябе арыштаванымі, асабліва калі паліцэйскія ходзяць па зале.

Вучыць спектакль таксама іншаму — задумвацца. Бо ў фінале пасля дададзеных быццам бы правільных заклікаў кшталту “Паглядзіце налева, вазьміце за руку суседа, усміхніцеся” ўзнікае яшчэ адна фраза, папраўдзе вызначальная: “Толькі што вы падпарадкаваліся звыкламу надпісу на сцяне”. Дык што важней — надпіс ды іншыя звыкласці, якія літаральна гіпнатызуюць, ці ўласныя думкі?

Рэжысёр у чарговы раз даказвае, што ўмее добра абжываць прастору: ён удала абыгрывае і вокны, і падваконне, і вертыкальную трубу-слуп (чым не подступы да тэатра site-specific?). Вынаходліва візуалізуе асобныя фразы (на словах “вылецела зусім”, што азначае “забыўся”, з тэчкі вылятаюць блёсткі). Выкарыстоўвае відэапраекцыю са спасылкамі на тэатр масак і клаўнаду (пачынаецца спектакль з надпісу “АУС інфармуе: адключыце мабільныя тэлефоны”, надалей твары паліцэйскіх на відэа — выбеленыя). Добра працуе са святлом. У выніку рэжысёрскае жанравае азначэнне “аператыўная распрацоўка” набывае яшчэ адзін сэнс: п’еса выдатна распрацавана пастаноўшчыкам і надзвычай аператыўна. Ды толькі чаму менавіта яна? Дзеля згаданага пераадольвання “супраціўлення матэрыялу”?

Надзея БУНЦЭВІЧ

Ілюзорная непахіснасць асобасных межаў

/i/content/pi/cult/679/14961/12.jpgУ восеньскім інтэрв’ю “К” (№ 46 за 2017 год) Дзмітрый Багаслаўскі, згадваючы пра пачатак працы ў Маладзёжным над спектаклем “Чалавек з Падольска”, выказаўся пра сваю новую рэжысёрскую работу так: “Гэта пастаноўка не пра што іншае, як пра з’яўленне новай формы жорсткасці — тут і цяпер”. Падчас нядаўняй прэм’еры публіцы паказалі бязлітаснасць псіхалагічнага гвалту над людзьмі.

У мінімалістычна аздобленай прасторы Малой сцэны Дзмітрый Багаслаўскі замыкае сярэднестатыстычнага гараджаніна і паліцэйскіх новай фармацыі, якім загадана не ў парушэннях разбірацца, а займацца выхаваўчай работай. Здавалася б, у той знарок зацемненай скрыні ўчастка ёсць адчыненыя дзверы — устань і пакінь месца абсурдных тэстаў і эмацыйнага націску. Аднак каб зрабіць крок з тэрыторыі знявагі, трэба ўмець адстойваць асобасныя межы. Дык ці атрымаецца ў нас тое зрабіць?

Сучасныя псіхолагі пільна даследуюць пакаленне Y — людзей, дзяцінства якіх выпала на 1990-я. Большасць з іх выраслі ў дастатку, мелі магчымасць шмат вандраваць па свеце, дзякуючы інтэрнэту, атрымалі бязмежны доступ да інфармацыі. Усё гэта дазваляе моладзі дакладна вызначыць, чаго яна ў жыцці сапраўды не хоча і што проста зараз прагне мець. Вось толькі міленіялы не ўсведамляюць, што для дасягнення мары неабходна прыкласці намаганні ці, як мінімум, пачаць дзейнічаць.

Галоўны герой п’есы расійскага драматурга Дзмітрыя Данілава — яскравы прадстаўнік тых самых міленіялаў. Персанаж акцёра Дзяніса Аўхарэнкі ўпэўнена пералічвае са сцэны, што яму не даспадобы: жыць у Падольску, штодня ездзіць шэрымі аднастайнымі вуліцамі, хадзіць на абрыдлую работу, жыць з нялюбай. Аднак змяніць што-небудзь хаця б у сабе, не гаворачы пра атачэнне, ён не гатовы, бо шлях да мары бачыцца складаным ды вымагае ад чалавека напружання, самааналізу і рэальных крокаў. Герой працягвае дзесяцігоддзямі сядзець у агідным яму горадзе і ўдасканальваецца толькі ў красамоўстве злавання на свет.

Вось толькі фокус у тым, што, калі ты сам не паварушышся, прыйдуць тыя, хто хутка цябе зацягне ў гульню па сваіх правілах. І дзейнічаць будуць акуратна: ніхто ўжо не лупіць наводмаш, а карыстаецца вытанчаным наборам псіхалагічных прыёмаў. Персанажы Марыны Бліновай, Кірыла Навіцкага, Дзяніса Маісейчыка, Андрэя Гладкага не-не ды і кідаюць млявыя погляды, змяняюць голас, пры гэтым не забываючыся спакваля то крэсла апусціць, каб падследны быў ніжэйшы за начальніка, то патрабаваць называць сябе замест таварыша “госпожой”, каб было дакладна зразумела, хто каму падпарадкоўваецца.

Чалавек не заўважае, як яго замыкаюць у клетку стэрэатыпаў, ён сам перастае мысліць крытычна. Замест таго, каб прааналізаваць, што насамрэч можна змяніць у родным старадаўнім горадзе, каб бачыць штодня не шэрасць, а сапраўдную гістарычную перліну, пачынае зашорвацца па прынцыпе “не трэба нам бераг турэцкі”. І вось ужо абсурднасць абставін падаецца апраўданай неабходнасцю… Менавіта так гэтае пакаленне, што не звыкла адстойваць сваю сістэму каштоўнасцяў, можна лёгка збіць з панталыку і павесці ў патрэбным камусьці кірунку.

Упэўненыя, што вы не такія, як небарака з Падольску і зможаце супрацьстаяць абсурдным загадам? У фінале Багаслаўскі праводзіць асабісты тэст: выводзіць на сцяну бягучы радок з настойлівым патрабаваннем да публікі. А затым, калі яна яго выконвае, быццам абдае яе халоднай вадой: паглядзіце, вы ўжо скарыліся простаму надпісу… Cпектакль прапануе перш-наперш разабрацца ў сабе, адважыцца разарваць ланцуг манатоннасці свайго жыцця і незадаволенасці самім сабой. Інакш нехта хвацкі вырашыць гэта за вас.

Настасся ПАНКРАТАВА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"