“Я сам сабе канкурэнт!”

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Маэстра Фінберг — пра малую радзіму, “бітлоў” і прафесіяналізм
Нязменны кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл ФІНБЕРГ быў названы Чалавекам года культуры ў сваёй намінацыі “Музычнае мастацтва”. Наўрад ці хтосьці палічыў такое рашэнне незаслужаным — з увагі на зробленае ім летась. Між тым, і гэты год у жыцці калектыву абяцае быць не менш насычаным на падзеі. Як падаецца, яго дзейнасць надзвычай трапна адлюстроўвае ідэю Года малой радзімы — і асабліва гэта тычыцца фестываляў у невялікіх гарадах, чый агульны лік перавысіў ужо 500.

/i/content/pi/cult/679/14960/_MG_1942-SSS.jpg— Думаецца, поўны спіс вашых рэгалій не змясціўся б на гэтай газетнай паласе. Наколькі важна для музыканта атрымліваць такія знакі пашаны? Ці ўплываюць яны непасрэдна на творчасць?

— Узнагароды для мяне — гэта найперш новая адказнасць. Ты павінен быць адказным за тое, што табе дала Радзіма. У гэтым і праяўляецца сапраўдны, а не штучны патрыятызм. Прыкладам, калі цябе абвясцілі ганаровым грамадзянінам таго ці іншага горада або рэгіёна, ты проста абавязаны нешта зрабіць для таго краю. Я з’яўляюся ганаровым грамадзянінам Мінскай і Гомельскай абласцей, а таксама цэлага шэрагу вялікіх і малых гарадоў. І гэта значыць, што я абавязаны кожнаму з іх! Са скуры буду вылузвацца, каб апраўдаць той давер — зразумела, праз нашу творчасць, праз тыя праграмы, якія мы прапануем публіцы.

Узнагароды — гэта прыемнае (асабліва калі ты сам разумееш, што заслужыў іх па праве), але зусім не галоўнае. Яны ніяк не ўплываюць на сутнасныя рэчы: на тое, як я стаўлюся да мастацтва, на мае прыярытэты, якія застаюцца нязменнымі праз усё жыццё. Мы заўсёды ставілі і ставім перад сабой мэту прапагандаваць найлепшыя ўзоры нацыянальнай культуры, а разам з імі — і любоў да Радзімы. Гэта толькі здаецца, што такі шлях лёгкі: маўляў, раз — і ў дамках!

— Вы казалі пра адказнасць. А перад кім непасрэдна?

— Безумоўна, найперш перад слухачамі. Перад тымі простымі людзьмі, якія прыходзяць на нашы канцэрты. А мы — і я гэтым ганаруся! — выступаем перад самай рознай аўдыторыяй. Прыкладам, вось ужо 31 год запар аркестр прыязджае на Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінат. І абавязкова паедзем зноў, нягледзячы на вельмі шчыльны гастрольны графік. Бо нас там чакаюць.

— Выраз “малая радзіма” выклікае ў кожнага свае асацыяцыі. А які краявід паўстае ў вас перад вачыма, калі вы чуеце гэтыя словы?

— Вёска Мялешкавічы ў Мазырскім раёне, адкуль паходзяць мае бацькі. Для мяне гэта родныя мясціны. Аднойчы па дарозе на фестываль у Тураў завітаў туды. Выйшаў з машыны — і моўчкі прастаяў некалькі хвілін, ледзь стрымліваючы слёзы. У маёй свядомасці ўсплывала ўсё тое, што давялося там перажыць у пару дзяцінства.

Мялешкаўцы — людзі працавітыя, рукастыя, сапраўдныя майстры кожнай справы. Жылі мы тады вельмі бедна — бульбачка, гурок які… Іншага нічога і не каштавалі. На працу шмат каму даводзілася ў Мазыр выбірацца — а гэта 25 кіламетраў будзе. Але пры гэтым вяскоўцы ўсё рабілі прыгожа і ад душы. А як яны ўмелі адчуваць хараство свайго краю і сваёй роднай мовы! Менавіта з тых часоў і пайшла мая любоў да іх, якая — на ўсё жыццё.

