Лезгінка з мадуляцыяй у польку

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Сольны вечар у Вялікай зале Палаца Рэспублікі — сапраўднае выпрабаванне для кожнага артыста. Тарыел Майсурадзэ вытрымаў яго “на ўсе сто”, выступіўшы з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.

 /i/content/pi/cult/165/1496/Lezginka.jpg
Праграма невыпадкова называлася “Усе
дарогі вядуць у Мінск”: яна прысвячалася гораду, які больш як за два дзесяцігоддзі стаў для артыста родным. І для многіх яго сяброў таксама! У канцэрце разам з Тато (як называюць Тарыела калегі і блізкія) выступілі “беларускія грузіны”, паддаўшы пары нацыянальным шматгалоссем (вядома, без аркестра), “беларускія армяне” Іскуі Абалян, Сцяпан Аруцюнян (апошні граў на сваім нацыянальным інструменце — дудуку), “беларуская азербайджанка” Гюнеш, “беларуская расіянка”, салістка нашай Нацыянальнай оперы Алена Шведава, “беларуская беларуска” Іна Афанасьева. Прычым госці з’яўляліся не дзеля таго, каб даць магчымасць віноўніку ўрачыстасці адпачыць. Якраз наадварот! Усе яны падрыхтавалі для канцэрта дуэты з Тарыелам, расквеціўшы праграму новымі для сябе іміджам і стылістыкай.
Змяніў імідж і сам Тато — не знешні, а ўнутраны. Але гэта была не наўмысная “маскіроўка”, накіраваная на парушэнне ўласнага “я”, а, наадварот, — жаданне заставацца самім сабой. У параўнанні з яго альбомам “Гэта ўсё каханне маё” мы пачулі не проста “белага ды пухнатага” лірыка-філосафа, а напорыстага, заваднога, імпульсіўнага рамантыка, гэткага “гладыятара”, пачуцці якога калі і “схаваны пад забралам”, як спяваецца ў яго песні, усё роўна здольны расплавіць любы метал. Іншымі словамі, на сцэне мы ўбачылі такога Тарыела, які ён ёсць насамрэч. Гранічная ступень шчырасці прасочвалася і ў рэпертуары: словы яго песень піша звычайна жонка, знаходзячы незвычайныя вобразы, нечаканыя рыфмы. Асабліва ўразіла прэм’ера песні, прысвечанай маці: без апошняга прыпеву, яна знікала ў паветры, бы апошняя вестачка ад сына, які замест дзіцячых гульняў у вайну ўбачыў яе сапраўдны твар…
Што ж да тэатральнасці, дык сольнік напоўніцу выявіў артыстычныя здольнасці спевака, добра рэалізаваныя апошнім часам у разнастайных конкурсных тэлепраектах і шматлікіх кінаролях (праўда, пакуль толькі другога плана, але трэба спадзявацца і на галоўныя, бо таленту на іх у Тарыела хопіць). А тое, як ён праспяваў дуэт з “Прывіду оперы” Уэбера, канчаткова пераканала: прывід рок-оперы і мюзікла (у тым ліку і на беларускай мове, якая ямудаецца куды лепей, чым англійская) павінны стаць для гэтага артыста рэальнасцю.
Стоячы зала вітала народнага артыста СССР, кампазітара Ігара Лучанка, які прыйшоў павіншаваць спевака не толькі ад сябе асабіста, але і ад Міністэрства абароны краіны і яе ваенна-шэфскай камісіі, якую ўзначальвае. “Гэта вечар дружбы: Грузія — Беларусь”, — сказаў Ігар Міхайлавіч у сваім прывітальным слове. І сапраўды: лезгінка, якую спяваў і нават танчыў Тато, сімвалічна заканчвалася “мадуляцыяй” у знакаміты лучанкоўскі хіт — “Польку беларускую”.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Ігар Лучанок
віншуе
Тарыела Майсурадзэ.
Фота Юрыя ІВАНОВА