Элегантна, лаканічна, тонка…

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

На каго цяпер арыентуюцца айчынныя сцэнографы? У першую чаргу — на мастакоў тэатра лялек. Моду дыктуе візуалацэнтрызм, і на сённяшні момант у плане візуальнага вырашэння айчынны тэатр лялек наперадзе ўсіх.

/i/content/pi/cult/679/14959/_MG_7084_opt.jpegКсенія ДУБОЎСКАЯ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

Чаму ён атрымаў агульнаеўрапейскае прызнанне? Па-першае, акцёрскае існаванне ў тэатры лялек першапачаткова адрозніваецца ад існавання ў драматычным тэатры. За больш зразумелым тлумачэннем занурымся ў гісторыю. Першая школа акцёрскага майстэрства ўзнікла ў эпоху класіцызму. На той час гэта быў сапраўдны прарыў у развіцці тэатральнага мастацтва. Аднак наступныя некалькі стагоддзяў творцы змагаліся з наслаеннямі класіцызму: яны хацелі дабіцца большай праўдападобнасці. Тэатр прагнуў натуральнасці сцэнічнага дзеяння. Мо прыводжу грубае параўнанне, але, па маім адчуванні, цяпер адбываюцца падобныя працэсы з сістэмай псіхалагічнага тэатра. Так, з’яўленне асноў псіхалагізму ў акцёрскай гульні сталася велічэзным прарывам, сур’ёзным падмуркам, і ўсё ж, баюся, мы яшчэ шмат часу будзем выдаткоўваць, каб пераадолець залішнія наслаенні гэтага ўнёску. Досвед захаваць трэба, але неабходна браць новыя цагліны і будаваць тэатральную прастору далей. Сучасны тэатр прыйшоў да высновы, што чым менш ігры, тым лепш. Сёння глядач чакае ад выканаўцы размовы на роўных.

І гэта можа прапанаваць тэатр лялек, які першапачаткова ўзводзіўся крыху на іншым падмурку. Мастакі тэатра лялек назапасілі агромністы арсенал візуальных сродкаў, які патроху запазычваюць іншыя тэатральныя кірункі. Невыпадкова мы ўсё часцей карыстаемся тэрмінам “тэатр аб’екта”: дзеянне, у якім можа выкарыстоўвацца нават не ўласна лялька, а шмат-шмат розных аб’ектаў. І мастакі тэатра лялек добра ведаюць, як з усім гэтым працаваць. Сцэнографам драматычных тэатраў многія з гэтых прыёмаў першапачаткова неўласцівыя. У беларускім рэчышчы можна назваць нямала выключэнняў: заварожваюць работы Алены Ігрушы ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і не толькі, уражваюць пастаноўкі Андрэя Жыгура ў Тэатры імя Якуба Коласа (а яшчэ — ён мастак цікавага site-specific праекта Anti[gone], што ладзіцца ў сталічным музеі-майстэрні Заіра Азгура і нашумелага спектакля “Опіум”), натхняюць Юлія Карымава, Валянціна Праўдзіна, Таццяна Дзівакова. Аднак многія іншыя мастакі драмы, на жаль, спыніліся на адлюстраванні месца дзеяння. Так, там прысутнічае метафара, часта нядрэнная, але…

Беларусь займела цэлую плеяду гучных імён мастакоў тэатра лялек! Таццяна Нерсісян і Людміла Скітовіч маюць свой адметны почырк і сумесна з рэжысёрскай ідэяй чыняць нешта неверагоднае. Аляксандр Вахрамееў неаднойчы зачароўваў сваімі рашэннямі: з ходу назаву “Чайку” ў пастаноўцы Аляксея Ляляўскага і “Гамлета” ў рэжысуры Ігара Казакова. З новага пакалення цікава было назіраць за пошукамі Вольгі Шчарбінскай: яна рабіла сцэнаграфію да спектакля “Гедла Габлер” рэжысёра Наталлі Слашчовай у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек.

За што яшчэ можна сказаць тэатру лялек “дзякуй”, дык гэта за развянчанне памылковай думкі, нібы сцэнаграфія да дзіцячага рэпертуару абавязкова павінна ззяць усімі колерамі вясёлкі. Некаторыя тэатры невядома чаму ўпэўнены, што пастаноўка для маленькіх павінна нагадваць канфеці. У фарбах калі і адступяцца ад кіслотных колераў, дык не шкадуюць самых сакавітых: спалучэнне сіняга і жоўтага, аранжавы і — абавязкова — чырвоны. Чамусьці яны забываюцца на тонкасць візуальнага рашэння. Лепшыя мастакі тэатра лялек прапануюць іншыя правілы: яны ствараюць для малечы гісторыі ў стыльным, акуратным атачэнні. Элегантна, лаканічна, тонка, без клоўнскіх замашак — вось арыенціры сцэнографа, які разумее, што дзіця — гэта таксама чалавек.

Занатавала Настасся ПАНКРАТАВА