А якое было сяброўства, салідарнасць! Калі наша сям’я пераехала ў Мазыр, трэба было наноў уладкоўваць гаспадарку. І вось, у выхадныя былыя аднавяскоўцы выпраўляліся ў горад на рынак, а потым наведваліся ў нашу хату, каб дапамагчы нам пасадзіць бульбу або зрабіць што іншае. Гэтыя простыя і шчырыя людзі — назаўсёды ў маім сэрцы.

— Але ў вашай біяграфічнай даведцы напісана, што вы нарадзіліся ў Мазыры…

— Гэта так. Бацькі перабраліся туды незадоўга да майго нараджэння. Я жыў на горцы, у доме па адрасе Пушкіна, 8. Хадзіў у звычайную школу, потым у музычную. Усе гэтыя мясціны дзяцінства для мяне — самыя важныя. Гэта частка майго жыцця.

— А калі вам даводзілася найбольш сумаваць па родным доме?

— У 1962-м я 15-гадовым хлапчуком сеў у цягнік ды выправіўся ў Курск, дзе стаў выхаванцам ваеннага аркестра. Там і азы музыкі добра засвоіў, але і муштравалі нас як след: войска ёсць войска. Ніколі не забуду той выпадак, калі аднойчы быў прызначаны сігналістам, а машына некуды не туды збочыла, і пра мяне “забыліся”. Я застаўся на сваім посце адзін — цемра, мароз… Незабыўныя ўражанні! Прыязджаючы ў Мазыр на адпачынак, ледзь не цалаваў сваю падушку ў родным доме! Але тыя ўрокі былі карыснымі. У жыцці мне яны потым вельмі прыдаліся.

— Год пачаўся для вашага калектыву як звычайна: фэст у Заслаўі, “Мінскі джаз”, потым будзе “Шлягер на ўсе часы”. А ці плануеце вы нешта… нечаканае?

— Не-не, нічога нечаканага не будзе — толькі чаканае! Усе нашы канцэрты дбайна рыхтуюцца і прадумваюцца літаральна да драбніцаў, і менавіта ў гэтым сакрэт іх поспеху. Той жа джазавы фестываль ізноў, як і кожны год, праходзіць з аншлагам — хаця прадаць білеты ў цяперашні час не так і проста. А сваю гастрольную дзейнасць мы плануем ужо на 2019 год.

— Але пры такой арганізаванасці ці ёсць у вас магчымасць атрымаць новыя ўражанні? Бо якая ж творчасць без іх?

— Безумоўна! Я пастаянна адкрываю для сябе нешта новае. Летась вось упершыню зладзілі свой фестываль у Вілейцы, і калі мы давалі канцэрт у прыгажэзным касцёле, сэрца ажно трымцела! Будучы чалавекам, не надта абазнаным у рэлігіі, я адкрыў для сябе новую глыбіню, новы духоўны пласт. І адчуваў у гэтыя моманты тое, што адчувалі і ўсе слухачы. Сёлета зробім фестываль на Мядзельшчыне, адзін з канцэртаў якога пройдзе ў цудоўным Будслаўскім касцёле, які з’яўляецца сапраўдным упрыгожваннем нашай Бацькаўшчыны.

— Звычайна канцэрт складаецца з абоймы песень. А ваш аркестр рэгулярна прэзентуе творы ў “буйным жанры” — канцэптуальныя праграмы, прысвечаныя той ці іншай постаці. Здаецца, у вашым багажы іх лік ужо ідзе на дзясяткі…

— Калі не на сотні. Толькі праграм на творы нашых несмяротных класікаў паэзіі намі было зроблена ўжо 38! Так, фармат гэты даволі складаны — выканаць пэўную колькасць песень куды прасцей. Тут жа патрэбная драматургія, якая павінна знітоўваць літаральна кожны элемент дзеі. Ды і дапасаваць вершаваныя радкі да музыкі — так, каб яны ўтварылі непарыўнае цэлае — не заўсёды бывае проста.

— А ці не адчуваеце вы своеасаблівую “вычарпанасць жанру”?

— Ні ў якім разе. Летась мы зрабілі новую праграму, прысвечаную Купалу і Коласу. І падчас яе падрыхтоўкі я пераканаўся: кожнага разу беручы ў рукі іх кнігі (а беларускую класіку я чытаю шмат і вельмі ўважліва!), ты адкрываеш для сябе нешта новае. А адкрыўшы, можаш перадаць гэтыя свае ўражанні і слухачам. Перакананы, што і да словаў Багдановіча і Куляшова нам трэба звярнуцца яшчэ раз — не ўсё тут яшчэ выказана. А напагатове і праграма, прысвечаная Караткевічу.

Таксама рыхтуем праграму ў гонар легендарнага Ігара Лучанка, якому ў жніўні спаўняецца 80 гадоў. Для мяне яна вельмі адказная — улічваючы хаця б маштаб асобы і яе ролю ў беларускай музыцы. І рады, што на рэпетыцыйнай пляцоўцы мы атрымліваем ад сваёй працы сапраўднае творчае захапленне. Асабліва мяне ўзрушвае той імпэт, чуласць, з якой на творы Лучанка адгукаюцца маладыя ўдзельнікі калектыву.

— У той самы час, зусім хутка вы прапануеце публіцы і аркестравае пераасэнсаванне песень “Бітлз”.

— Праграма прысвечана 75-годдзю Пола Макартні — я спецыяльна вылучыў яго на афішы. Гэта музыка, якая жыве і будзе жыць.

— Але вы заспелі тую эпоху, калі яна лічылася “класава варожай”.

— Сапраўды, было і такое, аднак час расставіў усё на свае месцы. Мы ж тады нічога асабліва пра “бітлоў” не ведалі, адкуль нам было ведаць? Там адну песню пачуў, там іншую… Адразу мне далёка не ўсё спадабалася з іх твораў, але з гадамі моцна іх палюбіў і асэнсоўваў усё глыбей і глыбей. Пагатоў, у нас у аркестры ёсць сапраўдныя бітламаны — той жа Уладзімір Ткачэнка, чый спектакль “Сімфонія “Бітлз” мы некалі ўвасобілі на сцэне.

— Дзіўная разнапланавасць.

— Ды нічога дзіўнага! Усё, што мы робім, аб’ядноўвае найперш адно — прафесіяналізм. А стоячы на гэтым трывалым грунце, можна эксперыментаваць як заўгодна. Чаму ў нас сімфанічнай музыкай займаюцца выключна прафесіяналы? Яны і ствараюць яе, і выконваюць, і дырыжыруюць — і ў спалучэнні атрымліваецца належны вынік. А вось на эстрадзе гэтае правіла нешта не працуе.

— Але хіба тых жа “бітлоў” можна назваць прафесіяналамі — прынамсі, у звыклым сэнсе слова?

— Так, яны не атрымалі музычнай адукацыі — але пры гэтым пастаянна вучыліся. Прычым многае запазычвалі і ў класічных кампазітараў, не кажучы ўжо пра эстраднікаў. І таму іх музыка крок за крокам станавілася ўсё больш дасканалай і асэнсаванай, несупынна рушыла ў бок прафесіяналізму. А не ў адваротным кірунку — ад прафесіяналізму да самадзейнасці.

— А цяпер ёсць такая тэндэнцыя?

— На жаль, ёсць, і гэта самае для мяне страшнае. Але давайце не будзем пра сумнае.

— Ці адчуваеце вы творчую канкурэнцыю? І калі так, дык з кім?

— Найперш я сам сабе канкурэнт, і вельмі жорсткі — бо ніколі не раблю абы-як. Стаўлюся да сябе заўсёды вельмі патрабавальна, і палёгкі не дапускаю нават у дробязях. Бо разумею, што важна не толькі трымаць дасягнутую планку, але і пастаянна яе павышаць, развівацца. Мяркуючы па водгуках публікі, нам гэта ўдаецца.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА